Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канцэрту ня будзе – пацячэ дах”


Беларускія музычныя гурты, унесеныя ў неафіцыйны "чорны сьпіс" дзеячаў культуры, чыя творчасьць у Беларусі падлягае цэнзураваньню, церпяць ад забаронаў і беспрычыннага скасаваньня канцэртаў. Ахвярамі ўжо сталі "Ляпіс Трубяцкой", "Нэйра Дзюбель", "Крамбамбуля".

Сёньня ў менскай кавярні "Госьці"быў заплянаваны канцэрт каманды Лявона Вольскага "Крамбамбуля". Але без тлумачэньня прычыны ён быў адменены адміністрацыяй кавярні. Абвешчана, што з “тэхнічных прычын” не адбудзецца і заплянаваны на 18 сакавіка выступ у Берасьці Зьмітра Вайцюшкевіча.

На мінулым тыдні гурт "Ляпіс Трубяцкой" "праляцеў" у Гомелі, і, мяркуючы па ўсім, ня будзе і заплянаванага на 20 сакавіка выступу "ляпісаў" у Магілёве. Прынамсі, адміністрацыя клюба папярэдзіла арганізатараў, што ў дзень выступу, хутчэй за ўсё, у залі… пацячэ дах.

Папярэджаны пра немагчымасьць сустрэчы з мэляманамі ў менскім клюбе "Рэактар" і Аляксандар Кулінковіч, фронтмэн папулярнага гурту "Нэйра Дзюбель". Гэтыя факты пацьвярджаюць, што забарона на канцэртную дзейнасьць непажаданых гуртоў, уведзеная ўладамі, дзейнічае, а "чорны сьпіс", ад якога адхрышчваюцца чыноўнікі – змрочная рэальнасьць нашага часу, кажа Аляксандар Кулінковіч:

"Я веру і ў яго існаваньне, і ў яго дзейснасьць. Таму што ў нашай краіне ўсе ўсяго баяцца, мы поўныя дзярма, і нават нейкая поўная "вутка" ўсё адно будзе мець эфэкт. Да таго ж мінулы сьпіс, у які трапілі і мы, гэтаксама быў нефармальны і невядома кім складзены. Думаю, і гэты ствараўся ў тым жа духу. Ну што тут скажаш? Я шчасьлівы ад таго, што такі сьпіс ёсьць. Здорава, што нарэшце ўсё расстаўлена па сваіх месцах. А то ўсё нейкая нявызначанасьць. Зараз жа ўсё дакладна: нельга — значыць, нельга. Але мне абсалютна пляваць. Калі я жыву ў гэтай краіне, значыць, я павінен быць да гэтага гатовы. І я, натуральна, быў гатовы".

Прадстаўнікі творчай эліты сьцьвярджаюць, што маюць рэальнае пацьверджаньне таго, што беларускія ўлады забаранілі выступы і ратацыю ў эфіры песень ня толькі беларускіх творцаў, але і расейскіх, амэрыканскіх, брытанскіх. Супрацоўнік адной менскай FM-радыёстанцыі заявіў “Свабодзе”, што непасрэдна атрымаў у Міністэрстве інфармацыі “чорны сьпіс”з прыблізна паўсотні дзеячаў культуры і мастацтва, тых выказваўся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі або за вызваленьне палітвязьняў:

"Пра што казаць, калі выклікаюць у міністэрства, уручаюць пад росьпіс сьпіс забароненых гуртоў, калектываў, а празь дзень, калі ўздымаецца шум, дае
Сьпіс ёсьць, спадарства! Вось ён ляжыць у мяне перад вачыма.
інтэрвію той жа Праляскоўскі — маўляў, "гнюсная фальшыўка", начальнік упраўленьня электронных СМІ тое ж самае заяўляе, а на трэці дзень нарэшце і той, у каго я расьпісваўся за гэты сьпіс, таксама дае інтэрвію, што нічога падобнага няма... Сьпіс ёсьць, спадарства! Вось ён ляжыць у мяне перад вачыма. Беларусь: "Ляпіс Трубяцкой", "Палац", "Крама", "N.R.M.", "Нэйра Дзюбель", "Крамбамбуля", "Нака", сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў "Свабоднага тэатру" — Натальля Каляда, Уладзімер Шчэрбань, Мікалай Халезін, Аляксей Шырневіч, Ірына Ярашэвіч, Алег Сідорчык, Павал Гарадніцкі, Арцём Жалязьняк. І далей па сьпісе…".

Аднак начальнік упраўленьня друкаваных СМІ і міжнародных сувязяў Міністэрства інфармацыі Ўладзімер Матусевіч катэгарычна адмаўляе ўсялякую датычнасьць да цэнзуры ў творчай галіне:

"У міністэрстве такіх сьпісаў няма і быць ня можа. Ня ведаю, чыя гэта
Міністэрства нікому ніякіх сьпісаў не даводзіла"
выдумка, правакацыя ці як яшчэ назваць, але ведамства працуе ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам. Думаю, ніхто ня можа назваць фактаў, калі б міністэрства давала нейкія цыркуляры, нейкія чорныя сьпісы, ці шэрыя, ці яшчэ якога колеру. Таму пытайцеся ў тых, хто пра гэта гаворыць, хто гэта арганізаваў і г.д. Але міністэрства нікому ніякіх сьпісаў не даводзіла".

Расейскі пісьменьнік Віктар Ерафееў — адзін зь дзеячаў культуры, які трапіў у ідэалягічны "чорны сьпіс" асобаў, непажаданых для зьяўленьня ў Беларусі. Ён лічыць, што тыя, хто спрабуе некага "гнабіць" па ідэалягічнай прыкмеце, абавязкова за гэта адкажуць:

"Я глыбока перакананы, што ў любой краіне, тым больш эўрапейскай (а гэта і Беларусь таксама), людзі маюць права выказаць сваё меркаваньне адносна прэзыдэнта ці каго іншага. Вунь мяне вашы ўлады ўнесьлі ў "чорныя сьпісы", але ж я досыць актыўна Буша крытыкаваў, ён мне не падабаўся, дык што, мяне цяпер і ў Амэрыцы забараніць? Ступень свабоды вызначаецца якраз стаўленьнем да пратэстаў, да крытычных выказваньняў дзеячаў мастацтваў. Я думаю, што ўсе, хто гэта робіць, за ўсе свае зьдзекі абавязкова адкажуць альбо на гэтым сьвеце, альбо на тым. Але я лічу, што гэта проста працяг нейкага савецкага КДБ і фашысцкага гестапа. Усё гэта абуральна і гэтаму няма дараваньня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG