Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: "Расея ўцюхала нам сваю АЭС"


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху "За свабоду" назваў заключанае 15 сакавіка пагадненьне паміж Менскам і Масквой пра супрацоўніцтва ў справе будаўніцтве АЭС "прыкладам расейскай эканамічнай экспансіі тут і цяпер".

"Нават фон для падпісаньня з Расеяй пагадненьня пра будаўніцтва АЭС атрымаўся сымбалічна нэгатыўны. Маю на ўвазе падзеі ў Японіі — праблемы там з атамнымі станцыямі. Кажу і як фізык: расейскія тэхналёгіі не параўнаць з заходнімі! Тым больш прапанаваны нам рэактар нідзе ня выпрабаваны".

"Праект АЭС нібыта меў на мэце зьменшыць нашу энэргазалежнасьць ад Масквы. Але павялічвае да крытычнага ўзроўню. На дадатак будзем яшчэ і прывязаныя да ўранавага паліва ўсходняй суседкі, бо іхняя станцыя да яго прыстасаваная. Нарэшце, будуем за пазычаныя ў Расеі ж грошы, вялікія грошы. Разьлічвацца — нашым дзецям", — заявіў палітык.

Мілінкевіч нагадаў, што "рашэньне пра зьяўленьне Беларускай АЭС было прынятае без грамадзкага абмеркаваньня, хоць такое пытаньне пасьля Чарнобылю павінна было б вырашацца нават праз рэфэрэндум".

"На жаль, усё болей губляем сувэрэнітэт — энэргетычны, эканамічны, пад сур’ёзнай пагрозай палітычны… Па сутнасьці, Расея нам, як кажуць, уцюхала сваю АЭС, скарыстаўшыся разрывам адносін з Захадам і пагарашэньнем эканамічнага становішча, якоe пагражае палітычнай трываласьці рэжыму Лукашэнкі", — лічыць лідэр руху "За свабоду".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG