Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямнаццаць гадзінаў допыту пра Плошчу


Крысьціна Шацікава (праваруч), Марыя Вайнова (леваруч)

Крысьціна Шацікава (праваруч), Марыя Вайнова (леваруч)

Сёньня ў Магілёве супрацоўнікі ваеннай контравыведкі скончылі трохдзённы допыт актывістак з грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Крысьціны Шацікавай і Марыі Вайновай. Агулам абедзьве яны прабылі ў абласной управе КДБ сямнаццаць гадзінаў.

Контравыведнікі высьвятлялі ў іх, што яны бачылі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня.

Паводле Крысьціны Шацікавай, допыт праводзілі контравыведнікі Павал Травулька ды Максім Мешчаракоў. Пра яго падрабязнасьці актывістка казаць ня можа, бо дала падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва.

"Адно магу сказаць, што яны пыталіся, што я бачыла і зь якога ракурсу. У адрозьненьне ад міліцыі і КДБ, ніхто не спрабаваў на мяне нейкім чынам ціснуць. Мы з Машай былі першыя на Плошчы й бачылі тое, што шкло разьбівалася да таго, як туды падышлі дэманстранты".

Карэспандэнт: "Як даведаліся контравыведнікі, што вы былі першыя на Плошчы?"

Шацікава: "Я спачатку дала журналістам інфармацыю, што ў мяне ёсьць фатаздымкі. Пра гэта я казала ў КДБ. Калі дапытвалі ў міліцыі, я пра гэта казала. Гэта маё асэнсаванае рашэньне, бо я зацікаўленая ў тым, каб знайшлі тых людзей. Тыя людзі зьдзейсьнілі злачынства супраць мяне, маіх дзяцей, супраць краіны. Я хачу, каб гэтыя людзі былі знойдзеныя, бо менавіта яны справакавалі той пагром".

16 студзеня на магілёўскай плошчы Леніна, якая падобная да пляцоўкі перад менскім Домам ураду, контравыведнікі правялі з удзелам Крысьціны Шацікавай сьледчы экспэрымэнт. Актывістка паказала, як усё адбывалася 19 сьнежня да прыходу дэманстрантаў на плошчу Незалежнасьці.

Сёньня апошнія чатыры гадзіны трохдзённага допыту контравыведнікі прысьвяцілі васямнаццацігадовай Марыі Вайновай. Дзяўчына два дні хадзіла разам з Крысьцінай Шацікавай, чакаючы свайго допыту. Што высьвятлялі ў актывісткі контравыведнікі, пытаюся ў яе:

"Што я рабіла на Плошчы 19 сьнежня — яны хацелі ведаць — дэталёва й па часе. Я мяркую, што нашыя паказаньні дапамогуць рэальна знайсьці вінаватых і правакатараў. Ёсьць жа фоткі, сьведкі".

Крысьціну Шацікаву зьбілі міліцыянты на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Да разгону акцыі пратэсту яна пасьпела схаваць у знаёмага фатаздымкі, на якіх зафіксаваныя людзі, якія як сьцьвярджае актывістка, маглі бачыць тых, хто выломваў дзьверы і выбіваў шыбы ў Доме ўраду. Пасьля зьбіцьця Шацікаву ноч трымалі на Акрэсьціна. Адтуль яе даставілі з моцным крывацёкам у бальніцу. За Плошчу ёй прысудзілі штраф у трыццаць базавых велічыняў.

Марыю Вайнову таксама затрымалі на Плошчы. Амаль суткі яе ўтрымлівалі на Акрэсьціна, потым адпусьцілі як непаўналетнюю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG