Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Вільні пішуць Чэславу Мілашу і пра яго

  • Тацяна Поклад

Да стогадовага юбілею нобэлеўскага ляўрэата Чэслава Мілаша 10 літаратараў Эўропы напісалі лісты аўтару славутай кнігі “Родная Эўропа”. Сёньня ў Вільні свае лісты Мілашу прачытаюць беларускі і літоўскі літаратары Ігар Бабкоў і Данатас Пятрошус, а ў чацьвер ўвечары віленскія аўтары і навукоўцы прадставілі трохмоўнае літоўска-беларуска-польскае выданьне “Чаляднік часу”, прысьвечанае Чэславу Мілашу.

Грамадзкі праект “Лісты да Мілаша” адбываецца ў гарадах, якія былі этапамі падарожжаў Чэслава Мілаша па Эўропе – гэта Ляйпцыг, Вільня, Цюрых, Парыж. Праект “Лісты Мілашу” распачалі ў Празе 16 сакавіка чэская пісьменьніца Пэтра Гулава і кіраўнік беларускай службы “Радыё Свабода”, пісьменьнік і публіцыст Аляксандар Лукашук. Сёньня ў Вільні ў Польскім інстытуце, што месьціцца на вуліцы Вялікай непадалёк ад Віленскай ратушы, свае лісты да Мілаша прачытаюць беларускі пісьменьнік і перакладчык Ігар Бабкоў і літоўскі эсэіст Данатас Пятрошус.

“Выспа талеранцыі”

А напярэдадні, увечары 17 сакавіка, у віленскім Доме-музэі Венцлавы адбылася дыскусія і другая прэзэнтацыя выдадзенай ў Літве кнігі “Чаляднік часу” (у рамках праекту да 100-годзьдзя Чэслава Мілаша “Выспа талеранцыі”), прысьвечанай набэлісту, які называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага.

У кнігі 18 аўтараў – па 6 з трох краінаў, эсэ кожнага перакладзена на іншыя мовы, так што ўся кніга трохмоўная – літоўская, беларуская і польская.

“Лад мысьленьня фармуюць ня кнігі і ня іх таўшчыня, але наратывы, – інтэрпрэтацыі, выкладаньне, ідэі. Так вось гэтая кніга якраз і ёсьць тым, што стварае такі наратыў”, – адзначыў вядомы літоўскі гісторык Альфрэдас Бумблаўскас у часе дыскусіі “Апошні грамадзянін ВКЛ і сёньняшні час”.

Чаляднік часу

Чэслаў Мілаш – сваяк літоўскага паэта і дыплямата Оскара Мілаша, які нарадзіўся ў беларускай Чарэі і пісаў па-француску. Чэслаў называў сябе чаляднікам Оскара, працягваў яго ідэі, верыў, што зьяўляецца апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага і ствараў масты мастацкага слова паміж народамі, культурамі, дзяржавамі.

Кніга “Чаляднік часу” – гэта збор тэкстаў пра Чэслава і Оскара Мілашаў. У ліку беларускіх аўтараў – Алесь Чобат, Сяргей Харэўскі, Дзьмітры Плакс. У кнізе ёсьць і эсэ асабістай сакратаркі Чэслава Мілаша Агнешкі Касінскай, ягонага сябра паэта Томаса Венцлавы, прафэсаркі Вікторыі Даўяціце-Пакярэне.

Адзін з аўтараў выданьня, літоўскі пісьменьнік і літаратуразнаўца, які таксама ведаў Чэслава Мілаша, Вітаўтас Марцінкус ня верыць, што сёньня Мілаша разумеюць:

“Мы ня можам яго цалкам зразумець, і гэта цудоўна, таму што гэта заахвочвае нас самастойна думаць. Мы б ня мелі што рабіць, каб было усё да рэшты зразумела і патлумачана і такім чынам закрыта. А менавіта гэтая адкрытасьць такая чароўная сваёй незавершанасьцю, тым, што не дагаворана, і тым, што пакідае месца і для нашага ўдзелу і, значыць, будзе мець яшчэ працяг”, – кажа Вітаўтас Марцінкус. Праявай такой адкрытасьці спадчыны Чэслава Мілаша і сталіся шматлікія праекты з нагоды юбілею, дзякуючы якім зьявіліся новыя творы.


Грамадзкі праект “Лісты да Мілаша” быў распачаты шэрагам культурных і асьветніцкіх асяродкаў, у іх ліку — Міжнародная сетка літаратурных цэнтраў “Halma”, Эўрапейскі культурны фонд. Гэты праект – працяг асэнсаваньня ўзаемадачыненьняў Эўропы, які сам Мілаш запачаткаваў у сваёй вядомай кнізе “Родная Эўропа” (Rodzinna Europa). Выдадзеная ўпершыню ў Парыжы ў 1958 годзе супольнасьцю антыкамуністычнай эміграцыі і перакладзеная амаль на ўсе эўрапейскія мовы, кніга расказвае пра “ўсходняга эўрапейца”. Народжаны ў Літве польскі шляхціц, які перажыў яшчэ рэвалюцыю ў Расеі, доўгі час жыў у Парыжы і ЗША, памёр у Кракаве, які яму нагадваў Вільню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG