Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юраў: Існаваньне такога сьпісу — брыдоцьце


Расейскаму праваабаронцу Андрэю Юраву беларускія ўлады прадпісалі пакінуць тэрыторыю Беларусі цягам 24 гадзін з моманту ўведамленьня.

Пасьля вызваленьня з Савецкага РУУС, дзе праваабаронца правёў ноч, Андрэй Юраў распавёў карэспандэнту "Свабоды":

"Паколькі я ня ведаў, што ад 4 сакавіка я ўнесены ў сьпіс асобаў, знаходжаньне якіх непажаданае на тэрыторыі Беларусі, а паміж Расеяй і Беларусьсю ніякіх межаў няма, я прыехаў, думаючы, што тут знаходжуся зусім легальна. Мяне затрымалі па падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства за перасячэньне мяжы. Цяпер мне ўручылі пастанову аб спыненьні крымінальнай справы, таму што было пацьверджана, што мяне ня ўведамілі патрэбным чынам. Але пры гэтым выдалі прадпісаньне цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь".

Паводле Юрава, "само існаваньне такога сьпісу, пра які ніхто ня ведае, і дзе рашэньні прымаюцца не судом, якія ніхто ня можа абскардзіць, — гэта брыдоцьце".

"І брыдоцьце ўдвайне, што гэта перашкаджае легальнай і непалітычнай дзейнасьці міжнародных праваабарончых арганізацый. Гэта парушэньне ўсіх міжнародных нормаў і абавязаньняў Беларусі. Таму мы гэта будзем абскарджваць і ў самой Беларусі, і я чакаю рэакцыі АБСЭ і Рады Эўропы і іншых арганізацый, зь якімі я стала працую як экспэрт. Гэта павінна атрымаць адпаведную ацэнку, бо наша дзейнасьць адзначалася адкрытасьцю, легальнасьцю, і мы нават пасылалі свае рэкамэндацыі ўладам Беларусі. Гэта не была палітычная ці падпольная дзейнасьць. І гэта паказвае нядобрую волю ўладаў Беларусі".

Супрацоўнікі міліцыі не праводзілі допыту затрыманага праваабаронцы, а адразу ўручылі пастанову, што ён павінен пакінуць Беларусь.

А 15-й гадзіне ў праваабарончым цэнтры "Вясна" адбудзецца яго прэс-канфэрэнцыя.


МЗС Беларусі пасьля затрыманьня расейскага грамадзяніна Андрэя Юрава своечасова ўведаміў пра гэта амбасаду Расеі.


Пра гэта заявіў у Менску падчас брыфінгу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

"Такім чынам, беларускі бок выканаў усе абавязаньні ў рамках консульскай канвэнцыі, падпісанай паміж Беларусьсю і Расеяй", — сказаў Савіных, перадае Інтэрфакс.

Па ўсіх пытаньнях, зьвязаных з затрыманьнем расейца, ён параіў зьвяртацца ў праваахоўныя органы. Гаворачы пра наяўнасьць сьпісу расейцаў, неўязных у Беларусь, ён адзначыў, што "нам пра такі сьпіс нічога невядома".



Гефтэр: Ня ведаю падставаў, каб ўнесьці Юрава ў сьпіс пэрсонаў нон-грата

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG