Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сабраў журналістаў-аднадумцаў


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі шэрагу расейскіх друкаваных і электронных мэдыяў. У Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся галоўныя рэдактары больш чым дзясятка газэт, часопісаў і радыёстанцый. Пераважна гэта былі асобы, вядомыя сваёй сымпатыяй да беларускага лідэра.

На сустрэчу з Лукашэнкам прыехалі рэдактары радыёстанцыі «Русская служба новостей», газэт «Правда», «Завтра», «Ведомости», «Литературной газеты», часопісаў «Наш современник», «Российская Федерация сегодня», «Сельская жизнь», а таксама рэгіянальных выданьняў — «Санкт-Петербургских ведомостей», «Смоленской газеты», «Калининградской правды».

Колішні беларускі карэспандэнт радыёстанцыі «Голос России» Яўген Агурцоў, якому напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады Беларусі не прадоўжылі акрэдытацыю, зьвяртае ўвагу на склад гасьцей Лукашэнкі. Абсалютная бальшыня не хавае сваіх сымпатыяў на адрас беларускага лідэра, і ўжо адпачатку можна было гаварыць пра адзінства іхніх пазыцый:

Няўжо тут ёсьць штосьці дзіўнае? Па-мойму, апошнія 10 гадоў адбываецца адно і тое ж.
«Няўжо тут ёсьць штосьці дзіўнае? Па-мойму, апошнія 10 гадоў адбываецца адно і тое ж. Зь дзіўнай паўтаральнасьцю, падобнымі тварамі і аднолькавымі вынікамі. Вы ж бачыце, што ў Беларусі розных меркаваньняў ня можа быць паводле вызначэньня, таму і запрашаюць тых, хто будзе „падтакваць“. Мы жывём нават не ў Расеі, дзе ўсё ж існуюць розныя бізнэсы, розныя эліты. Ужо з гэтага журналісты працуюць на розныя групы і могуць асьвятляць падзеі па-рознаму. Дарэчы, ёсьць і незалежныя, якія разбагацелі і могуць гаварыць усё, што ім падабаецца. І яны абароненыя. Што тычыцца нас, то самі ведаеце: мы гаварыць можам пра жыцьцё ў Беларусі альбо добра, альбо ніяк. А калі скажаш праўду — ну, значыць, ня будзеш акрэдытаваны… І тое, што расейскага праваабаронцу Юрова дэпартавалі — гэта, зноў жа, знак. Гэтаксама, як у свой час і Андрэя Суздальцава. Абставіны вельмі падобныя».

Зьвяртаючыся да журналістаў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што хоча бачыць «больш аб’ектыўнасьці» ад расейскіх СМІ, калі яны падаюць інфармацыю пра Беларусь, пра беларуска-расейскія адносіны:

«Сытуацыя ў СМІ складаецца спэцыфічная, калі не сказаць больш. І нам вельмі хацелася б, каб вы данесьлі аб’ектыўна да расейцаў тое, што існуе ва ўзаемаадносінах паміж нашымі дзяржавамі. Я вельмі ўважліва, ды, напэўна, у нас у Беларусі усе вельмі пільна адсочваюць тое, што адбываецца ў мэдыйнай прасторы Расейскай Фэдэрацыі. І для мяне — я гэта аб’ектыўна кажу — важна, каб сёньняшняя размова аб’ектыўна была разьмешчаная на старонках вашых газэт. Для мяне гэта надзвычай важна перадусім з гледзішча данясеньня праўдзівай інфармацыі пра жыцьцё нашай рэспублікі — вашай Беларусі».

Што насамрэч адбываецца ў стасунках паміж Менскам Масквой, ня могуць зразумець нават спрактыкаваныя аналітыкі. Аглядальнік газэты «Московский комсомолец» Аляксандар Мінкін згадвае, што практычна ўвесь мінулы год і расейскія СМІ, і Крэмль літаральна зьмешвалі беларускае кіраўніцтва з брудам, вінавацячы пэрсанальна Лукашэнку ў выкраданьні палітычных апанэнтаў, у паразытаваньні на расейскіх энэргарэсурсах і г.д. Шмат каму падалося, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Масква нават гатовая паставіць на кагосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў. Аднак днямі Лукашэнка зноў, як і раней, будаваў маштабныя пляны з кіраўніком расейскага ўраду:

Я ўжо ўвогуле не разумею, што там адбываецца і што насамрэч Крэмль у вас робіць.
«Я ўжо ўвогуле не разумею, што там адбываецца і што насамрэч Крэмль у вас робіць. Можа, ён нешта робіць адкрыта, а больш, як падаецца, „падкавёрна“. Але, натуральна, ня можа быць, каб зусім нічога не рабіў — напэўна, пад дываном нешта варушыцца. На чыю карысьць зараз зацікаўленыя асобы гуляюць — зразумець цяжка. Гэта ж не адкрытыя грамадзтвы, каб можна было рабіць нейкія высновы. Быў час, што адкрыта гулялі супраць Лукашэнкі. Гуляюць яны цяпер на Лукашэнку альбо таемна гуляюць на якога-небудзь праціўніка Лукашэнкі, колькі каштуе іхны ўдзел на чыімсьці баку — пытаньні збольшага закулісныя. І нават ня скажаш, што гэта брудная палітыка. Звычайная, я б нават сказаў, ванітоўная».

Сёньня Лукашэнка пашкадаваў, што ня мае такога рычага інфармацыйнага ўзьдзеяньня на расейцаў, які мае Расея праз свае тэлеканалы ў Беларусі. У прыватнасьці, ён з жалем канстатаваў, што калі ў Беларусі трансьлююцца ўсе асноўныя расейскія праграмы, то адзіны спадарожнікавы канал «Беларусь-ТВ» трапляе ў Расею са скрыпам. Прыкладам, Масква за арганізацыю паказу папрасіла 25 мільёнаў даляраў, а таксама выставіла шэраг іншых умоваў. З рэгіёнамі, зазначыў Лукашэнка, прасьцей: там ультыматумаў ніхто не выстаўляе, і людзі маюць магчымасьць глядзець навінныя перадачы зь Беларусі, бачаць пункт гледжаньня, альтэрнатыўны таму, які прапагандуецца на каналах расейскага тэлебачаньня.

Тым часам дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня расейскага каналу «ТВ-Центр» Уладзімер Какашвілі нагадвае: расейскія каналы ў Беларусі некалькі апошніх гадоў цэнзуруюцца. Выразаюцца цэлыя сюжэты, якія ня ўпісваюцца ў ідэалягічныя каноны беларускай дзяржавы. А «ТВ-Центр» пасьля канфлікту зь Міністэрствам інфармацыі і ўвогуле быў адлучаны ад беларускага кабэльнага тэлеэфіру:

«Было так, што два месяцы вялося вяшчаньне ў эфіры бяз нашай згоды. Гэта праўда. Проста ўзялі і паставілі ў эфір, хоць ніякай дамовы мы не падпісвалі. Тады Міністэрства пачало выкручваць рукі, прымусілі „Космас“ нам не плаціць — тут ужо якраз насуперак падпісанай дамове. Менскім тэлевізійным інфармацыйным сеткам (МТІС) яны аддалі нас праз СТВ, таму МТІС вяшчаў, зноў жа, без дамовы. І толькі пасьля таго як да нас пачалі паступаць прэтэнзіі ад праваўладальнікаў, СТВ усё ж прыслухалася да голасу розуму, выключыла. Але празь некалькі дзён нас адключылі спачатку ў кабэлях Менску, а неўзабаве — і па ўсёй краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG