Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыю Дароніну выставілі стандарнае абвінавачаньне па падзеях 19 сьнежня. Арыштаваны Андрэй Пратасеня не рабіў на Плошчы нічога незаконнага, кажуць праваабаронцы. Насце Палажанцы сьледчы вярнуў мабільны тэлефон.

Увечары 17 сакавіка 28-гадоваму Дзьмітрыю Дароніну выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня і перавялі яго з турмы на Акрэсьціна яшчэ на 10 сутак ў турму на Валадарскага. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці вязьня Валянціна Дароніна. Жанчына спачатку пракамэнтавала арышт сына, але пазьней папрасіла не зьмяшчаць яе камэнтар.

"Адвакат будзе дамагацца, каб праз 10 дзён можа яго адпусьцяць пад падпіску, таму можа пакуль не трэба маіх камэнтароў. Пачакаем 10 дзён, хаця б не было горш".

Дзьмітры Даронін працуе на МАЗе сьлесарам. У сям'і Дароніных 8 дзяцей, зь іх яшчэ 4 малалетнія. Дзьмітры – адзін з кармільцаў сям'і, у якой бацька – інвалід першай групы. "Быў кармілец, дык адабралі", -- гаруе шматдзетная маці Валянціна Дароніна.

Андрэй Пратасеня
Пра арышт Дзьмітрыя Дароніна даведаліся праваабаронцы зь "Вясны". Наста Лойка распавяла яшчэ пра аднаго абвінавачанага, пра арышт якога стала вядома толькі сёньня – гэта Андрэй Пратасеня.

"Шкада, што толькі зараз стала вядома, што ён утрымліваецца пад вартай. Яго затрымалі яшчэ 9 лютага. Ён ўвесь гэты час знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у "амэрыканцы". Зь ім былі тры допыты і ўжо даволі працяглы час адвакат яго не бачыць. Нібыта ніякія сьледчыя дзеяньні з ягоным удзелам ужо не адбываюцца і, магчыма, якогая справа завяршаецца і ў канцы сакавіка яе будуць перадаваць у суд", -- мяркуе праваабаронца Наста Лойка.

Андрэю Пратасені 28 гадоў, ён праграміст. Паводле брата Аляксандра, Андрэй Пратасеня быў на Плошчы 19 сьнежня, але не ўдзельнічаў ні ў якіх сілавых дзеяньнях.

17 сакавіка адбыўся чарговы допыт намесьніцы старшыні "Маладога фронту" Насты Палажанкі. Наста кажа, што допыт быў дастаткова кароткі -- яна падпісала свае камэнтары да відэа падзей на плошчы 19 сьнежня, з якім яе азнаёмілі напярэдадні. "Яшчэ сьледчы аддаў мне мой мабільны тэлефон і сім-карту да яго. Ведаю, што мала каму вярталі мабільнікі, мне вось вярнулі. Затое пашпарт дагэтуль не аддаюць, хаця абяцалі", -- кажа Наста Палажанка.

На пытаньне, ці не сталі больш жорсткімі патрабаваньні да яе пасьля ад'езду за мяжу Алеся Міхалевіча, Наста Палажанка адказала: "Пра нейкія пагаршэньні меры стрыманьня размовы не было".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG