Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіла накіраваць абедзьве справы "Аўтарадыё" на новы разгляд. То бок абодва судовыя рашэньні ад 9 сакавіка -- аб прызнаньні папярэджаньня, вынесенага Міністэрствам інфармацыі Аўтарадыё несапраўдным, і рашэньня Рэспубліканскай камісіі па радыёвяшчаньні Мінінфаріу аб спыненьні вяшчаньня незаконным – скасаваныя.

Міністэрства інфармацыі праз дзень пасьля перамогі "Аўтарадыё" у Вышэйшым гаспадарчым судзе па двух сваіх пазовах, ужо 11 сакавіка падало касацыйныя скаргі.

17 сакавіка прадметам абмеркаваньня ў касацыйнай калегіі зноў стала фраза з перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы"за якую і было вынесена Міністэрствам інфармацыі папярэджаньне "Аўтарадыё". Гэту фразу Мінінфарм палічыў заклікам да экстрэмісцкай дзейнасьці. Абодва бакі фактычна паўтарылі свае пазыцыі, агучаныя цягам трох ранейшых судовых паседжаньняў. Літаральна праз паўгадзіны калегія ў складзе трох судзьдзяў – Тацяны Праташчык, Алены Каравай і Натальлі Сарнацкай – вынесла свой вэрдыкт:

"Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіла: рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду ад 9 сакавіка па справе 2.7.11 адмяніць. Справу накіраваць на новы разгляд у гаспадарчы суд першай інстанцыі ў іншым складзе суду".

Другая справа тычылася парушэньня Аўтарадыё так званай заяўленай творчай канцэпцыі, за што, уласна кажучы, быў і выключаны перадатчык. Прэтэнзіі Мінінфарму былі такія: ня выконваліся дакладна працэнтныя суадносіны навінаў, рэклямы, музыкі, публіцыстычных, культурна-асьветніцкіх праграм. У канцэпцыі, да прыкладу, закладзена 86,3% музыкі да агульнага аб'ёму вяшчаньня, а ў навагоднія сьвяты музыкі гучала на 0,8% больш (87,5%). Рэклямы ў канцэпцыі заяўлена 2%, а прагучала 2,3%. Вось за гэтыя дзясятыя долі працэнта і паплацілася Аўтарадыё. Такім чынам, рашэньне суду першай інстанцыі па другому пазову таксама адменена, і справа накіраваная на новы разгляд.

Гендырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан пасьля абвешчаньня абодвух вэрдыктаў выказаў такое меркаваньне:

"А гэта як шахматная дошка: ёсьць клеткі чорныя, ёсьць клеткі белыя... Выбачайце, гэта ў мяне ўжо амаль гістэрычны сьмех. Я наагул тут заўважыў гендэрнае пытаньне: у першым паседжаньні быў адзін мужчына, а сёньня – тры жанчыны, і ўсё ж такі тры жанчыны перамаглі"

Карэспандэнтка: "А калі сур'ёзна, наперадзе новыя разгляды. Ці ёсьць у вас спадзеў на зьмены?"


"Ну, калі ўжо было белае, потым чорнае, па статыстыцы, наступны раз зноў павінна быць белае. Потым зноў на касацыю, зноў чорнае".

Карэспандэнтка: "І гэта можа расьцягнуцца на даволі доўгі час?"


"Так, першы працэс доўжыўся два месяцы. Ня ведаю, колькі будзе цягнуцца новы".

На юрыдычнай мове накіраваньне справы на новы разгляд ня лічыцца паразай. Але пакуль будзе ісьці перагляд справы, Аўтарадыё вымушана маўчаць у эфіры.
XS
SM
MD
LG