Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб спыніць ажыятажны попыт насельніцтва на замежную валюту — даляры і эўра — Нацыянальны банк Беларусі ў адмысловай заяве яшчэ раз паабяцаў, што дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе. Адначасна зьявіліся некалькі дырэктываў Нацбанку, якімі абмежаваны продаж валюты для юрыдычных асобаў, павялічаны тэрмін рэзэрваваньня беларускіх рублёў пры набыцьці валюты і зроблены некаторыя іншыя захады. Тым часам попыт на даляры і эўра па-ранейшаму застаецца ажыятажным.

У абменных пунктах Беларусбанку па-ранейшаму чэргі, пераважная бальшыня людзей у іх спадзяецца набыць валюту. Размаўляю з наведнікамі банку:

Карэспандэнтка: «Скажыце, калі ласка, вы спрабавалі набыць валюту ці здаць?»

Спадарыня: «Я здала сто даляраў, за мной жанчына стаяла — яна іх адразу ж і набыла. Па-мойму — самі сябе напружваем».

Спадарыня: «Спрабавала набыць, але ж валюты няма. Гэта трэба стаяць і чакаць, пакуль хто здасьць, але ж на гэта час патрэбны».

Спадарыня: «Чарга стаіць. Тыя людзі, якія кватэры здымаюць ды плацяць далярамі — тыя па паўдня стаяць, пакуль назьбіраюць 250 ці 300 даляраў».

Карэспандэнтка: «Чаму так адбываецца, як вы лічыце?»
Тыя людзі, якія кватэры здымаюць ды плацяць далярамі — тыя па паўдня стаяць, пакуль назьбіраюць 250 ці 300 даляраў.

Спадарыня: «Ня ведаю. Пэўна, людзі самі ствараюць ажыятаж, ці гэта паніка такая».

Спадарыня: «Магчыма, што і насамрэч падаражэе даляр — ніхто ж толкам нічога ня ведае».

Абвалу беларускага рубля, аднак, спалохаліся ня ўсе карыстальнікі банкаўскіх паслуг — некаторыя людзі па-ранейшаму давяраюць дзяржаўным уладам і заявам Нацбанку:

«Я зараз, дарэчы, пераафармляла рахунак у беларускіх рублях на больш выгадныя для мяне ўмовы. Я чула выказваньні кіраўніка банку, яшчэ нейкіх асобаў, якія казалі, што нічога такога не адбудзецца, што гэты ажыятаж за пару дзён пройдзе, і я неяк гэтаму веру».

У адным з аддзяленьняў «Белзьнешэканомбанку» чаргі па валюту няма, хоць курс продажу ў камэрцыйным банку не адрозьніваецца ад беларусбанкаўскага — 3082 беларускія рублі за даляр. Сваім меркаваньнем з гэтай нагоды дзеліцца загадчыца Вольга Луткова:

«Ніякага ажыятажу ў нашым аддзяленьні не было. Курсы ў нас усталяваныя, вы бачыце, што людзі падыходзяць, глядзяць і робяць патрэбныя ім апэрацыі. Вы таксама можаце падысьці і зрабіць патрэбную вам апэрацыю. Пытаньняў ніякіх няма — у нас усё ціха і спакойна. Вы бачыце, што ў Беларусбанку адбываецца і што ў нас».

Карэспандэнтка: «Як гэта можна патлумачыць?»

«Нават ня ведаю, што вам сказаць. Ёсьць у нас такое слова — мэнталітэт. Магчыма, што нашыя людзі больш схільныя да нейкай панікі, чым іншыя народы».

Заявы Нацыянальнага банку пра трываласьць курсу беларускага рубля і дырэктывы, якія прымушаюць у гэтым сумнявацца, — толькі некаторыя з прычынаў, якія выклікалі попыт на валюту ў насельніцтва, мяркуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

«Па-першае, гэта, вядома, недавер да ўладаў — народ чакае, што штосьці павінна здарыцца. І тое, што з 1 сакавіка абмежаваны продаж валюты прадпрыемствам — гэта мела свой уплыў. Тое, што падвысіўся попыт на аўтамабілі ў зьвязку са зьменай мыта — гэта таксама мела значэньне. І такая сытуацыя будзе доўжыцца: нічога вясёлкавага на валютным рынку бліжэйшым часам чакаць не даводзіцца».

Тым часам стала вядома, што Беларусь просіць у Антыкрызісным фондзе ЭўрАзЭС крэдыт у памеры 2 мільярды даляраў, а таксама ў 1 мільярд даляраў у Расеі.
XS
SM
MD
LG