Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

19 сакавіка — шэсьць гадоў малітваў за вяртаньне касьцёла сьвятога Язэпа


Касьцёл Сьвятога Язэпа

Касьцёл Сьвятога Язэпа

19 сакавіка каталіцкі касьцёл адзначае Дзень сьвятога Язэпа — абраньніка найсьвяцейшай Панны Марыі. З нагоды сьвята каля касьцёла маладыя вернікі правядуць дзьве малітоўныя імпрэзы. У Дзень сьвятога Язэпа 19 сакавіка таксама спаўняецца шэсьць гадоў малітвы за вяртаньне касьцёла вернікам, якая штодня адбываецца на прыступках храму.

За вяртаньне касьцёла сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў менскія каталікі пачалі змагацца 6 гадоў таму — 19 сакавіка 2005 году. Усе гэтыя гады яны штовечар прыходзяць да касьцёла, каб памаліцца на прыступках будынка. Цягам першых акцыяў да людзей прыходзілі чыноўнікі гарадзкой адміністрацыі з абяцаньнмі вырашыць праблему. Аднак і па сёньня ніякіх канкрэтных крокаў з боку ўлады няма. Але вернікі здавацца не зьбіраюцца, кажа адна з актыўных удзельніцаў малітваў Ганна Сіўчык:

«Так, людзі настроены змагацца далей. Ведаю, што людзі посьцяць раз на тыдзень у гэтай інтэнцыі, а таксама моляцца. Бо Бог — вышэй за ўсё, вышэй за ўсялякую сьвецкую ўладу. Таму спадзяёмся на яго міласэрнасьць і яго дапамогу. Верым, што пераможам у гэтым змаганьні зь яго дапамогай».

У кляштары бэрнардынцаў.
З дазволу гарадзкіх уладаў Менску кляштарныя будынкі зараз перабудоўваюцца ў гатэльна-забаўляльны комплекс.Тут будзе гатэль, рэстарацыя, забаўляльны цэнтар і падземныя гаражы.

Спыніць перабудову храму пад забаўляльны комплекс ад Міністэрства культуры патрабуюць ня толькі вернікі, але і грамадзкія арганізацыі, у тым ліку грамадзкі камітэт «Духоўнае сэрца Менску». Чальцы гэтага камітэту сваёй задачай лічаць абарону архітэктурнай, духоўнай спадчыны сталіцы. Пра гэтую працу, а таксама пляны сьвяточнага дня паведамляе прадстаўніца камітэту Ірына Губская:

«Каля касьцёла сьвятога Язэпа адбудуцца дзьве малітоўныя акцыі — менавіта малітоўныя, а не грамадзкія. Таксама два месяцы таму мы накіравалі заявы ва ўсе дзяржаўныя структуры і зь некаторых адтрымалі адказы, якія пярэчаць адзін другому. Відавочна, што ўлады ня хочуць аддаваць сьвятыню. Але мы не перастанем змагацца, бо лічым, што касьцёл павінны належыць вернікам і няма аргумэнтаў чаму там павінны быць гатэль».

Пазыцыю каталіцкай царквы па пытаньні вяратньня касьцёла сьвятога Язэпа і кляштара бэрдардынцаў выказаў мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Кандрусевіч раней казаў, што зьвяртаўся да ўладаў з просьбай спыніць разбурэньне храму.

Ня маюць намеру спыняць змаганьне за гісторыка-культурную і духоўную спадчыну і актывісты стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.

Адзін зь лідэраў партыі Віталь Рымашэўскі: «Не зважаючы на тое, што найпершай задачай для нас ёсьць вызваленьне палітвязьняў, у тым ліку аднаго зь лідэраў нашай партыі Паўла Севярынца, — усё будзе накіраванае на тое, каб яго падтрымаць, каб падрыхтавацца да судоў, — але і касьцёл сьвятога Язэпа, яго абарона для БХД будзе адной з прыярытэтных задач на бліжэйшы час».

Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі (зьлева) на адной з малітоўных акцый ля касьцёла сьвятога Язэпа.

Касьцёл сьвятога Язэпа і кляштар ордэна бэрнардынцаў у Менску быў заснаваны ў XVII стагодзьдзі. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавала пачатковая школа, школа філязофіі, бібліятэка на паўтары тысячы тамоў. У 1863 годзе манахі-бэрнардынцы падтрымалі паўстаньне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасьля задушэньня паўстаньня на загад Мураўёва-вешальніка ўсе манахі былі гвалтоўна выселены ў Магілёў, а кляштар зачынены. У касьцёле некаторы час была праваслаўная царква, а ў 1872 годзе ён быў перабудаваны пад архіў. У нашыя дні тут месьціцца архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі, а таксама архіў літаратуры й мастацтва Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG