Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым прыехаў Пуцін?


Расейскі прэм’ер правёў перамовы ў Менску зь кіраўніцтвам Беларусі. Якія іх вынікі? Па якіх пытаньнях дасягнуты дамоўленасьці? Як можна ацаніць падпісаньне пагадненьня аб будаўніцтве АЭС?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі зь Менску і намесьнік дэкана факультэту ўсусьветнай эканомікі і ўсусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў.

Паўлюк Быкоўскі
Андрэй Суздальцаў
Валер Карбалевіч

Ці дамовіліся?


Валер Карбалевіч: «Ад гэтага візыту ў Беларусі чамусьці чакалі вельмі шмат. Быў вялікі ажыятаж у незалежных мэдыях, будаваліся розныя вэрсіі. Большасьць зь іх зводзілася да высновы, што беларускія ўлады будуць вымушаны ісьці на сур’ёзныя саступкі. І вось ён адбыўся. Якія высновы можна зрабіць?

Паўлюк Быкоўскі: «Перамовы непразрыстыя. Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна была больш працяглы час, чым плянавалася. Па некаторых рэальных кроках беларускага кіраўніцтва можна будзе зрабіць выснову, пра што ж дамовіліся».

Карбалевіч: «Звычайна, калі пасьля перамоваў бакі не камэнтуюць зьмест дамоўленасьцяў, абмяжоўваюцца агульнымі словамі, то журналісты і экспэрты робяць выснову, што не аб чым не дамовіліся».
Магчыма, беларускі бок хоча схаваць інфармацыю, бо дамоўленасьці ня будуць папулярнымі ў грамадзтве.

Быкоўскі: «Такія высновы звычайна зьяўляюцца спэкуляцыяй. Калі кіраўнікі маўчаць, то гэта яшчэ ня значыць, што ні аб чым не дамовіліся. Магчыма, беларускі бок хоча схаваць інфармацыю, бо дамоўленасьці ня будуць папулярнымі ў грамадзтве. Напрыклад продаж расейскаму капіталу беларускіх прадпрыемстваў».

Андрэй Суздальцаў: «Найбольш важнае пытаньне — гэта будаўніцтва АЭС. Пытаньне пра аб’ём крэдыту. Расея прапноўвае 6 млрд даляраў, а беларускі бок хоча атрымаць 9 млрд, каб на 3 млрд РФ крэдытавала эканоміку Беларусі. Важна тое, што АЭС будзе будавацца па ўнутрырасейскіх цэнах.

Другое важнае пытаньне — жаданьне Беларусі атрымаць крэдыт з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС. Яшчэ важны момант. Беларусь павінна вяртаць у расейскі бюджэт мыта за нафтапрадукты, а грошай няма.

Яшчэ адна тэма — прыватызацыя расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў. Справа ў тым, што ў Беларусі скарачаецца колькасьць прадпрыемстваў, якія цікавыя расейскаму бізнэсу. І ніякіх прапановаў, акрамя МАЗу, беларускае кіраўніцтва ня робіць. Пакуль і з прыватызацыяй МАЗу мала што зразумела. Бо ў расейскага бізнэсу ёсьць дрэнны досьвед: беларускі бок любіць прадаваць, нічога не прадаючы. То бок прадаць невялікія пакеты акцый за вялікія грошы, не дапускаючы расейскі бізнэс да кіраваньня прадпрыемствамі. Таму гэтая тэма пустая.

Энэргетычныя пытаньні


Карбалевіч: «Прэм’ер Беларусі Мясьніковіч рабіў акцэнт на дамоўленасьцях у энэргетычных пытаньнях. Тут важнай зьяўляецца нафтавая тэма. Справа ў тым, што студзеньскае пагадненьне аб нафце заключанае толькі на першы квартал. А што далей?»

Быкоўскі: «Больш беларуская нафтаперапрацоўка ня будзе прыносіць такія даходы, як раней. Гэта галоўная выснова, якую можна зрабіць».
Экспэрымэнт з вэнэсуэльскай нафтай закончыўся правалам. Беларусь павінна вярнуць Вэнэсуэле кругленькую суму.

Суздальцаў: «Беларусі бок настойвае на фіксаванай цане на нафту, Расея зыходзіць з таго, што сусьветныя цэны на нафту растуць, таму і для Беларусі цана нафты будзе павялічвацца.

І яшчэ трэба зрабіць выснову, што экспэрымэнт з вэнэсуэльскай нафтай закончыўся правалам. Беларусь павінна вярнуць Вэнэсуэле кругленькую суму. Рэальнай нафтавай альтэрнатывы Беларусь не знайшла».

Карбалевіч: «Вось падпісанае пагадненьня пра будаўніцтва АЭС. Беларусь цяпер знаходзіцца ў цяжкім эканамічным стане. Навошта ёй такі дарагі праект, на які трэба траціць вялікія грошы?»

Быкоўскі: «Падчас візыту Пуціна ўвесь Менск зьзяе ілюмінацыямі. Расейскаму прэм’еру імкнуцца пусьціць пыл у вочы. АЭС — гэта, магчыма, той жа пыл у вочы, чыньнік палітычных амбіцый. Як і касьмічны спадарожнік.

Ці варта будаваць станцыю за чужыя грошы? У Беларусі шмат што рабілася за чужыя грошы. Пытаньне ў тым, хто будзе распараджацца гэтай маёмасьцю. Вялікія грошы, якія прыйдуць у беларускую эканоміку — гэта прыцягальная акалічнасьць ў адносна кароткай пэрспэктыве».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG