Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні чытачы Свабоды найбольш зьмястоўна камэнтавалі дзьве тэмы – уцёкі Міхалевіча і Астравецкую АЭС – на першы погляд, быццам не зьвязаныя паміж сабой.

Камэнтатары аднагалосна супраць АЭС. Але насамрэч, я думаю, яны супраць чагосьці іншага.

ПЕРАЛАМАНЫЯ Ў ЯПОНЦАЎ


Камэнтатар піша:


Ёсьць такое паняцьце, як карма цэлай краіны. Таму для некаторых дзяржаваў атам асабліва небясьпечны. Нават у Бібліі ёсьць папярэджаньне пра Чарнобыль. Але і такое злавеснае папярэджаньне, як чарнобыльская катастрофа, для нашых дурняў, інакш ня скажаш, не зьяўляецца знакам бяды ад атама. Лезуць пішчом у пекла.

Насамрэч пытаньне ня ў тым, ці будаваць АЭС, “за” мы ці “супраць”, а ў тым, што няма адкрытай грамадзкай дыскусіі і, як выніку, рэфэрэндуму.

АЭС не бібліятэка і не лядовы палац. Гэта калясальны стрэс для беларускай нацыі, які можна параўнаць з алімпійскімі гульнямі, калі б мы іх праводзілі, толькі наадварот – жахліва і назаўжды. Жыцьцё побач з глябальнай катастрофай зьменіць наша агульнае самапачуваньне, маторыку мысьленьня, стан псыхікі.

Мы пачнем пераламвацца ў японцаў. І ня ў тым сэнсе, што станем больш працавітымі і да ўсяго гатовымі. А ў тым, што наадварот, бо адбывацца гэта будзе гвалтоўна й бяз нашай волі. Працавітасьць і гатовасьць японца імгненна зьнікнуць, калі яго гвалтам пераламаць у беларуса.


Улады забаранілі нам шырока абмяркоўваць наступствы Чарнобыля – лейкемію ў дзяцей і масавыя інсульты ў дарослых, чаго да Чарнобыля не было і цяпер няма ў такіх маштабах у суседніх краінах. Усяляк хаваецца той факт, што за апошнія 17 гадоў насельніцтва краіны скарацілася амаль на мільён і працягвае скарачацца. Уцёкі ў эміграцыю займаюць у гэтай лічбе невялікі адсотак. Але й тут уцякаюць пераважна ад наступстваў Чарнобыля і Лукашэнкі.

ХТО ЎЦЁК І ХТО ВЯРНУЎСЯ


Камэнтатары пра Міхалевіча:

Удачы, Алесь. І ня трэба думаць, што зьехаць лягчэй, чым застацца.

А як жа жонка й дзецi?

Вельмі прадбачлівы крок зрабіў сп. Алесь з гэтай сваёй заявай аб катаваньнях. Зараз атрымае статус палітычнага ўцекача, потым забярэ сям’ю і будзе сабе жыць-пажываць у Эўропе, дасылаючы нам лісты са слушнымі парадамі, што ды як мы тут мусім рабіць. Прадбачлівы Алесь.

Дзеяньні Міхалевіча -- гэта шах і мат крыважэрнаму тырану! Такой аплявухі ён яшчэ ня ведаў.

А калі б сядзеў у СІЗА, то сям'і было б лягчэй?


Нагадвае выпадак зь Віньнікавай.

Дзіўнае адчуваньне ад уцёкаў Міхалевіча. Мне шмат гадоў даводзіцца пераглядаць справы “ворагаў народу” ў сталінскія часы. Першая вялікая хваля рэпрэсіяў ішла з калектывізацыяй. Пачатак 1930-х. Беларускіх сялян масава высылалі ў Сібір сем’ямі. Майно адбіралі, а сям’ю – у таварняк. Людзі пакутавалі, вядома, але яшчэ ня верылі што так можа быць і што ўсё аж настолькі сур’ёзна. Дык вось. Напачатку 1930-х бацькі сямействаў масава ўцякалі з высылкі й вярталіся ў родныя вёскі. Ну, сапраўды, улада гуляецца ў свае экспэрымэнты, але ж ёсьць адвечны парадак – зямля, дом, гаспадарка. Яшчэ так масава не стралялі і таму не было яшчэ так катастрафічна страшна.

Ясная рэч, іх тут жа лавілі і судзілі. Віна – антысавецкая агітацыя (гэта ішло прычэпам, але ставілася на першае месца) і ўцёкі зь месца ссылкі. Прысуд – тры гады канцлягера. (У 1937-м іх усіх другі раз прысуджвалі, але ўжо да расстрэлу.)

І вось якое адчуваньне. А сёньня – яшчэ не настолькі страшна ўцякаць, ці ўжо настолькі?

Калі ўлічыць, што ўцякаюць ня ў родную вёску (хе-хе), а за мяжу, у невараць, значыць, ужо? Колькі б далі, калі б злавілі? Калі чатыры гады страгача даюць ні за што, значыць – ужо? Калі ў звычайным рэжыме працуе вышэйшая мера, калі ў “амэрыканцы” зноў катуюць палітычных, калі выбіваюцца даносы -- значыць, ужо? Калі ўся дзяржаўная прапаганда аж захліпаецца пра “бясчынствы апазыцыі”... Калі на чыстых вуліцах спэцназу як сьмецьця...

Што яшчэ трэба, каб чароўны трусік зразумеў, у якім чароўным лесе ён апынуўся? Мілагучную назву Курапаты новыя пакаленьні ўжо ні з чым не асацыююць...

Ці ўсё ж яшчэ не настолькі? Што яшчэ мусіць здарыцца? Калі пачнецца масавае паляваньне на шпіёнаў, задавацца гэтым пытаньнем будзе ўжо позна.

Вы скажаце, дык якая сувязь паміж уцёкамі Міхалевіча і АЭС? Адкажу словамі камэнтара да паведамленьня “На месцы будаўніцтва АЭС затрымалі журналіста”:

Памятаю піонэрскую песьню:

“А в глубіне кармана – патроны от нагана

І карта укрепленій советской стороны”...

Няўжо яны вярнуліся?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG