Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назваліся газавікамі, аказалася — «кадэбісты»


Грамадзкіх актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў КДБ, каб выведаць пра мінулыя і будучыя апазыцыйныя акцыі. Здараюцца выпадкі, калі спэцслужбы завабліваюць людзей на допыты хітрыкамі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Кадэбісты назваліся газавікамі

У пятніцу ва ўправу КДБ на Гомельшчыне быў выкліканы моладзевы актывіст Іван Марозька. Хлопца завабілі хітрасьцю.

«Яны патэлефанавалі а 10-й гадзіне й запрасілі на гутарку. Я адказаў, каб мне прыслалі позву. Празь некаторы час нехта пазваніў у дзьверы. На маё пытаньне „Хто там?“ адказалі: „Мы — газавікі, спэцыялісты экстранай службы“. Я адчыніў дзьверы — і яны ўручылі мне позву. У позьве было напісана, што мяне запрашаюць у КДБ на апытаньне».

Ніякіх іншых тлумачэньняў, напрыклад, зь якой нагоды запрашаюць, «газавікі» не далі.

Спадар Іван пракансультаваўся з праваабаронцамі «Вясны», наколькі такая позва адпавядае заканадаўству — і пайшоў:

«Я лічу, што не парушаў ніякіх там законаў, таму й не баюся іхніх апытаньняў».

13 сакавіка моладзевыя актывісты Гомеля, у ліку якіх быў і Іван, правялі флэш-моб у зьвязку з адменай канцэрту папулярнага рок-гурту «Ляпіс Трубяцкі», заплянаванага на гэты дзень у лёгкаатлетычным манэжы «Дынама».
Я лічу, што не парушаў ніякіх там законаў, таму й не баюся іхніх апытаньняў.


Раней гарадзкі цэнтар культуры прадаў на гэты канцэрт звыш 1300 квіткоў, але яго ўсё адно адмянілі. Моладзь адрэагавала на гэта флэш-мобам «Засьпяваем „Ляпіса“ разам». Яны выйшлі да Цэнтральнага рынку й сталі сьпяваць песьню гурту «Грай», а таксама «Тры чарапахі» Лявона Вольскага.

Аднак зьявіліся спэцназаўцы й пачалі разганяць імпрэзу. Перад гэтым яны затрымалі зь відэакамэрай сябра БАЖ Алега Ражкова. Даставілі яго ў Цэнтральны райаддзел міліцыі і ўжо там забралі нібыта для праверкі на сапраўднасьць пасьведчаньне ГА «БАЖ», а таксама і карту Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.

Як вынікае, цяпер флэш-мобам на забарону канцэрту «Ляпіса» — прынамсі, адным са сьпевакоў — зацікавілася ўправа КДБ.

Іван кажа, што яго ні ў чым не вінавацілі. Пыталіся пра тое, чым займаецца, ці ведае пра флэш-моб.

«Я нават ня ведаю, як гэта назваць. Мне сказалі, што гэта ня допыт, а проста фармальнае апытаньне. Такая ў іх праца».

Іван Марозька лічыць, што ў Беларусі цяпер насамрэч існуюць «чорныя сьпісы» зь пералікам дзеячаў нацыянальнай культуры, літаратуры й мастацтва, якіх забаронена згадваць у афіцыйных СМІ.

Гомель, дзе мела месца гэтая забарона, атрымаў сёлета ганаровы статус так званай «культурнай сталіцы Беларусі».

«Вядома, гэта дзіка, гэта вельмі дрэнна. А галоўны ідэоляг Праляскоўскі кажа, што „чорныя сьпісы“ — нібыта прыдумкі апазыцыі».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Адзін журналіст — у турме, другі — на допыце

У Бабруйску мясцовае аддзяленьне КДБ цікавіцца ня толькі актывістамі апазыцыі, але й журналістамі недзяржаўных выданьняў. Апошні з дапытаных — супрацоўнік тыднёвіка «Бабруйскі кур’ер» Андрэй Шобін.

Выклікалі журналіста ў КДБ позвай. Безь яе ён адмаўляўся ісьці на допыт да опэрупаўнаважанага Мікіты Белянчэнкі. У КДБ Андрэй Шобін прабыў тры з паловай гадзіны.

«Выклікалі мяне, каб даведацца пра маё магчымае супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». А таксама цікавіліся маім супрацоўніцтвам з газэтай «Бабруйскі кур’ер».

Як сьцьвярджае журналіст, пратаколу камітэтчык ня вёў. Чаму?

«Ён адказаў, што гэта прафіляктычная размова. Ён прапанаваў мне напрыканцы падпісаць паперу, якой мяне папярэджвалі, што мне пагражае ў выпадку супрацоўніцтва зь не зарэгістраванымі ў Беларусі замежнымі СМІ».

Выклік Андрэя Шобіна ў КДБ рэдактар «Бабруйскага кур’ера» Анатоль Санаценка расцэньвае як ціск і на выданьне. Ён заяўляе, што яго супрацоўніка падманам зацягнулі на допыт:

Андрэй Шобін быў выкліканы як сьведка, а высьветлілася, што ягоны статус — ня сьведкі, а суразмоўцы.
«Андрэй Шобін быў выкліканы як сьведка, а высьветлілася, што ягоны статус — ня сьведкі, а суразмоўцы. Тут і запалохваньне, і незаконная прапрацоўка незалежнага СМІ з боку дзяржаўнага органа, які павінен займацца дзяржаўнай бясьпекай, а не віжаваньнем і ціскам на незалежных журналістаў».

Тым часам у турме КДБ знаходзіцца супрацоўнік «Бабруйскага кур’ера», дзевятнаццацігадовы Яўген Васьковіч. Тэрмін яго зьняволеньня мае скончыцца празь дзесяць дзён. Васьковіча вінавацяць у злосным хуліганстве. Маці хлопца Рушаньня Іванаўна кажа, што Яўген у лістах паведамляе, што сьледзтва завяршаецца:

«Ужо, напэўна, хутка суд будзе, аднак пакуль нічога невядома — калі й што. А там усё будзе ад судзьдзі залежаць», — сказала маці Яўгена Васьковіча.

У сюжэце па беларускім тэлебачаньні, прысьвечаным анархістам, Яўген Васьковіч прызнаўся ў падпале дзьвярэй мясцовага КДБ. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Бабруйскія дэмакраты зьвярнуліся да праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», каб тая ўзяла пад кантроль справу Васьковіча. Апазыцыянэры дапускаюць, што хлопца вымусілі прызнацца ў злачынстве, якога ён не зьдзяйсьняў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Да надпісу «Луку на муку» суд вернецца яшчэ раз

Суд па адміністрацыйнай справе студэнткі Гарадзенскага мэдунівэрсытэту Кацярыны Герасімчык перанесены на наступную сераду. Дзяўчыну вінавацяць у нанясеньні на пастамэнт помніка Леніну надпісу «Луку на муку». Кацярына папрасіла ў судзьдзі, каб ёй далі яшчэ раз азнаёміцца са складзеным на яе пратаколам.

На судзе ў пятніцу супраць Кацярыны Герасімчык сьведчылі двое міліцыянтаў, якія і затрымалі яе разам зь сяброўкай Вольгай Багданкевіч побач з помнікам Леніну, на пастамэнце якога быў зроблены надпіс «Луку на муку».

Адзін зь іх, Эдуард Багдановіч, сьцьвярджаў, што з будынка гарвыканкаму бачыў, як спачатку дзяўчаты падыходзілі да слупоў і клеілі там налепкі, а потым, маўляў, падымаліся на пастамэнт побач з помнікам Леніну і некалькі сэкундаў там нешта рабілі.

Таго, што менавіта дзяўчаты наносілі надпіс, міліцыянт ня бачыў, але паколькі яны там стаялі, то ён зрабіў выснову і ўпэўнена сьведчыў, што гэта зрабілі менавіта яны. Ён нават спрабаваў давесьці, што пры затрыманьні Кацярына гэтага не адмаўляла.

Другі супрацоўнік міліцыі, Сяргей Рышкель, паказаў у судзе, што ня можа засьведчыць, што менавіта дзяўчаты рабілі надпіс, але, маўляў, калі ён з калегам падышоў да помніка, то адчуў сьвежы пах фарбы.

Кацярына Герасімчык у судзе засьведчыла, што нязгодная з абвінавачаньнем. Яна не прызнала сваю віну, а папрасіла яшчэ раз азнаёміцца з пратаколам. У гэты момант судзьдзя Натальля Козел абвясьціла перапынак да серады.

Герасімчык: «Сьведчаньні міліцыянтаў не адпавядаюць таму, што было на самой справе, бо падчас затрыманьня я не казала, што прызнаю сваю віну, і гэтага, дарэчы, няма ў пратаколе. Другі міліцыянт наагул сумняваўся ў тым, ці я нешта малявала. Ён чэсна прызнаўся, што ня ўпэўнены, што гэта я напісала на помніку».

У судзе прысутнічаў праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, у якога я пацікавіўся — навошта, на яго думку, было пераносіць працэс, калі справа была ўжо відавочна разгледжаная.

Хільмановіч: «Як звычайна здараецца ў такіх палітызаваных працэсах — вынік вызначаецца загадзя. Адзінае — відаць, патрэбны час, і, магчыма, судзьдзя не хацела гэтага рабіць у прысутнасьці журналістаў, а магчыма, зьверху яшчэ папросту не даведзена рашэньне. Па сутнасьці, у судзе не прагучала нейкіх доказаў віны Кацярыны Герасімчык, але якое будзе рашэньне — пабачым».

Кацярыну Герасімчык, студэнтку Гарадзенскага мэдунівэрсытэту, затрымалі ноччу з 11 на 12 лютага ў цэнтры Горадні побач з помнікам Леніну, на пастамэнце якога быў зроблены надпіс «Луку на муку».

Дзяўчаты мелі пры сабе налепкі «Малады фронт» і раздрукоўкі з надпісамі «Свабоду Кіркевічу!», «Свабоду Няклееву!», «Свабоду Фядуту!». Такія налепкі былі расклееныя ў цэнтры Горадні.

За гэта днямі Адміністрацыйная камісія пастанавіла пакараць дзяўчат штрафамі ў памеры 10 мінімальных заробкаў кожную, нягледзячы на тое, што ніхто не засьпеў іх за тым, як яны клеілі гэтыя налепкі.

Кацярына Герасімчык на прыступках суду Ленінскага раёну Горадні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG