Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярнуць гітару Сімбірову КДБ ня можа, бо загружаны працай


Ігар Сімбіроў

Ігар Сімбіроў

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ня ў стане вярнуць актывісту грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” з Асіповічаў Ігару Сімбірову яго асабістыя рэчы -- гітару, нэтбук і прыватныя дзёньнікі. Пра гэта супрацоўнікі КДБ паведамілі ў адказе на скаргу актывіста.

Зь ліста вынікае, што сьледчая ўправа папярэдніх расьсьледаваньняў менскай міліцыі, якая распачала крымінальную справу аб падзеях 19 сьнежня, выконвае вялікі аб’ём сьледчых дзеяньняў і вярнуць рэчы на патрабаваньне актывіста кампаніі “Гавары праўду” ня можа.

“Мяне супакоілі, што паведамяць пра рашэньне адносна маёй маёмасьці. Якое дачыненьне да масавых беспарадкаў мае мая гітара і дзёньнікі з чарнавікамі маіх песень я зразумець не магу. Ну ладна нэтбук, я б пачакаў, але там толькі запісы з маіх канцэртаў – больш нічога. Відаць яны спрабуюць адшукаць у дзёньніках нейкую крамолу, каб мяне зачапіць, бо ведаюць, што я актыўна працаваў у штабе Някляева. У гэтай управе папярэдніх расьсьледаваньняў мяне дапытвалі два разы і сьледчы казаў, што яго задача мяне са сьведкі па справе перакваліфікаваць у падазраванага”, - паведаміў Сімбіроў.

Рэчы, якія патрабуе вярнуць Ігар Сімбіроў, забралі з кватэры, якую ён здымаў у Менску. Падчас ператрусу ён не прысутнічаў, бо адбываў адміністрацыйны арышт у жодзінскай турме. Зьвярнуцца ў КДБ са скаргай ён вырашыў пасьля бясплённых спробах дамагчыся ад менскай міліцыі вяртаньня сваёй маёмасьці.

19 скаваіка Ігар Сімбіроў знаходзіўся ў калёне прыхільнікаў Уладзмера Някляева, на якіх напалі супрацоўнікі спэцслужбаў.

Сімбірова затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня. У Жодзіне ён адседзеў 15 сутак.
XS
SM
MD
LG