Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шалкевіч пра зламанага Чыпаліна ды іншыя рэчы з бацькоўскай хаты


Вокладка кнігі.

Вокладка кнігі.

«Requiem па непатрэбных рэчах» Віктара Шалкевіча — новая кніга сэрыі «Гарадзенская бібліятэка». Аўтар апавядае пра рэчы, якія былі важныя ў ягоным жыцьці калісьці, але з часам сталі непатрэбныя. Выданьне ілюструюць здымкі з прыватнага альбома аўтара.

Віктар Шалкевіч даўно жыве ў Горадні, але бывае ў сваім родным Поразаве, што ў Сьвіслацкім раёне, дзе захавалася бацькоўская хата. У родных сьценах захаваліся рэчы, якімі карыстаўся ён сам і ягоныя родныя.

Шалкевіч: «У мяне ляжыць мая цацка — Чыпаліна, ён разламаны, ніяк не магу яго склеіць. Ён для мяне вельмі дарагі, таму што гэта была мая першая забаўка. У кожнага чалавека знойдуцца ў хаце дзесяць-дваццаць рэчаў, якія абсалютна не патрэбныя, але расстацца зь якімі няма сілы. Я напісаў пра гэтыя рэчы кніжку».

Віктар Шалкевіч кажа пра тое, як узьнікла задума:

«Павал Мажэйка проста папрасіў: Віктар, напішы кніжку пра што-небудзь. Я ўзяў і напісаў. Яна невялікая, таму што пісаць кніжкі, як у Талстых і Дастаеўскіх, у сёньняшнія часы, мне здаецца, немагчыма. Людзі зусім па-іншаму думаюць і ўспрымаюць сьвет».
Я ўзяў і напісаў. Яна невялікая, таму што пісаць кніжкі, як у Талстых і Дастаеўскіх, у сёньняшнія часы, мне здаецца, немагчыма. Людзі зусім па-іншаму думаюць і ўспрымаюць сьвет.


Выдавец «Гарадзенскай бібліятэкі» Павал Мажэйка — пра адметнасьці «Рэквіема па непатрэбных рэчах:

«Я лічу кнігу Віктара Шалкевіча безумоўнай удачай „Гарадзенскай бібліятэкі“, яна пісалася менавіта для нашай сэрыі. Вельмі добра, што Віктар пагадзіўся, пасядзеў некалькі месяцаў, каб яе зрабіць. У кнізе „Рэквіем па непатрэбных рэчах“ Шалкевіч выступае ўжо не як бард, вядомы актор або нават блазан, якога мы прывыклі бачыць, а як стваральнік настальгічных абразкоў пра тое жыцьцё, тую Беларусь, якая сыходзіць. У гэтым вартасьць кнігі».

Ці ўзяў нейкія рэчы з бацькоўскай хаты ў Горадню Віктар Шалкевіч, каб мець заўжды дома?

Віктар Шалкевіч
Шалкевіч: «Я перавез з хаты ўсе свае кружэлкі, якія калісьці купляў, забраў драўляны пэнал або „пюрнік“, як мы яго называлі. З гэтым пэналам браты мае хадзілі ў школу, а таксама бацька ці маці. Канечне, ёсьць нямала рэчаў, якія, можа, дастануцца потым маім унукам».

Аўтар падкрэсьлівае, што яго роднае Поразава — ня вёска, а мястэчка:

«Прашу зьвярнуць вашу ўвагу, што гэта не вясковая літаратура. Раней сядзеў пісьменьнік у кватэры ў Менску і пісаў, як у вёсцы было хораша. Гэта літаратура пра мястэчка. Гэта даніна таму, што адыграла калісьці вялікую ролю і зрабіла з нас такіх людзей, а ня іншых».

Разам з выхадам новай кнігі важнай падзеяй для Віктара Шалкевіча стала нядаўняя праца ў Балтыйскім доме пісьменьнікаў і перакладчыкаў у Вісьбю на востраве Готлянд у Швэцыі.

Шалкевіч: «Я займаўся тым, што пісаў новую кнігу, якая будзе называцца „Мястэчка G і ваколіцы“, гэта маецца на ўвазе Горадня. Яшчэ я быў у Стакгольме, даў канцэрт для нашай беларускай дыяспары».
XS
SM
MD
LG