Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Дашкевічам і Лобавым перанесены на 22 сакавіка


Чаму перанесьлі працэс над лідэрамі «Маладога фронту»? Удзельніцы Плошчы адмаўляюць у завядзеньні крымінальнай справы супроць спэцназаўца міліцыі, які зламаў ёй нагу. Анатоля Лябедзьку ў «амэрыканцы» запэўніваюць, што адвакату не забаронена наведваць яго.

Працэс над лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам і ягоным паплечнікам Эдуардам Лобавым перанесены з 21 на 22 сакавіка. Гэтак вырашыла судзьдзя Маскоўскага раённага суду Алена Шылько.

Маці Эдуарда Лобава Марына пра магчымыя прычыны пераносу суду: «Мяркую, таму, што на гэты ж дзень прызначаная справа Мікіты Ліхавіда, і яны вырашылі, каб менш людзей прыйшлі на працэс».

Карэспандэнт: «А што піша з турмы ваш сын? Вы зь ім бачыліся?»

Піша, што камэра перанаселеная, сьпяць па чарзе.
Лобава: «Не, пакуль суду ня будзе сьледчы спатканьня не даваў і зараз судзьдзя не дае. Даслаў ліст. Піша, што камэра перанаселеная, сьпяць па чарзе. Адвакат кажа, што трымаецца добра, віны сваёй не прызнае і рыхтуецца даказваць сваю правату ў судзе».

Раней актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка зьвярнулася да судзьдзі Алены Шылько з адкрытым лістом, у якім заклікала судзьдзю да спавядлівага і законнага правасудзьдзя. «Судзьдзi пры ажыцьцяўленьнi правасудзьдзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону», — прыгадала Наста Палажанка 110 артыкул Канстытуцыі Беларусі.

Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава абвінавачваюць у злосным хуліганстве — нібыта яны за дзень да выбараў пабілі ў Менску двух мінакоў. Актывісты кажуць пра правакацыю спэцслужбаў, зьвязаную з выбарамі.


Менская студэнтка Мая Абромчык ня можа дамагчыся, каб супраць спэцназаўцаў міліцыі, якія зламалі ёй нагу ўдарам гумавай палкі падчас падзей 19 сьнежня, завялі крымінальную справу.

Скаргу ў пракуратуру Мая Абромчык падала 21 сьнежня, празь некалькі дзён скаргу перадалі ў міліцыю Маскоўскага раёну, а пазьней зноў вярнулі ў пракуратуру. Дагэтуль справа аб зьбіцьці Маі Абромчык не заведзеная.

Паводле закону пракуратура можа вызначацца адносна завядзеньня справы да 19 сакавіка, а потым яшчэ месяц Мая Абромчык мае на абскарджваньне рашэньня. Сталі вядомыя прозьвішчы двух міліцыянтаў, якія затрымлівалі сябра дзяўчыны, калі яе саму зьбівалі. Гэта амапаўцы Якаўлеў і Мазайла. Невядома, ці выклікалі іх у пракуратуру падчас праверкі скаргі Маі Абромчык. Дарэчы, дзяўчына дагэтуль залечвае зламаную нагу, перанесла ўжо некалькі апэрацыяў.


Сьвятлана Лябедзька
атрымала ад мужа ліст. Жонка кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьдзівілася тлумачэньням Анатоля, чаму яго не наведвае адвакат.
Яму кажуць, што калі ласка, адвакат можа да вас прыходзіць, але не ідзе, бо пра вас усе забыліся.

«Сёньня мы атрымалі ад яго ліст, у якім ён напісаў, што яму пацьвердзілі, нібыта адвакат мае да яго вольны доступ. Але насамрэч адвакат да яго трапіць ня можа. Гэта, відаць, свайго роду псыхалягічны ціск на яго. Бо яму кажуць, што калі ласка, адвакат можа да вас прыходзіць, але не ідзе, бо пра вас усе забыліся, вы нікому не патрэбныя. А адвакат у гэты час сядзіць у калідоры, і ёй кажуць, што нібыта няма месцаў для сустрэчы з падабаронным».

На мінулым тыдні Сьвятлана Лябедзька напісала скаргу ў пракурату, што існуюць праблемы зь ліставаньнем і з доступам адваката да мужа. «Прыйшло паведамленьне, што маю скаргу ў пракуратуры атрымалі, але па сутнасьці нічога яшчэ не адказалі», — заявіла «Свабодзе» Сьвятлана Лябедзька і дадала, што, магчыма, ёй таксама варта выступіць з адкрытым лістом да генпракурора Рыгора Васілевіча адносна гэтых праблемаў.

15 сакавіка дапусьцілі адваката для канфідэнцыйнай сустрэчы з былым міліцыянтам Аляксандрам Класкоўскім. Таксама сваякі атрымалі ад яго ліст, чаго даўно не было. Напярэдадні бацька абвінавачанага ў справе 19 сьнежня, журналіст Аляксандар Класкоўскі, выступіў з адкрытым лістом да генпракурора, у якім паскардзіўся на нерэгулярнае ліставаньне і на тое, што да сына не дапускаюць адваката.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG