Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці сэктар прагназуе магчымыя варыянты падзеяў у Беларусі


15 сакавіка Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі сумесна зь Міжнародным кансорцыюмам "ЭўраБеларусь" зладзілі круглы стол "Напярэдадні палітычнага сэзону: стратэгіі і контарстратэгіі". Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці прадставілі "Стратэгію-2012: ад дыялёгу ўнутры дэмакратычных сілаў да дыялёгу з рэжымам". Стратэгію распрацавалі прадстаўнікі трэцяга сэктару.

На круглым стале было заслухана пяць дакладаў экспэртаў, што да далейшай стратэгіі і контарстратэгіі, аналізу цяперашняй сытуацыі. Алесь Лагвінец, прадстаўнік Руху "за Свабоду!" спрагназаваў тры магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў у Беларусі: азэрбайджанскі, румынскі і польскі, па якіх можа пайсьці Беларусь. Згадваліся і Лібія з Эгіптам... Але ёсьць чыньнікі, якія могуць паўплываць на далейшае разьвіцьцё:

Алесь Лагвінец
"Першае – гэта незадаволенасьць эканамічнай палітыкай уладаў. Другое – гэта моцныя пасьпяховыя дэмакратычныя зьмены. Гэта моцныя праэўрапейскія, празаходнія настроі. Трэці чыньнік – гэта тое, што нацыянальныя дэмакратычныя сілы грунтуюць свой пратэст таксама на пытаньнях саматоеснасьці. Ну, і самае апошняе – гэта чыньнікі, якія ня тычацца апазыцыі, але таксама вельмі важныя: гэта ступень кансалідаванасьці рэжыму".

Дырэктар Цэнтру эўрапейскіх трансфармацый палітоляг Андрэй Ягораў прадставіў "Стратэгію-2012: ад дыялёгу ўнутры дэмакратычных сілаў да дыялёгу з рэжымам". Адна з асноўных тэзаў – апазыцыі трэба аб'яднацца і падчас дыялёгу з уладамі дамагчыся правядзеньня свабодных і дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў у 2012 годзе. Мэта апазыцыі – заваяваць 15 – 20% месцаў у парлямэнце. Але для гэтага неабходная сапраўдная кансалідацыя дэмакратычных сіл у грамадзтве.
Пётар Марцаў

Незалежны экспэрт Пётар Марцаў задае рытарычнае пытаньне наконт перамоваў з уладамі:

"А чаму вы лічыце, што яны сядуць размаўляць? Не таму, што схема дрэнная, (мне, да прыкладу, стратэгія падабаецца). А таму, што з гэтымі людзьмі, якія шмат-шмат гадоў выступалі супраць Лукашэнкі асабіста, ён з гэтымі людзьмі за стол перамоваў ня сядзе. Больш за тое, палова зь іх за кратамі..."

На думку Пятра Марцава, у палітыцы ўсё вырашаюць партыі:

"І калі ўжо ёсьць факт, што пратэстны электарат значна шырэйшы за апазыцыйны, значыць, трэба працаваць над аналізам ідэй, што можа прыцягнуць. Таму я б рэкамэндаваў тэхналёгію (гэта нават не стратэгія): шукаць аднадумцаў і ствараць нейкую новую буйную палітычную сілу".

Меркавалася, што стратэгія будзе абмеркаваная падчас прадстаўнічай канфэрэнцыі "Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні", якая павінна была адбыцца 18 – 19 сакавіка. Аднак аргкамітэту было адноўлена ў памяшканьні і Менскім міжнародным адукацыйным цэнтрам, і гатэлем "Краўн Плаза". Таму канфэрэнцыя пераносіцца на красавік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG