Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуціну перадалі ліст сваякоў беларускіх палітвязьняў


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Прэм'ер-міністру Расеі Ўладзімеру Пуціну перадалі ліст, складзены сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году.

Як паведаміў БелаПАН дарадца амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў, ліст быў перададзены 15 сакавіка ў ходзе візыту Пуціна ў Менск.

14 сакавіка сябры ініцыятывы "Вызваленьне" перадалі ў расейскае пасольства ліст для Пуціна, у якім заклікалі яго "распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленьню беларускіх вязьняў сумленьня".

"Сёньня ўвесь сьвет, у тым ліку і Расея, асудзілі палітычнае самавольства і прававое бязьмежжа, якое чыніцца беларускімі ўладамі, — гаворыцца ў звароце сябраў ініцыятывы да Пуціна. — 15 сакавіка Вы маеце намер наведаць Менск. У рамках гэтага візыту ня выключана Ваша сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам . Як палітычнага лідэра вялікай краіны мы заклікаем Вас распачаць рэальныя крокі, каб паспрыяць вызваленьню беларускіх вязьняў сумленьня. Сёньня ня толькі мы, іх змучаныя сваякі, але і ўвесь сьвет з надзеяй глядзіць на Вас як на чалавека, які можа спыніць учыненую Лукашэнкам расправу над палітычнымі супернікамі і прымусіць яго паважаць элемэнтарныя правы чалавека".

Як лічаць сваякі зьняволеных палітыкаў, Пуцін можа ўмяшацца ў сытуацыю з мэтай "выратаваць жыцьцё людзей і пацьвердзіць, што Расея — гэта сапраўды сяброўская дзяржава, якая ня можа заставацца ўбаку, калі ў Беларусі пануе самавольства і беззаконьне".

Грамадзянская ініцыятыва "Вызваленьне" была створана ў канцы мінулага году сваякамі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG