Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадатчык менскай FM-cтанцыі "Аўтарадыё" дагэтуль ня ўключаны, хоць радыё выйграла суды па двух сваіх пазовах да Міністэрства інфармацыі яшчэ 9 сакавіка. Мінінфарм падаў касацыйную скаргу ў калегію Вышэйшага гаспадарчага суду, а Міністэрства сувязі і Беларуская дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі перастрахоўваюцца і чакаюць разгляду скаргі калегіяй. У той жа час калегі-радыёвяшчальнікі зь іншых FM-cтанцыяў фактычна не праявілі карпаратыўнай салідарнасьці з "Аўтарадыё".

Кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі, якое адключыла перадатчык на наступны дзень пасьля папярэджаньня Мінінфарму, усё яшчэ чакае сыгналу зьверху. Начальнік аддзелу радыёвяшчаньня і спадарожнікавай сувязі Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі Сяргей Багданаў атрымаў пісьмовае рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду ў аўторак, але перадатчык уключаць не сьпяшаецца:

"Я даручыў сваім спэцыялістам-юрыстам удакладніць, ці зьяўляецца гэтае рашэньне канчатковым. Вось зараз гэтае пытаньне вырашаем. І для сябе ніякіх праблем я ня бачу — адмяніць сваё рашэньне аб спыненьні вяшчаньня. Я ўжо паставіў задачу сваім падначаленым падрыхтаваць такое рашэньне, і яно, у прынцыпе, ужо гатова".

Застаецца толькі падпісаць паперы, запэўніў Сяргей Багданаў. Як толькі будзе каманда зьверху.

У той жа час калегі па цэху, супрацоўнікі іншых FM-cтанцыяў, карпаратыўнай салідарнасьці з калектывам "Аўтарадыё" ніяк ня выказалі. У радыёвяшчальнікаў няма ні прафсаюзу, ні грамадзкай арганізацыі, ні асацыяцыі, каб адстойваць свае правы.

Праграмны дырэктар радыё "Юністар" Юлія Заўгародняя распавяла:

"У нас няма ніякага прафсаюзу ці грамадзкай асацыяцыі, на жаль. Мы, натуральна, сочым за разьвіцьцём падзеяў. Для мяне было фэнамэнальным прарывам тое, што другі суд завяршыўся на карысьць "Аўтарадыё". Я вельмі рада, таму што мне здавалася, што такое наагул немагчыма. Таму я гатовая пажадаць удачы. А як дапамагчы і праявіць салідарнасьць, я ня ведаю проста, якім чынам..."

Гады тры-чатыры таму была спроба стварыць незалежную асацыяцыю радыёвяшчальнікаў, распавёў дырэктар адной з радыёстанцыяў:

"З дырэктарам радыё "Бі-Эй" Яўгенам Шарашэўскім мы неаднаразова сустракаліся, напісалі нават праект статуту грамадзкай арганізацыі. Далей справа не пайшла. А не пайшло таму, што, як я мяркую, калі ствараць асацыяцыю, яна павінна быць незалежным грамадзкім органам. А яе адразу "падмяла" пад сябе Міністэрства інфармацыі. Таму гэта ня мела далей ніякага сэнсу".

Як паказаў прыклад "Аўтарадыё", у Міністэрства інфармацыі багата магчымасьцяў знайсьці нагоду, каб расправіцца з тымі, хто недаспадобы. Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, якая падпарадкоўваецца Мінінфарму, абвінаваціла "Аўтарадыё" ў парушэньні творчай канцэпцыі, і менавіта з гэтай прычыны быў адключаны перадатчык.

Творчая канцэпцыя — гэта дакумэнт, які прадугледжвае ў працэнтных суадносінах долю тэматычных праграмаў, навінаў, рэклямы, музыкі цягам сутак. Там дакладна прапісана, колькі працэнтаў у суткі павінны складаць выпускі навінаў, колькі — рэкляма і колькі — музычнае напаўненьне, патлумачыў дырэктар адной з FM-cтанцыяў:

"Атрымліваецца так: калі сёньня для рэклямы зарэзэрвавана пэўная колькасьць хвілін, а нам хтосьці ня даў рэклямы і ў суткі яе выйшла на дзьве альбо тры хвіліны менш, атрымліваецца, што творчая канцэпцыя намі не выконваецца".

Карэспандэнтка: "А рэальна яе можна выканаць з дакладнасьцю да сэкунды?"

"Не. Нельга, не атрымаецца. Гэты дакумэнт адмыслова створаны, каб абмежаваць рамкамі, загнаць у кут. Крок управа, крок улева каб былі нагодай для расстрэлу".
XS
SM
MD
LG