Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны абралі эміграцыю


Пасьля мінулых выбараў і разгону менскай плошчы на хвалі рэпрэсіяў Беларусь пакінулі дзясяткі апазыцыйных актывістаў. Сьледам за імі на гэтым тыдні за мяжу зьехаў экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Уцекачы ў Польшчы — за свабоду палітвязьням

На пяты дзень пасьля галасаваньня 19 сьнежня з Рэчыцы зьехаў Віктар Канцавенка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Зараз ён у Польшчы — у лягеры для палітычных уцекачоў.

Праз тэлефон Віктар апавёў, як зьяжджаў зь Беларусі:

Васіль Лаўрынюк, Віктар Канцавенка і Мікола Статкевіч паляць свае пасьведчаньні кандыдатаў у дэпутаты
"Адразу — на Расею, а затым: Расея — Украіна. Жыў спачатку ў Заходняй Украіне. Потым пераехаў у Польшчу. У Польшчы папрасіў палітычнага прытулку, бо там ёсьць пункт прыёму ўцекачоў. Цяпер знаходжуся ў лягеры ўцекачоў".

Спадар Канцавенка паведаміў, што ў лягеры жыве з уцекачамі з Расеі, Украіны. Ёсьць там і актывіст з Гарадзенскай вобласьці, які, як і Віктар, прыехаў туды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Уцякач кажа, што пакінуў Беларусь вымушана. За ім цікавалі міліцыя й так званыя "ціхары" ў чорным. Іх удалося перахітрыць. Асабліва актывіста непакоіла інфармацыя, якую падавалі спэцслужбы, што, маўляў, у Жлобіне на адным з заводаў прадстаўнік партыі "Народная грамада" спрабаваў замовіць арматуру перад акцыяй масавага
Слухаю Радыё Свабода, чуваць нармальна.
пратэсту ў Менску. Канцавенка лічыць, што гэта была правакацыйная выхадка ў бок кандыдата Мікалая Статкевіча і яго асабіста.

У Польшчы Віктар Канцавенка меў ужо дзьве гутаркі з афіцыйным прадстаўніком у пытаньнях палітычных уцекачоў. Наведвае заняткі польскай мовы. Кожны дзень у лягеры пачынае з практыкаваньняў па сыстэме амэрыканскага дзеяча альтэрнатыўнай мэдыцыны Пола Брэга.

А каб быць у курсе беларускіх падзеяў, купіў караткахвалевы прымач і празь яго слухае перадачы Радыё Свабода:

"Купіў прымач сабе ў Варшаве караткахвалевы, "Grundig" называецца. Дык я слухаю Радыё Свабода, чуваць нармальна. Інфармацыю ўсю ведаю. І пра Міхалевіча таксама. Я думаю, што ён правільна зрабіў, што зьехаў, бо там бы яго прэсавалі пасьля такой заявы пра зьдзекі".

Віктар кажа, што ўдзельнічаў у трох акцыях пратэсту ля беларускай амбасады Варшаве. Стаяў з партрэтам Статкевіча. Зараз рыхтуецца да пікету пратэсту 19 сакавіка, але асабліва — да 25 сакавіка, Дня волі:

"Да 25-га рыхтуемся. Я ўжо тут запрасіў беларуса, а яшчэ расейца і ўкраінца — іх таксама прыцягваем для ўдзелу ў 25 сакавіка. Гэтая акцыя будзе больш масавая. Я напісаў лёзунг: "Свабоду Статкевічу!"

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Кірыл Семянчук раздае агітацыйныя ўлёткі за Ўладзімера Някляева ў Горадні
Кірыла Семянчук
абраў эміграцыю, замест таго каб застацца "стукачом" КДБ.

Актывіст АГП зь вёскі Азёры Гарадзенскага раёну Кірыла Семянчук раней за Алеся Міхалевіча выкарыстаў тактыку падману КДБ: даў падпіску аб супрацоўніцтве, а потым непрыкметна зьехаў за мяжу.

Лідэр Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін узгадвае пра Кірыла Семянчука з пэўнай павагай:

Істомін
: "Па-першае, Кірыла быў у нас вельмі актыўным сябрам партыі. Жыў ён у невялікай вёсцы Азёры і там таксама быў чалавекам знакавым. Практычна адзін на вёску апазыцыянэр, у якога заўсёды можна было знайсьці сьвежую апазыцыйную прэсу, распытаць пра апошнія падзеі. Яму там даставалася нямала, паколькі быў адзін. А 18 сьнежня, калі ён ехаў у Менск на Плошчу, яго арыштавалі міліцыянты".

Кірылу Семянчука асудзілі на 10 сутак, ён адбываў пакараньне ў Гарадзенскім СІЗА і менавіта пасьля гэтага цьвёрда вырашыў зьехаць зь Беларусі. Ягоны сябра па камандзе Някляева Алег Калінкоў узгадвае, што пасьля турэмнага арышту Кірыл начаваў першую ноч у ягонай кватэры.

Калінкоў
: "Проста ў мяне ў хаце на кампутары ў Інтэрнэце набралі ў пошуку: "Лягер бежанцаў у Польшчы". Адказаў было шмат — рэквізыты і правілы. Кірыл гэта ўсё занатаваў. Потым праз пару дзён кажа, што ў яго яшчэ адна бяда — яго звольнілі з працы. Хадзіў чорны-чорны, нібыта хмара, а потым ціха зьехаў".

Высьветлілася, што падчас арышту ў турме да Кірылы прымяняліся катаваньні.

Істомін: "Ён мне адкрыта і шчыра расказаў пра ўсё, як было, што яму пагражалі, білі чамусьці валёнкам супрацоўнікі КДБ, выбівалі паказаньні на нашых сяброў партыі — адкуль мы бралі фінансаваньне, хто друкаваў улёткі і г.д.".

Яшчэ адну заяву, перад тым як ад’ехаць, Кірыла Семянчук зрабіў журналісту Яну Роману.

Роман
: "Ён зьвярнуўся да мяне і сказаў, што падчас знаходжаньня ў СІЗА яго катавалі супрацоўнікі КДБ і ён вымушаны быў даць падпіску аб супрацоўніцтве, паводле якой павінен даваць ім інфармацыю аб тым, што дзеецца ў шэрагах апазыцыі. Але гэтага рабіць не хачу, таму і зьяжджаю".

Юры Істомін лічыць, што супрацоўнікі КДБ заўчасна паверылі, што ў іх зьявіўся яшчэ адзін "стукач".
Ён амаль адкрыта зьяжджаў.

Істомін: "Думаю, кадэбісты ўсё ж не дасачылі яго тут, бо ён амаль адкрыта зьяжджаў. Яны думалі, што ўжо зрабілі сваю справу і ў іх будзе яшчэ адна крыніца інфармацыі з шэрагаў апазыцыі — памыліліся".

Юры Істомін распавядае, што Кірыла Семянчук час ад часу тэлефануе, кажа, што прыстасоўваецца да іншага грамадзтва, але марыць вярнуцца ў Азёры да жонкі і дачкі.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Шлях для тых, каму выезд забаронены

Пераяжджаючы беларускія памежныя пераходы, берасьцейскія актывісты адзначаюць, што заўсёды існуе небясьпека апынуцца ў сьпісе невыязных. У такіх варунках многія карысталіся іншымі варыянтамі выезду з краіны за мяжу.

Андрэй Шарэнда
зь Берасьця і Аляксандар Лукін з Кобрыня пасьля выбараў зьехалі зь Беларусі. Андрэй зараз у Варшаве, дзе навучаецца ва ўнівэрсытэце, а Аляксандар працуе і жыве ў Францыі. І Андрэй Шарэнда, і Аляксандар Лукін былі на Плошчы. Пасьля адбывалі
Калі ёсьць віза і ёсьць пашпарт, то самы просты шлях за мяжу — праз Расею.
пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.

Андрэй Шарэнда кажа, што выяжджаў празь беларуска-польскі памежны пераход. Але некалі карыстаўся і іншымі магчымасьцямі.

"Калі ёсьць віза і ёсьць пашпарт, то самы просты шлях — праз Расею. Я сам некалі ехаў цягніком зь Менску да Бранску. З Бранску да Кіева, а ўжо з Кіева — самалётам або цягніком у Варшаву. Гэты шлях займае недзе каля сутак. Увогуле, такі маршрут нават назву мае — "дарога каліноўцаў".

Паводле Андрэя Шарэнды, калі няма пашпарту, магчымы яшчэ адзін варыянт выезду зь Беларусі. Мажліва знайсьці чалавека, які правядзе нелегальна, сьцежкамі, празь беларуска-ўкраінскую мяжу:

"Калі існуюць сапраўдныя складанасьці, то ў мяне былі знаёмыя, якія крочылі празь мяжу з Украінай пешшу. Там жа сапраўднай мяжы практычна няма. Ёсьць пагранічныя пераходы, але існуе магчымасьць і нелегальна прайсьці. А ўжо з Украіны без праблем магчыма выехаць, напрыклад, у Польшчу".

Аляксандар Лукін
з Кобрыня меркаваў вярнуцца ў Беларусь, але цяпер, пасьля трох месяцаў, вырашыў прадаць свой бізнэс у Кобрыні і забраць сям'ю ў Францыю. Намеры наведацца ў Беларусь зьніклі пасьля таго, як родным сталі паступаць званкі зь міліцыі і нават да суседзяў прыходзіў участковы:

"Часта тэлефануюць, запытваюцца, калі я буду ў горадзе. Кажуць, што жадаюць паразмаўляць са мной. А да суседзяў прыходзіў участковы міліцыянт і апытваў іх. Потым суседка распавяла маёй жонцы, што нібыта зь Берасьця прыйшоў запыт, каб паразмаўляць з суседзямі і скласьці на мяне характарыстыку".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG