Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка паедзе на канферэнцыю ў Кіеў, дзе яго ня хоча бачыць Барозу


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у мерапрыемствах да 25-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якія пройдуць у красавіку ў Кіеве, паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павел Лёгкі.

Паводле яго слоў, цяпер вядзецца падрыхтоўка візыту кіраўніка дзяржавы ва Ўкраіну.

20—22 красавіка ў Кіеве пройдзе саміт па пытаньнях бясьпекі і інавацыйнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі і міжнародная канфэрэнцыя "25 гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бясьпека будучыні".

Раней Лёгкі пацьвердзіў БелаПАН інфармацыю аб тым, што запрашэньне ўзяць у іх удзел было атрымана на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускага кіраўніка запрасіў у Кіеў асабіста прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч падчас сустрэчы на саміце АБСЭ ў Астане.

Пры гэтым, паводле Лёгкага, беларускі бок "зусім не цікавяць умовы", на якіх згодны ўзяць удзел у канфэрэнцыі кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу.

Раней украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Эўракамісіі ў Брусэлі паведаміла, што адзіная ўмова ўдзелу ў канфэрэнцыі, якую вылучае Барозу, — адсутнасьць на мерапрыемстве прэзыдэнта Беларусі. "Гэта галоўная ўмова", — сказаў прадстаўнік Эўракамісіі, адзначыўшы, што афіцыйны Кіеў пакуль не паведамляў, ці плянуецца ўдзел Лукашэнкі ў канфэрэнцыі.

У той жа час на афіцыйным сайце Міністэрства надзвычайных сытуацый Украіны, якое выступае адным з арганізатараў мерапрыемства, разьмешчаны праект праграмы правядзеньня канфэрэнцыі. Згодна зь ім, з прывітальным словам на форуме павінны выступіць прэзыдэнты Ўкраіны, Беларусі і Расеі Віктар Януковіч, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў, а таксама генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ёрн Ягланд, кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу, генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана.

Як паведаміў журналістам 17 сакавіка кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Левачкін, Расея і Беларусь будуць прадстаўленыя прэм'ер-міністрамі.

18 сакавіка прадстаўніца прэс-службы кіраўніка Эўракамісіі Леанор Рыбэйра да Сылва паведаміла БелаПАН, што Барозу возьме ўдзел у канфэрэнцыі. "Барозу ўжо пацьвердзіў свой удзел у канфэрэнцыі", — адзначыла яна.

"Што да іншых удзельнікаў, то Ўкраіна як бок, што прымае, зьяўляецца адказнай за рассыланьне запрашэньняў. І ўкраінскія ўлады цудоўна ведаюць аб тым, якая пазыцыя ў Эўразьвяза адносна Беларусі", — заявіла да Сылва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG