Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская ўлада не зважае на небясьпеку «мірнага атаму»


Выбух на АЭС у Японіі, 14 сакавіка.

Выбух на АЭС у Японіі, 14 сакавіка.

Няштатныя сытуацыі на шэрагу атамных рэактараў у Японіі, масавыя акцыі за закрыцьцё АЭС у Эўропе і ЗША не паўплывалі на пляны ўладаў Беларусі і Расеі падпісаць пагадненьне аб пачатку будаўніцтва ў Беларусі першай атамнай электрастанцыі. Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін запэўніў, што ўзровень абароненасьці будучай беларускай АЭС будзе нашмат вышэйшы, чым у японскіх станцый. Экспэрты лічаць, што ігнараваньне досьведу тэхнагенных катастрофаў можа сьведчыць пра карупцыйную зацікаўленасьць у рэалізацыі праекту.

Напярэдадні паседжаньня ў Менску саюзнага Саўміну беларускія і расейскія эколягі заявілі пра высокую рызыку карупцыі пры рэалізацыі праекту будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы.

Сустаршыня аб’яднаньня «Экаабарона» Ўладзімер Сьлівяк абвясьціў вынікі аналізу дадзеных пра закупы карпарацыі «Росатом», якая бярэцца за рэалізацыю глябальнага праекту. Паводле ягоных зьвестак, у 40% выпадкаў былі дапушчаныя парушэньні, якія паказваюць на магчымасьць шэрых схемаў. Згодна з падлікамі экспэрта, калі кошт праекту беларускай АЭС папярэдне ацэньваецца ў 9 мільярдаў даляраў, то карупцыя можа «зьесьці» каля 4 мільярдаў. Эколягі заклікалі ўрады дзьвюх краінаў адмовіцца ад небясьпечнага аб’екта і не падпісваць пагадненьне. Такая адмова засьведчыла б памылковасьць гэтых падазрэньняў.

Тым часам расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі сьцьвярджае, што прапанаваная «Росатомам» лёгіка «адкрытага каштарысу» пры будоўлі АЭС — эканамічная пастка для Беларусі:

«Гэта сьведчыць пра ўхіленьне ад узгодненага кошту аб’екта. Я зь вялікай доляй дакладнасьці магу прадказаць, што калі сума кантракту ня будзе зафіксаваная, то цана АЭС у працэсе будаўніцтва істотна падвысіцца. І гэта будуць далёка не першапачатковыя 9 мільярдаў даляраў, канчатковы кошт можа стацца на некалькі мільярдаў большы. Нешта падобнае ўжо мела месца ў Фінляндыі падчас узьвядзеньня станцыі „Алкілуота-3“. Апроч таго, падыход атамшчыкаў да катастрофаў, усе сцэнары якіх немагчыма пралічыць, досыць легкаважны. Вопыт Японіі паказаў, што ўсё прадугледзець немагчыма, а значыць — АЭС небясьпечныя».
Падыход атамшчыкаў да катастрофаў, усе сцэнары якіх немагчыма пралічыць, досыць легкаважны.

Адзін з удзельнікаў беларускага «атамнага супраціву» Мікола Ўласевіч згодны з тым, што Беларусь з пабудовай АЭС трапіць як у экалягічную, так і ў эканамічную і палітычную пастку:

«Гэта адназначна пагроза ня проста экалягічная, але будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі — гэта і эканамічная, і палітычная пагроза. Па-першае, лезьці ў такую даўгавую яму, а па-другое, што там казаць, гэта наўпроставая пагроза сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. 9 мільярдаў даляраў, тэхналягічная і іншая залежнасьць — сыравінная і г.д. — гэта вельмі і вельмі небясьпечна. Ну, але манія велічы, нейкія іншыя памкненьні, ня выключана, што і карупцыйныя ў тым ліку, бо, як я лічу, гэтае будаўніцтва — непрыхаванае махлярства. То бок, кіруючыся мэркантыльнымі інтарэсамі. купка людзей намагаецца прасунуць, працягнуць вось гэтую ідэю».

Беларускі спэцыяліст у галіне атамных тэхналёгій прафэсар Георгі Лепін зьвяртае ўвагу на тое, што размовы пра будоўлю АЭС у Беларусі ідуць на тле масавых пратэстаў па ўсім сьвеце з патрабаваньнем неадкладнага спыненьня рэактараў. Улады Нямеччыны ўжо заявілі, што прыпыняць станцыі, пабудаваныя да 1980 году:

«У Эўропе, напрыклад, будуюцца толькі два рэактары — у Францыі і Фінляндыі. А ў свой жа час дэкляравалася праграма па запуску ледзьве не 170 рэактараў на год, па ўсім сьвеце. Ну і дзе яны? Няма гэтых рэактараў! Нямеччына практычна ўжо не будуе. Дый у Эўропе практычна нідзе ніхто не будуе, толькі Францыя ды Фінляндыя. І то ў Фінляндыі праблемы ўзьніклі — за час будаўніцтва ў два разы падаражэў рэактар, ужо зацягнутыя тэрміны. Плюс да гэтага яшчэ момант: выбралі пляцоўку побач зь Літвой, і, наколькі мне вядома, Літва вельмі незадаволеная гэтым. Карацей, ува ўсіх гэтых пытаньнях адназначна Беларусь ня можа займацца такім будаўніцтвам».

У панядзелак беларускаму амбасадару ў Літве Ўладзімеру Дражыну была ўручаная нота пратэсту ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Беларусі. Абурэньне літоўскіх уладаў выклікалі заявы беларускіх афіцыйных асобаў пра тое, што нібыта няма прэтэнзіяў адносна будаўніцтва АЭС блізу літоўскай мяжы. Літва, у сваю чаргу, заяўляе, што працэс ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе заплянаванай АЭС не завершаны і што Вільня супраць плянаў узьвядзеньня станцыі за паўсотні кілямэтраў ад літоўскай сталіцы.

Адзін з пасьлядоўных праціўнікаў выкарыстаньня «мірнага атаму» у Беларусі, прафэсар Юрый Бандажэўскі, за сваю актыўнасьць паплаціўся працяглым турэмным тэрмінам. Ён шмат працуе за межамі Беларусі і дагэтуль ня верыць, што ўзьнікла нейкая неабходнасьць, каб рабіць стаўку на такую сумнеўную энэргетычную альтэрнатыву, як АЭС:

«Трэба над гэтай праблемай супольна працаваць усёй грамадзкасьці — найперш беларускай, але і ўсім астатнім таксама. І дзяржаўнай уладзе, каб спачатку знайсьці аптымальнае рашэньне, а ня кідацца такімі праектамі, заявамі пра тое, што вось мы будзем будаваць і неўзабаве нешта там будзе. Што хочам будаваць і што яшчэ пабудуем — гэта яшчэ невядома. Таму тут патрэбны вельмі ўзважаны і аптымальны варыянт. І, перш за ўсё, калі выбіраецца варыянт суседзтва гэтага аб’екта з Эўропай, то з Эўропай перадусім трэба і раіцца. Вырашаць пытаньне на эўрапейскай прасторы, а не на нейкай замкнёнай і ізаляванай тэрыторыі. Канечне, мы працуем над гэтым пытаньнем, аналізуем яго з усіх бакоў — як лепш вырашыць гэтую праблему».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG