Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН прагаласавала за ўвядзеньне ў паветранай прасторы Лібіі вольнай ад палётаў зоны. У тэксьце рэзалюцыі аб Лібіі, падрыхтаваным Францыяй і Вялікай Брытаніяй, адзначаецца, што дапускаюцца "ўсе неабходныя захады" для абароны лібійскіх грамадзянаў ад удараў авіяцыі Муамара Кадафі.

Камэнтуючы сытуацыю вакол Лібіі, палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што міжволі напрошваюцца паралелі зь Беларусьсю і толькі лянівы палітоляг іх не праводзіў:

"Гэта галоўны ўрок і для кіроўных вярхоў Беларусі, бо хто-ніхто там любіць казыраць, што калі што, дык і войска мы тут ужывем, калі будуць масавыя забурэньні. Дык вось Кадафі ўжыў войска і, мусіць, ён лічыў, што гэта яго ўнутраная справа. Але сусьветная супольнасьць, хоць яна і вагалася, канечне, асабліва асьцярожная Эўропа, якой ня хочацца ўлазіць у калатнечу, але па вялікім рахунку ўсё ж такі зроблены выбар на карысьць каштоўнасьцяў, прынцыпаў. Гэта азначае: калі гаворка ідзе пра такое брутальнае перакрэсьліваньне правоў чалавека, пра зьдзек са свайго народу, то ніякія межы не абароняць дыктатара. І гэта галоўны ўрок зь лібійскіх падзеяў для ўсіх "крутых", аўтарытарных кіраўнікоў".


Палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што ніякіх аналёгіяў зь Беларусьсю не праглядаецца.

"Тут яшчэ, дзякуй Богу, не забіваюць, тым больш у такіх маштабах. Таму такія параўнаньні не падыходзяць ніякім чынам. Што тычыцца самой Лібіі, то я лічу, што гэта абсалютна правільная мера. Магчыма, яе трэба было прымаць раней, бо калі кіраўніцтва краіны забівае сваіх людзей з выкарыстаньнем цяжкай вайсковай тэхнікі, гэта ў 21-м стагодзьдзі недапушчальна".

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пракамэнтаваў рашэньне Рады бясьпекі ААН па Лібіі:

"Беларусь разглядае Раду бясьпекі ААН як цэнтральны элемэнт глябальнай сыстэмы бясьпекі. Мы лічым яе рашэньні абавязковымі для ўсіх краін-сябраў ААН. У гэтай сувязі Беларусь, натуральна, будзе строга кіравацца ўсімі палажэньнямі рэзалюцыі па Лібіі. Зусім відавочна, што рэзалюцыя Рады бясьпекі мае на мэце дээскаляцыю канфлікту і абарону мірнага насельніцтва. Мы разьлічваем, што любыя дзеяньні краін-сябраў ААН будуць адпавядаць гэтай галоўнай мэце".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG