Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія: Інтэрвэнцыя ЗША ў бліжэйшыя дні?


17 сакавіка ў Кангрэсе ЗША адбыўся брыфінг за зачыненымі дзьвярыма для ўсіх сэнатараў, на якім некалькі прадстаўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта Барака Абамы і высокіх афіцэраў арміі ЗША гаварылі аб магчымасьці і плянах амэрыканскай вайсковай інтэрвэнцыі ў Лібіі.

Паводле часопіса Foreign Policy, пасьля гэтай сустрэчы сэнатары пераканаліся, што Абама хоча пачаць вайсковую апэрацыю супраць сілаў Муамара Кадафі ў бліжэйшыя дні, і што гэтая апэрацыя будзе мець на мэце ўсталяваньне ня толькі зоны, вольнай ад палётаў, але і зоны, вольнай ад перамяшчэньня іншых транспартных і ваенных сродкаў Кадафі.

Сэнатар Грэм
– Выглядае, што арабскія краіны гатовыя ўдзельнічаць у гэтай спробе ўвесьці зону без палётаў і без паездак – сказаў журналістам сэнатар Ліндсэй Грэм (рэспубліканец, Паўднёвая Каралайна). – Я даведаўся, што яшчэ ня позна, што апазыцыйныя сілы знаходзяцца ў аблозе, але яны трымаюцца, і што пры своечасовай інтэрвэнцыі ды ўвядзеньні зоны без палётаў і зоны без перамяшчэньня сухапутных сродкаў мы можам павярнуць хаду падзеяў.
Сэнатар Кэрк

Сэнатар Марк Кэрк (рэспубліканец, Ілінойс) сказаў журналістам, што амэрыканская апэрацыя супраць Кадафі будзе весьціся з Сіганэлі на Сыцыліі, дзе знаходзіцца вайсковая база НАТО і база ваенна-паветраных сілаў ЗША:

– Выглядае, што адміністрацыя запусьціла справу ў рух, і адзінае пытаньне, якое цяпер застаецца, гэта пытаньне часу – сказаў Кэрк. – Шмат залежыць ад паўстанцаў, прынамсі ад таго, ці ўтрымаюць яны Бэнгазі. Калі ўтрымаюць, дык міжнародная палітычная сыстэма будзе мець час на адказ. Але калі яны хутка здадуцца, дык часу ня будзе.

Грэм і Кэрк заявілі журналістам, што яны поўнасьцю падтрымліваюць гэты новы курс Абамы адносна Лібіі.

Сэнатар Лугар (справа)
Затое сэнатар Рычард Лугар (рэспубліканец, Індыяна) заявіў перад брыфінгам 17 сакавіка, што вайсковая інтэрвэнцыя ЗША ў Лібіі патрабуе фармальнага аб’яўленьня вайны Кангрэсам ЗША. Лугар выступае супраць вайсковага ўмяшаньня ЗША ў Лібіі, бо лічыць, што краіна фінансава ня можа гэтага дазволіць. Ён таксама патрабуе ад Абамы публічнага тлумачэньня, чаму атака на Лібію зьяўляецца нацыянальным інтарэсам ЗША.

Выступаючы ў гэты самы дзень перад сэнацкім Камітэтам па пытаньнях узброеных сілаў, шэф штабу ваенна-паветраных сілаў ЗША Нортан Суорц сказаў, што ў Лібіі немагчыма ўвесьці зону без палётаў на працягу некалькіх дзён. Гэтае заданьне, дадаў Суорц, будзе патрабаваць больш за тыдзень. Паводле Суорца, само ўвядзеньне гэткай зоны не стрымае Кадафі. Суорц не выключае, што дзеля эфэктыўнасьці вайсковай апэрацыі ў Лібіі амэрыканцам спатрэбіцца перамяшчэньне некаторых сілаў і сродкаў з Аўганістану і Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG