Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы не шкадуем, што 19-га сьнежня былі на Плошчы…”


19 cьнежня, Плошча Незалежнасьці

19 cьнежня, Плошча Незалежнасьці

Удзельнікі Плошчы з Гарадзеншчыны, ўзгадваючы падзеі 19 сьнежня, кажуць, што думаюць пра іх часьцей і часьцей, і вельмі хочацца хутчэй наблізіць зьмены ў грамадзтве.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, які за ўдзел у падзеях на Плошчы адседзеў 13 сутак, адказваючы на пытаньне – ці не шкадуе ён, што браў удзел у тых падзеях, кажа, што шкадуе толькі пра тое, што ў камэрах надалей знаходзяцца палітвязьні, ягоныя сябры і паплечнікі.

Ён лічыць, што 19 сьнежня беларускае грамадзтва на Плошчы зрабіла крок наперад, да Свабоды. Што найболей узгадваецца з тых падзеяў?

Юры Істомін
Істомін: “Больш чамусьці ўзгадваюцца зьверствы з боку праваахоўных структураў. Я ня першы раз удзельнічаю ў такога кшталту акцыях, неаднойчы быў 25 скавіка ў Менску, але такой брутальнасьці, нянавісьці да свайго народу, людзей, можа нават братоў, суседзяў з боку міліцыянтаў…, на жаль, гэта найбольш запомнілася”.

Актывіст са Слоніму Барыс Кучынскі, які таксама адседзеў за кратамі, кажа, што не шкадуе. Кучынскі кажа, што зрабіў пэўныя высновы.

Кучынскі: “Калі трэба, я зраблю гэта яшчэ раз, але наступны раз будзем рабіць і думаць, што робім, а ня проста так абы выйсьці…”.

Яшчэ адзін слонімскі актывіст, Іван Бедка, распавядае, што найбольш яму ўзгадваюцца зьдзекі ў турме, усё ж лічыць, што гэта была значная падзея для краіны і для народа.
Абсалютна не шкадую, таму што мы ўнесьлі ўклад у тое, каб у Беларусі зьмянілася нешта ...

Бедка: “Абсалютна не шкадую, таму што мы ўнесьлі ўклад у тое, каб у Беларусі зьмянілася нешта, каб выконваўся закон, а калі б мы не былі на Плошчы - ўсё было б зусім інакш”.

Што суразмоўцы думаюць пра палітычныя рэпрэсіях, якія хваля якіх распачалася тры месяцы таму?

Істомін: “Гэта ганьба Беларусі, гэта ганьба ўсяго народа. Увесь сьвет нас ведае толькі з-за таго, што ў нас ёсьць Лукашэнка і ёсьць палітычныя рэпрэсіі”.

Кучынскі: “Стаўлюся да гэтага вельмі адмоўна, ды ня проста адмоўна, мяне гэта абурае. Абураюць паводзіны людзей, што яны апусьцілі галовы, баяцца: ой, не… Я кажу, то што вы хочаце, каб проста так скласьці голаву не дажыўшы да 60 гадоў. А мне кажуць: не, мы лепей паціху… Вось у чым справа”.
XS
SM
MD
LG