Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі грошай дасьць Беларусі Расея?


Учора віцэ-прэм'ер расейскага ўраду, міністар фінансаў Аляксей Кудрын паведаміў, што Беларусь зьвярнулася ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС з просьбай выдзеліць крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў і "больш за паўгоду назад" – да ўраду Расеі аб выдзяленьні 1 млрд. даляраў.

Кудрын падкрэсьліў, што цяпер у гэтай частцы вядуцца перамовы з беларускім бокам. У Антыкрызісным фондзе ЭўрАзЭС знаходзяцца пераважна расейскія грошы.

"Прадстаўленьне крэдытаў будзе зьвязана з выкананьнем шэрагу ўмоў, са структурнымі рэформамі", – сказаў Кудрын і ўдакладніў, што гэтыя ўмовы могуць быць блізкія да ўмоў выдзяленьня крэдытаў Міжнародным валютным фондам.

Колькі з гэтых грошай атрымае Беларусь? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэртаў.

Леанід Злотнікаў
, эканаміст: Гэта пытаньне хутчэй палітычнае, чым эканамічнае. Гэта шмат для гэтага фонду, ён і так невялічкі, 2 гады таму ён плянаваўся ў памеры 2 мільярдаў, а Беларусь і просіць 2 мільярды. Там яшчэ ня ўсе ўнёскі зрабілі. З гэтага фонду двух мільярдаў ня будзе, можа быць паўмільярду, можа 700 мільёнаў.
Што тычыцца Расеі, то яна паводле палітычных меркаваньняў можа і ня дасьць.

Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацыянальнага банку
Беларусі: Я мяркую, што нейкую частку дадуць, усю не дадуць. Я мяркую, што фонд ЭўрАзЭС дасьць мільярд, Расея 500 мільёнаў.

Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік “Белгазеты”: Цяжка сказаць, яны яшчэ самі будуць
вырашаць, ацэньваць нашу плацёжаздольнасьць. 2 гады таму той самы Кудрын, казаў, што Беларусь у 2010 годзе можа стаць неплацёжаздольнай, хаця сытуацыя паводле паказьнікаў рэзэрваў была тады някепская. Можа ён са сваім прагнозам тады памыліўся на год, але тады мне незразумела, якія яны будуць шукаць прыкметы паляпшэньне сытуацыі. Але ім давядзецца прымаць рашэньне аб выдзяленьні крэдыту і хутчэй за ўсё яно будзе станоўчае. Кудрын сказаў, што ўмовы будуць прыкладна такія ж, як у МВФ. Я мяркую, што ён меў на ўвазе ўмовы абслугоўваньня – як правіла 3-4% у год. У МВФ не было адтэрміноўкі па выплаце працэнтаў на 5 гадоў, а расейцы могуць даць такую палёгку. Без гэтага крэдыту нам давядзецца кепска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG