Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адбылося шэсьце ў памяць Кастуся Каліноўскага


Здымкі Алеся Адамковіча
Здымкі Алеся Адамковіча
22 сакавіка 1864 году ў Вільні загінуў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. Сёньня ў Вільні памяць змагара ўшанавалі шэсьцем у цэнтры гораду.

Акцыя ў памяць Кастуся Каліноўскага ў Вільні да ўгодкаў сьмерці героя праводзіцца чацьверты раз, як адзначылі арганізатары.

Удзельнікі, як гэта ужо сталася традыцыяй, сабраліся каля крыжа змагарам за свабоду Літвы, што стаіць над мэмарыяльнай плітой паўстанцам 1863-1864 гадоў, побач з касьцёлам Сьвятога Якуба на Лукіскім плошчы.

Гэты крыж ў Вільні называюць “крыжам Каліноўскога”.



Сёлета шэсьце ў памяць Каліноўскага ладзіла Таварыства беларускай культуры (ТБК) у Літве і яго лідэры нагадалі пра нядаўнія клопаты аб крыжы, які мог зьнікнуць пасьля рэканструкцыі Лукішак. Кіраўнік ТБК у Літве Хведар Нюнька сказаў ў часе свайго выступу:

“Пакуль папярэдне мы атрымалі згоду ўладаў на захаваньне памятнага крыжа, але трэба не забываць, што ўлады зьмяняюцца, і законы зьмяняюцца, беларусы павінны мець гэта на ўвазе, ні ў якім разе не ўпусьціць, праз некалькі гадоў гэтае змаганьне ізноў будзе актуальным. Жыве Беларусь!”


Сымбалі, за якія за якія можна б было аддаць жыцьцё


На шэсьце сабралася каля 20 удзельнікаў з розных краін і розных нацыянальнасьцяў, пераважна беларуская моладзь. Моладзевы актывіст Франак Вячорка адмыслова прыехаў у Вільню, каб ушанаваць памяць Кастуся Каліноўскага:

“Многія цяпер кажуць усё часьцей, што, маўляў, ня трэба нам былі гэтыя паўстаньні, ні 1830–31 гадоў, ні 1863–64–х, што яны толькі адкінулі жыцьцё людзей ўніз, зрабілі яго горш, але я катэгарычна ня згодны, таму што ў тых паўстаньнях нараджалася сьвядомасьць, усьведамленьне сябе беларусамі, народам, нацыяй, і сёньня нам не хапае Каліноўскага, сёньня нам не хапае Касьцюшкі, сёньня нам не хапае сымбаляў, вобразаў, за якія можна б было аддаць жыцьцё.

Безумоўна, адна–дзьве асобы зьмены ў краіне не зробяць, але павінен быць знак, сымбаль, які павядзе нацыю да перамогі”.

Старшыня літоўскага Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс далучыўся да шэсьця і патлумачыў: “Беларускія рэаліі сёньня паказваюць, што неабходна прыгадаць выдатныя прыклады беларускай гісторыі для натхненьня ў сёньняшняй дзейнасьці. Бо акурат сёньня столькі справаў, дзе вельмі патрэбная беларуская грамадзянская актыўнасьць”.


Віленскі шлях Каліноўскага


Ад “крыжа Каліноўскага”, як называюць яго ў Вільні, шлях прайшоў да месца шыбеніцы (каля будынку суда пры Лукіскай плошчы, там цяпер знаходзіцца сымбалічны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў), і далей па праспэкце Гедыміна да Замкавай гары, дзе Каліноўскі быў пахаваны, -- так, як везьлі цела героя ужо пасьля сьмерці. Актывістка грамадзкай арганізацыі “Віленскі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча” Людвіка Кардзіс нагадала і пра іншы шлях героя – якім ён ішоў жывы ў апошнія гадзіны жыцьця, пра ягоныя думкі ў Дамініканскіх мурох у зьняволеньні перад сьмерцю.

Людвіка Кардзіс сказала: “Мы ўзыходзілі на Замкавую гару, а я думала і пра Дамініканы... Я вось увесь час думала, пра што ж былі думкі такога маладога чалавека, калі ён ішоў у свой апошні шлях, ведаў, што гэта ягоныя апошнія крокі. Мы тут узгадвалі ягоныя словы, – наколькі ж моцны ён быў, і гэтая моц цяпер можа даць сілы і нам сёньня. Напэўна, гэтыя пачуцьці і зьбіраюць беларусаў разам, каб адзначыць гэты сумны для нас дзень. Але ж у гэтым дні і радасьць, і надзея, бо мы памятаем пра Кастуся Каліноўскага і памяць дае нам сілы верыць у сьветлую будучыню нашай краіны”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG