Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ў нас няма стратэгіі, то гэта пустое месца, а не дэмакратычная супольнасьць"


19–20 сакавіка ў Менску мелася адбыцца канфэрэнцыя «Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні». Але адміністрацыя Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру, дзе меркавалася правесьці канфэрэнцыю, у апошні момант адмовіла ў памяшканьні. Прычына адмовы — быццам бы адзін з заснавальнікаў Цэнтру, Менгарвыканкам, забараніў даваць пляцоўку дэмакратычным сілам. Сёньня аргкамітэт імпрэзы зладзіў прэсавую канфэрэнцыю, на якой розныя палітычныя лідэры і прадстаўнікі трэцяга сэктару заявілі пра гатоўнасьць аб’яднацца і выпрацаваць агульную стратэгію.

Цягам мінулага тыдня прапановы наконт стратэгіі абмяркоўваліся на розных круглых сталах ды іншых дыскусійных пляцоўках. Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў тлумачыць:

«У краіне няма інстытуцыяў нацыянальнай згоды і нацыянальнага дыялёгу. І мы як грамадзянская супольнасьць ня можам удзельнічаць у вырашэньні надзённых, самых галоўных праблем, якія стаяць перад краінай. Гэтая сытуацыя абсурдная і недапушчальная. І стратэгія якраз і накіраваная на аднаўленьне інстытуцыяў нацыянальнай згоды і дыялёгу ў краіне».

Сустаршыня Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Улад Вялічка зьвяртае ўвагу на прыцягненьне да справы шырэйшых колаў грамадзкасьці:

«Нам хацелася б гэта рабіць, у адрозьненьне ад папярэдніх пэрыядаў, з удзелам экспэртнай супольнасьці, якая, напэўна, мае свае ацэнкі, свае прапановы, а таксама з удзелам палітычных суб’ектаў, чыя думка нам таксама надзвычай цікавая».

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху «За свабоду», заўважае, што многія скептыкі кажуць: маўляў, зараз ня плянамі і стратэгіямі трэба займацца, а вызваленьнем палітзьняволеных, іншымі праблемамі. На яго думку…

«Самы час. Так, палітзьняволеныя — на першым месцы. Так, будзем змагацца за іх вызваленьне. Гэта наш маральны абавязак. Але калі ў нас няма стратэгіі, то гэта пустое месца, а не дэмакратычная супольнасьць. Я заклікаю ўсіх, і сябе таксама ў тым ліку, паступіцца пэўнымі сваімі амбіцыямі, знайсьці спосаб аб’яднаньня, на самых агульных прынцыпах, але знайсьці і стаць сілай у грамадзтве».

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас заўважыў, што калі дэмсілы шукаюць нейкую ісьціну, гэта падмяняецца барацьбой за палітычны капітал: ніхто ня хоча саступаць лідэрства. Гэта прадэманстравалі і апошнія выбары, калі было 9 кандыдатаў ад дэмсіл. Усе быццам бы за кансалідацыю на словах:
Трэба разумець, што ніколі нас не паклічуць на сур’ёзны дыялёг, калі мы ня будзем прадстаўляць скансалідаваную сур’ёзную сілу.

«Можна, канечне, абмяркоўваць пэрспэктыву дыялёгу, што мы скажам, калі нас паклічуць на гэты дыялёг. Але трэба разумець, што ніколі нас не паклічуць на сур’ёзны дыялёг, калі мы ня будзем прадстаўляць скансалідаваную сур’ёзную сілу».

Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў лічыць, што патрэбна кансалідацыя і менавіта адзіная стратэгія:

«Трэба разумець: дзьве стратэгіі дэмакратычнага грамадзтва азначаюць адсутнасьць стратэгіі. Калі мы зноўку рухаемся рознымі калёнамі, гэта азначае, што мы рушым у нікуды. Таму задача — сфармаваць адзіную стратэгію. Сёньня няма адзінага палітычнага лідэра. Прычым пакуль за кратамі ці пад хатнім арыштам асноўныя палітычныя лідэры, мы ня можам казаць пра пэрсанальнае палітычнае лідэрства. Мы можам толькі дакладна выпрацоўваць адзіны плян дзеяньняў. Сапраўды, нам не хапае дыялёгу паміж суб’ектамі, не хапае дыялёгу ў цэлым у краіне».

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр руху «За свабоду», падсумаваў:

«Неабходна такая стратэгія. Прычым тут прынцыпова вось што: ня проста стратэгія для групы палітычных партыяў. Я падкрэсьліваю гэта. Вялікі палітычны шанец і патрэба вялікая, каб гэта быў скансалідаваны цэнтар і палітычных сілаў, і грамадзкіх сілаў, і экспэртнай супольнасьці. І вось да гэтага трэба імкнуцца».

На канфэрэнцыі, якую арганізатары ўсё ж такі спадзяюцца правесьці на пачатку красавіка, гэтая стратэгія і павінна абмяркоўвацца і прымацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG