Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд арыштаваў «Фольксваген» Анатоля Лябедзькі


Аўтамабіль старшыні АГП Анатоля Лябедзькі арыштаваны за няплату штрафаў. Навошта вязень «амэрыканкі» Андрэй Пратасеня просіць даведку пра тое, што займаўся дабрачыннасьцю? Сваякі Алеся Атрошчанкава мяркуюць, што ён напісаў заяву аб пераводзе ў калёнію зь СІЗА КДБ, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі.

18 сакавіка сваякі Анатоля Лябедзькі атрымалі з суду паведамленьне, што накладзены арышт на аўтамабіль Анатоля. Падстава тая, што спадар Лябедзька нібыта не сплаціў паўтара мільёна рублёў штрафу, якім ён быў пакараны яшчэ летась. Між тым жонка палітыка Сьвятлана Лябедзька ведае, што штраф быў выплачаны — яна сама аплачвала апошнюю частку.

«У канцы году, калі Анатоль ужо быў арыштаваны, я пайшла і сплаціла апошнюю частку. Ня думала, што трэба гэтыя квітанцыі кудысьці адносіць, бо памятаю, калі Анатоль плаціў летась у траўні, то яму сказалі, што ў базе дадзеных назапашваецца гэтая інфармацыя. І вось сёньня нам заказным лістом прыйшло паведамленьне з Цэнтральнага суду. Маўляў, таму што штраф ня цалкам выплачаны, ягоны аўтамабіль падпадае пад арышт».
Адказваю, каб патэлефанавала ў СІЗА КДБ і спытала, чаму яны там трымаюць яго цягам 3 месяцаў і чаму яго не выпускаюць, каб прынёс квітанцыі.


Ці вырашыцца пытаньне станоўча, у сям’і Лябедзькаў пакуль ня ведаюць. З судовым выканаўцам Сьвятлана Лябедзька дамовілася, што вышле факсам квітанцыі пра стлату штрафу. І ўсё ж жанчыну абурае пазыцыя чыноўніцы:

«Сам факт беспрэцэдэнтны. Судовы выканаўца пытаецца ў мяне, чаму ён не прынёс квітанцыі. Адказваю, каб патэлефанавала ў СІЗА КДБ і спытала, чаму яны там трымаюць яго цягам 3 месяцаў і чаму яго не выпускаюць, каб прынёс квітанцыі».


З 9 лютага ў «амэрыканцы» трымаюць 28-гадовага менскага праграміста Андрэя Пратасеню — яго таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Брат вязьня Аляксандар паведаміў: той прасіў знайсьці пэўныя зьвесткі пра яго, якія, магчыма, спатрэбяцца на судзе:

«Ён прасіў знайсьці зьвесткі, якія б пацьвердзілі, што ён займаўся дабрачыннасьцю. Відаць, гэта яму спатрэбілася для характарыстыкі на суд. Такім чынам, ён не выключае, што суд будзе, і рыхтуецца да яго».


Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, які ўжо асуджаны на 4 гады зьняволеньня за ўдзел у падзеях на Плошчы, перадала яму сёньня перадачу ў СІЗА КДБ.

«Сёньня ён яшчэ быў у КДБ. Дакладна, бо перадачу ў мяне прынялі. Яшчэ ў Сашы 22 сакавіка ўгодкі — 30 гадоў. Тыя, хто жадае, могуць яго павіншаваць з гэтым першым сапраўдным юбілеем».

Дар’я Корсак мяркуе, што яе муж напісаў заяву, каб яго перавялі з турмы КДБ у калёнію, не чакаючы разгляду касацыйнай скаргі на прысуд. «Там умовы такія, што ён вельмі хацеў бы хутчэй адтуль перавесьціся», — кажа жонка палітвязьня Алеся Атрошчанкава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG