Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч паведаміў у сваім аўдыёзвароце, што знаходзіцца па-за межамі Беларусі і што зь ім усё добра. На некалькіх інтэрнэт-сайтах зьявілася інфармацыя пра тое, што Міхалевіч ужо знаходзіцца ў Празе.

Сайт аб’яднаных дэмсілаў udf.by паведамляе, што Алесь Міхалевіч, які ўцёк ад беларускага КДБ, знаходзіцца ў Празе. Пра гэта паведаміла крыніца з атачэньня палітыка. Міхалевіч даехаў да Чэхіі праз Расею і Ўкраіну. Маўляў, тым самым пацьвердзілася інфармацыя, што Міхалевіча бачылі ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль», адкуль ён і вылецеў у Прагу. Рэдактар сайту Юрась Пацёмкін у размове з карэспандэнтам «Свабоды» патлумачыў:

«Па нашых зьвестках, Міхалевіч ужо знаходзіцца ў Празе. Гэта неафіцыйныя крыніцы, зь якіх мы атрымалі інфармацыю. Мы іх ня можам называць. Гэта крыніца знаходзіцца ў Беларусі. Але мы верым, што гэтая інфармацыя дакладная, што яна адпавядае рэчаіснасьці».

Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма. Хаця ў дзяржаўных структурах Беларусі не хаваюць, што бачылі гэтую навіну ў інтэрнэце. Начальнік прэсавага цэнтру Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка ў размове з карэспандэнтам «Свабоды» паведаміў:

«У беларускіх пунктах пропуску ён мяжу не перасякаў. Бо па базах перасячэньня мяжы ён ня значыцца. Таму, як і меркавалася, ён, хутчэй за ўсё, мог выехаць праз расейскі кірунак. Па падробленых дакумэнтах ён таксама ня мог праехаць, бо ў нас аўтаматызаваныя сыстэмы памежнага кантролю. Таму ўсе падробкі вызначаюцца не на вока, а з дапамогай апаратуры. Таму праз нашы пункты пропуску ён прайсьці ня мог».

У КДБ інфармацыю адносна ўцёкаў Міхалевіча не камэнтуюць. У МУС паведамілі, што ня маюць «афіцыйных матэрыялаў пра абвяшчэньне Міхалевіча ў вышук».

Калі Алесь палічыць патрэбным, то сам пацьвердзіць сваё месцазнаходжаньне.
Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, зь якім выходзіў на сувязь праз сыстэму інтэрнэт-тэлефаніі «Скайп» Алесь Міхалевіч, кажа, што ня мае дакладных дадзеных. Ён зьвярнуў увагу, што апошнім часам пісалі таксама, што Міхалевіч у Польшчы. Губарэвіч пракамэнтаваў інфармацыю, якая зьявілася на сайце Аб’яднаных дэмсілаў:

Юрась Губарэвіч
«Магу сказаць, што крыніцай гэтай інфармацыі я не зьяўляюся. Ну а асаблівага даверу да інфармацыі, якая зьяўляецца на сайце АДС, у мяне таксама няма. Калі Алесь палічыць патрэбным, то сам пацьвердзіць сваё месцазнаходжаньне — празь мяне альбо непасрэдна — тады, я думаю, трэба будзе рабіць нейкія высновы. Я думаю, што магчыма гэтыя правакацыі з „укідам“ чутак, што нібыта ён загінуў альбо знаходзіцца пад кантролем КДБ, робяцца адмыслова з мэтай высьветліць нейкія дадатковыя факты, атрымаць дадатковую інфармацыю непасрэдна ад Алеся».

Сястра Алеся Міхалевіча Алена сказала, што ёй не вядома пра месцазнаходжаньне Алеся. Сёньня ёй так і не прынесьлі абяцанай позвы для гутаркі з кіраўніцтвам КДБ. Аднак яна адзначыла, што за сваякамі вядзецца зьнешняе назіраньне і наўрад ці спэцслужбы пакінуць іх у спакоі.

Алесь Міхалевіч зьяўляецца абвінавачаным па справе аб падзеях 19 сьнежня. 19 лютага яго выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Пасьля гэтага Алесь Міхалевіч заявіў, што яго катавалі ў СІЗА КДБ. У ноч на 14 сакавіка Алесь Міхалевіч паведаміў па «Скайпе» сваім сябрам, а потым у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ. У ноч на 16 сакавіка Алесь Міхалевіч даслаў па «Скайпе» свой аўдыёзварот і паведаміў, што рыхтуе відэзварот.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG