Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паветраныя ўдары па Лібіі нанясуць неўзабаве


Рада бясьпекі ААН прагаласавала за ўвядзеньне ў паветранай прасторы Лібіі вольнай ад палётаў зоны.

У падтрымку дакумэнту выказаліся 10 сяброў Рады, пяць – Бразылія, Індыя, Нямеччына, Расея, Кітай – устрымаліся. Аднак пры гэтым яны ня выкарысталі свайго права вэта як сталыя сябры Рады бясьпекі.

У тэксьце рэзалюцыі аб Лібіі, падрыхтаваным Францыяй і Вялікай Брытаніяй, адзначаецца, што дапускаюцца “ўсе неабходныя захады” для абароны грамадзянаў Лібіі ад удараў авіяцыі Муамара Кадафі.

Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Ўільям Гэйг вітаў прыняцьце рэзалюцыі ААН па Лібіі і падкрэсьліў, што яна скіраваная на спыненьне праліцьця крыві ў гэтай краіне:
Прадугледжана выкарыстаньне ўсіх неабходных захадаў для абароны цывільнага насельніцтва і жылых раёнаў...


“Гэтая рэзалюцыя заклікае да неадкладнага спыненьня агню, гвалту, да захадаў, якія перашкодзяць прыбыцьцю ў Лібію наймітаў, да ўвядзеньня больш жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Кадафі. Дакумэнт таксама дае дазвол на стварэньне “беспалётнай зоны” над Лібіяй. Таксама прадугледжана выкарыстаньне ўсіх неабходных захадаў для абароны цывільнага насельніцтва і жылых раёнаў, улучна з Бэнгазі, якім улады пагражаюць у найбліжэйшыя гадзіны і дні”.

Аднак рэзалюцыя не дазваляе адправіць у Лібію замежных наземных войскаў. Нямеччына заявіла, што ня возьме ўдзелу ў вайсковым умяшаньні ў Лібіі, бо лічыць яго занадта рызыкоўным.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўжо заклікаў лідэраў Вялікай Брытаніі і Францыі Дэйвіда Кэмэрана і Нікаля Сарказі абмеркаваць захады для рэалізацыі рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН. У заяве Белага дому гаворыцца, што ўсе тры лідэры лічаць неабходным неадкладнае выкананьне рэзалюцыі і спыненьне гвалту супраць цывільнага насельніцтва з боку рэжыму Муамара Кадафі.

У чацьвер лібійскае камандаваньне папярэдзіла, што ў выпадку замежнага ваеннага ўмяшаньня аддасьць загад атакаваць вайсковыя і грамадзянскія аб’екты ў раёне Міжземнага мора.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG