Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы тлумачыў журналістам, чаму ў Беларусі хутка растуць цэны на харчаваньне, а многія прадукты ўласнай вытворчасьці няякасныя. Ён таксама абяцаў, што праз чатыры гады Беларусь уласнымі сіламі забясьпечыць свае патрэбы што да бульбы, садавіны і гародніны.

Напярэдадні пасяўной кампаніі Міхаіл Русы паведаміў пра пляны сельгасвытворцаў сабраць увосень 9,9 мільёна тон зерня, 7,5 мільёна тон бульбы, мільён тон гародніны. Сёлетні ажыятаж на грэчку скарэктаваў і пляны яе вырошчваньня: сёлета грэчкі будзе пасеяна на 3 тысячы га больш, чым летась. Скаргі спажыўцоў на цэны, а таксама на якасьць бульбы Міхаіл Русы пракамэнтаваў гэтак:

«Мы пастаўляем сваю прадукцыю, асабліва што тычыцца малака і іншых сацыяльна значных прадуктаў, паводле фіксаваных цэнаў. На гэтую прадукцыю нацэнка ня больш за 10%, а на астатнюю — свабодная. Таму пытаньні трэба задаваць гандлю. Што тычыцца бульбы, то тая бульба, якую мы нарыхтавалі па 980 рублёў — такая і пастаўляецца. А тое, што завозіцца — і капуста нават з Кітаю завозіцца — гэтага ж нельга спыніць. Павінна быць супрацьвага і нашай, каб была і танная, і якасная».

Міхаіл Русы таксама папракнуў у інэртнасьці і безыніцыятыўнасьці айчынных фэрмэраў ды вяскоўцаў:

«Кожнаму чалавеку сёньня трэба задаць пытаньне: так, дзяржава для народа, але і народ для дзяржавы што зрабіў? Трэба спытаць кожнага: а чаму не зарабіў сёньня? Калі ласка, вырошчвай капусту, бульбу, трэба малако даіць. Ня хочаш у калектыве — калі ласка, трымай дзьве-тры каровы, зарабляй тут. Ёсьць такая магчымасьць, дзяржава дала магчымасьць зарабіць».

Як паведаміў Міхаіл Русы, зараз сельская гаспадарка Беларусі мае дадатнае сальда зьнешняга гандлю памерам 4 мільярды рублёў і плянуе дасягнуць 7 мільярдаў, а затым паступова выйсьці на адно зь першых месцаў у экспарце прадукцыі. Гэтыя пляны камэнтуе выпускнік Магілёўскай сельгасакадэміі і былы дырэктар саўгасу, палітык Рыгор Кастусёў:

Мы можам толькі на пастаўках зерня апынуцца на ўзроўні краін, якія пастаўляюць энэргарэсурсы.
«Магчымасьці ў сельскай гаспадаркі аграмадныя: на аднаго чалавека ў краіне прыходзіцца больш за 60 сотак зямлі, а гэта вельмі вялікі паказчык. Пры эфэктыўным выкарыстаньні зямлі мы можам толькі на пастаўках зерня апынуцца на ўзроўні краін, якія пастаўляюць энэргарэсурсы. Што тычыцца эфэктыўнай працы на зямлі, то, на жаль, нашыя людзі эфэктыўна працаваць на зямлі ня могуць. Для гэтага ўлада не стварыла належныя ўмовы. Першае — гэта адсутнасьць магчымасьці на цьвёрдых умовах атрымаць ва ўласнасьць зямлю. Другое — гэта праблема, пра якую ня кажа ні міністар Русы, ні іншыя кіраўнікі: гэта падрыхтоўка кадраў. Тыя даяркі і мэханізатары, якія працуюць на зямлі, маюць вельмі нізкую кваліфікацыю. Трактарыста вучаць круціць баранку, і яму ўсё роўна, што вырасьце на гэтай зямлі».

Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі, на пачатак сельгаскампаніі 2011 году аграпрамысловы комплекс краіны забясьпечаны мэханізатарамі на 89%. Астатнія 11% мяркуецца запоўніць працаўнікамі прамысловых прадпрыемстваў і выпускнікамі ПТВ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG