Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мудрасьць прафэсіяналаў супраць мудрасьці натоўпу – хто мае рацыю?


Першае пытаньне рубрыкі:


Ці адбудзецца на працягу бліжэйшага месяца рэзкая, да 20% і больш, дэвальвацыя беларускага рубля?

Адказваюць экспэрты:


Станіслаў Багданкевіч
, экс-старшыня Нацыянальнага банку: Я думаю, што такі крок трэба было б рабіць з улікам сытуацыі ў эканомікі. Але я думаю, што зыходзячы з ідэалягічных і палітычных меркаваньняў, цяперашнія ўлады ня пойдуць на гэтую акцыю на працягу месца. Толькі што казалі, што ў нас эканоміка разьвіваецца бліскуча, высокія тэмпы – правядзеньне дэвальвацыі было б прызнаньнем неэфэктыўнасьці той эканамічнай мадэлі, паводле якой разьвіваецца Беларусь. Я мяркую, што ўлады ня пойдуць на дэвальвацыю, хаця наяўнасьць такога вялікага зьнешнегандлёвага дэфіцыту і неадпаведнасьць рублёвай грашовай масы таварнай масе патрабуе правядзеньня шэрагу рэформаў, у тым ліку і дэвальвацыі.

Сяргей Жбанаў
, эканамічны аглядальнік “Белгазеты”: У нас у бліжэйшыя месяцы ня будзе ніякай дэвальвацыі, бо на гэты конт было адназначна заяўлена кіраўніцтвам Нацбанку. Калі гэтыя словы знойдуць падмацаваньне ў выглядзе крэдытнага пагадненьня, якое, скажам, празь месяц–два будзе заключанае з Расеяй ці з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС (але гэта агаворка па Фрэйду, бо ў фондзе і грошы расейскія і рашэньні прымае Расея), тады Беларусь атрымае неабходную валютную падтрымку. І на час пагроза дэвальвацыі адступіць. Але калі лічыць паводле канонаў эканамічнай навукі, то калі мы падзелім грашовую масу М1 на памер валютных рэзэрваў (я такія падлікі рабіў), то курс сёньня павінен быць 3272 рубля за даляр. Вось наколькі пераацэнены курс беларускага рубля. Але ў кароткатэрміновым пэрыядзе, парадку месяца, ніякай дэвальвацыі ня будзе.

Леанід Злотнікаў
, эканаміст: Напэўна не. На працягу 3-5 месяцаў больш верагодна. Яшчэ на пару месяцаў хапае рэзэрваў, каб пратрымацца. Там такі разьлік – кожны месяц трэба выкідаць каля мільярда даляраў (крыху больш), каб вытрымліваць балянс. Рэзэрву засталося прыблізна 4 мільярды. Зьнешніх паступленьняў чакаць цяжка. Будзе нарастаць напружанасьць. У красавіку-чэрвені будзе больш вострая сытуацыя. Мой прагноз умоўны -- калі не атрымаем вялікіх крэдытаў ад Расеі, якія можна будзе яшчэ праядаць паўгода.

Адказвае Камароўка:


Спадар: " Я думаю, што нешта такое якраз і адбудзецца. Бо мытныя плацяжы ў нас зараз вельмі моцна вырасьлі – на 25% на шэраг тавараў.".

Спадар: "Я ня ведаю. У нашай краіне ўвогуле цяжка нешта казаць. Бо ў нас усё не празрыста – мы нічога ня ведаем".

Спадарыня: " Год таму таксама ажыятаж быў, а даляр як быў, так і застаўся і нічога не зьмянілася. Думаю, што і зараз адбудзецца гэтак жа".

Спадар: "Як я чуў па радыё, дык сёлета нічога такога не прадбачыцца – гэта было афіцыйнае паведамленьне Нацыянальнага банку. Што абвалу ніякага ня будзе. Я гэтаму веру".

Спадар: " Улады ня пойдуць на рэзкую дэвальвацыю – яна будзе паступовая. Бо рэзкая дэвальвацыя створыць поўны недавер насельніцтва да банкаўскай сыстэмы. Людзі пойдуць забіраць уклады і банкаўская сыстэма гэтага ня вытрымае".

Спадар: "Я думаю, што гэтага ня будзе – нешта ж падобнае здавалася і год таму. Акрамя таго, я з гэтай прычыны не хвалююся, бо я – працоўны чалавек, я будаўнік. А няхай хвалююцца няхай тыя, хто сядзіць у кабінэтах на дзяржаўным гарбу".

Спадар: "Я думаю, што абвалу ня здарыцца. Такое ж адбывалася і год таму – скуплялі, скуплялі даляры, а нічога не зьмянілася".

Спадар: "Я думаю, што будзе абвал. Паводле сродкаў масавай інфармацыі, а я сачу за прэсай, усе кажуць, што дэвальвацыю будзе".

Спадарыня: "Наш урад – яны касьцямі лягуць, але зараз гэтага ня зробяць. Гэта спэцыфіка нашага ўрада, бо ўся нашая эканоміка – ня рыначная. Усё, што ў нас робіцца – яно адбываецца так, што адзін чалавек у нас загадаў, а астатнія выканалі, хоць гэта нават і ня слушна было.".

Спадарыня: : "Практыка паказвае, што ў нашай краіне магчыма ўсё".

(няпэўныя адказы былі разьмеркаваны пароўну паміж + і –)

Ці адбудзецца на працягу бліжэйшага месяца рэзкая, да 20% і больш, дэвальвацыя беларускага рубля?

Прагноз экспэртаў:


Так – 0

Не – 3

Прагноз Камароўкі


Так 3

Не – 7

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG