Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даляры ёсьць, але скончыліся. Хутка падвязуць…»


У гэтыя дні і ў Менску, і ў рэгіёнах ля абменных пунктаў банкаў — чэргі тых, хто хоча набыць валюту. Даляры і эўра ёсьць у продажы ня ўсюды і не заўсёды — нягледзячы на тое, што Нацбанк заспакойвае і запэўнівае, што праблем з валютай для насельніцтва ў краіне няма.

МЕНСК


Пра чэргі ля абменьнікаў чыноўнік кажа як пра «нацыянальную забаву» беларусаў

У панядзелак раніцай на афіцыйным інтэрнэт-партале Нацыянальнага банку Беларусі надрукавана заява, у якой абвяргаюцца чуткі пра дэвальвацыю, пагроза якой нібыта і зьбірае чэргі ў абменных пунктах.

Вось што, у прыватнасьці, патлумачыў у аўторак «Свабодзе» начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў. Перадусім ён адрынуў чуткі, што ў Беларусі магчымая рэзкая дэвальвацыя нацыянальнай валюты:

«Тыя людзі, якія сёньня ломяцца ў чэргах, пераканаюцца, што яны робяць глупства. Я ўпэўнены, што неўзабаве гэту валюту яны зноў панясуць у банк. Так ужо здаралася неаднойчы. Гэта для нас такая «нацыянальная забава».

Па словах Леаніда Драздова, цяперашні ажыятаж на валюту адбываецца насуперак тлумачэньням Нацбанку. Чыноўнік і зараз заклікае насельніцтва давяраць афіцыйнай інфармацыі:

«Калі мы кажам, што будзе менавіта так, значыць, так і адбудзецца…».
Тыя людзі, якія сёньня ломяцца ў чэргах, пераканаюцца, што яны робяць глупства.


Між тым, сытуацыя ля абменьнікаў — зусім іншая. Абменныя пункты валют у банках Менску пакупнікі трымаюць у аблозе ўжо некалькі дзён: чэргі выстройваюцца яшчэ да адкрыцьця. У пераважнай бальшыні людзі імкнуцца набыць валюту. Размаўляю з наведнікамі менскіх банкаў:

Карэспандэнтка: «Ці спрабавалі вы набыць валюту ў банках, ці лёгка гэта сёньня?»

Спадарыня: «Спрабавала, але не атрымалася. Бо людзі нібыта з ланцуга сарваліся: ва ўсіх абменьніках чэргі, нікуды не прабіцца. Калі ты хочаш здаць даляры, то гэта магчыма. А калі набыць, то — чэргі, людзі падоўгу стаяць, каб набыць сто ці дзьвесьце даляраў».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, з чым гэта зьвязана?»

Спадарыня: «Мне падаецца, што гэта чарговая чутка, што даляр будзе расьці, як гэта было, здаецца ў 2009 годзе. Людзі бягуць у крамы, раскупляюць бытавую тэхніку, іншыя тавары, а пасьля высьвятляецца, што ніякага падвышэньня няма насамрэч, і пасьля нават атрымліваецца, што людзі нават больш страчваюць у грашах».

Юнак: «Сёньня быў у банку — яшчэ не адкрыўся, а ўжо чарга стаяла вельмі вялікая. Масавы ажыятаж — у банк не прабіцца, а валюты там не хапае — не забясьпечваюць грашыма».

Карэспандэнтка: «Як вы думаеце, чаго людзі баяцца, калі імкнуцца набыць валюту?»

Юнак: «Думаю, што баяцца абвалу рубля і росту кошту даляра».

Юначка: «Была сёньня ў банку — курс даляра падвысіўся і кажуць, што яшчэ будзе расьці. А эўра зусім не было — складана».

Карэспандэнт: «Як вы лічыце, што азначае гэты ажыятаж?»

Юначка: «Усе кажуць, што курс даляра вырасьце — вось і ажыятаж. Заробкі павялічылі некаторым, вось таму, пэўна, курс і расьце».

Карэспандэнтка: «Ці хвалюе вас гэтая сытуацыя?»

Юначка: «Вядома — заробкі ж у большасьці застаюцца нязьменнымі, а цэны растуць, курс даляра расьце — а як жыць далей?»

Карэспандэнтка: «Ці хвалюе вас сытуацыя на валютным рынку? Што вы пра яе думаеце?»

Спадар: «Усе пра гэта кажуць, і мае сябры ў тым ліку па абменьніках бегаюць. Але я асабіста гэтай сытуацыяй ня дужа ўсхваляваны, і нават крыху сьмешна за ўсім гэтым назіраць. Бо я асабіста вялікімі грашыма не валодаю, жывучы ў Беларусі, за мяжу выяжджаць ня надта шмат магчымасьці, то ня маю магчымасьці і патрэбы набываць валюту. Таму з цікавасьцю назіраю за гэтай сытуацыяй — вось і ўсё».

Карэспандэнтка: «Пра што яна вам гаворыць?»

Спадар: «Я думаю, што тут, як заўжды, замяшаная палітыка: спрабуюць згуляць на чалавечым фактары. Усе баяцца страціць нават тое, што маюць, і людзьмі лёгка маніпуляваць. Я ня дужа разумею ў эканоміцы, а таму і думаю гэтак, як і кажу».

ГОРАДНЯ


У чаканьні, калі зьявіцца валюта, каля аднаго з абменных пунктаў на Цэнтральным рынку.
«Валюты няма, чакайце…»

Сёньня ў пераважнай большасьці абменных пунктаў Горадні валюты на продаж не было.

На чыгуначным вакзале ў Горадні тры абменныя пункты розных банкаў. Ва ўсіх курс даляра 3085 — купля і 3087 — продаж. Эўра сягнула за 4 тысячы 270 рублёў. Але на продаж валюты ва ўсіх трох банках няма.

Людзей побач з абменьнікамі няшмат. Адзін мужчына распавядае, што людзі паразыходзіліся, бо няма сэнсу стаяць:

«Ужо ўчора пасьля 13:00 па ўсім горадзе немагчыма было купіць валюту. Ажыятаж пайшоў, бо людзі, відаць, даведаліся з інтэрнэту інфармацыю і спалохаліся. Сёньня вунь з раніцы хадзілі і старыя, і маладыя, каб купіць ці то даляры, ці эўра. Але ўжо сёньня таксама няма».

Спадары каля аднаго з абменных пунктаў на Цэнтральным рынку ў Горадні кажуць, што нехта нядаўна здаў эўра, то, маўляў, купляйце. Пытаюся ў работніцы абменнага пункту — якая ёсьць валюта?

Спадарыня: «Даляраў няма, ёсьць сто эўра».

На рынку зьявіліся валютчыкі

Я адыходжу ад абменьніка, а за мною жанчына адразу купляе гэтыя сто эўра. Спадары, якія чакаюць, каб купіць даляры, распавядаюць, што на рынку «Паўднёвым» валютчыкі пачалі штучна падымаць курс даляра. Пытаюся — за колькі зараз там можна купіць даляры?

Спадар: «Там ужо прапаноўваюць купіць за 3150 рублёў…».

Пытаюся яшчэ ў аднаго спадара, які чакае каля абменнага пункту, пакуль нехта здасьць даляры: што ён мяркуе наконт такога раптоўнага зьнікненьня валюты?

Попыт на валюту зыходзіць ад недаверу ў беларускую эканоміку.
Спадар: «Учора я ўжо пачуў, што даляр вырасьце. Кожны другі ў горадзе кажа, што сёньня кошт даляра можа сягнуць да 3 тысяч 800 рублёў… Ну дык і што тут думаць, людзі адразу кінуліся ў паніку і пачалі вымятаць валютныя запасы з банкаў».

Карэспандэнт: «Як вы думаеце, у чым прычына гэтай зьявы?» .

Спадар: «Ну адкуль усё гэта? Ад няпэўнасьці ў нашай эканоміцы. Думаю, каб у краіне было інакш, то і ў абменьніках было б спакойна…».

Яшчэ адзін спадар далучаецца да нашае размовы і сьцьвярджае, што дэвальвацыя рубля непазьбежная і яна адбудзецца.

Спадар: «Ну што, цяпер можна ўсіх павіншаваць…».

Карэспандэнт: «Але ж у Нацбанку заяўляюць, што ніякай дэвальвацыі беларускага рубля ня будзе?».

Спадар: «Наш банк і наша дзяржава заўсёды сама сабе пярэчыць, і так у адзінстве супрацьлегласьцяў праходзіць наша жыцьцё. Гэтая дзяржава пярэчыць сама сабе, яна існуе насуперак самой сабе».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Нашэсьце» на абменьнікі



У Гомелі ля абменных пунктаў таксама чэргі. У аўторак апоўдні людзі не маглі купіць даляры ЗША й эўра ў цэнтры банкаўскіх паслуг № 401 ААТ «Банк Масква-Менск» на вуліцы Савецкай, 57.

Малады гамяльчук так тлумачыць ажыятажны попыт на валюту, і асабліва на даляры ЗША:

«Людзі скупляюць надзвычай актыўна, паколькі крызіс, землятрус у Японіі — усё гэта рухае людзьмі. Да таго ж эканамісты раяць купляць менавіта даляры, бо ў бліжэйшы час нібыта даляр моцна падскочыць. І дэвальвацыі баяцца. Літаральна ўчора распавядалі, што чакаюць дэвальвацыі рубля».

Насупраць банку «Масква-Менск», па другі бок вуліцы, у касе «Белпрамбудбанку», даляраў таксама не было. Ніякай інфармацыі касір не дае. Адно толькі кажа, што даляры павінны прывезьці.

Ні даляраў, ні эўра не было ў абменным пункце № 85 ААТ «Тэхнабанк», які знаходзіцца зьлева ад уваходу ва ўнівэрмаг «Гомель».

Адна з жанчын, якая набывала ў абменьніку расейскія рублі, губляецца ў здагадках наконт зьнікненьня валюты — ці то яна падаражэе, ці то беларусы сталі багацейшымі з прычыны падвышэньня пэнсій і заробкаў да прэзыдэнцкіх выбараў:

«Магчыма, што людзі сталі багацейшымі пасьля таго, як выбралі прэзыдэнта»

«Напэўна, падаражэе, ці нейкая іншая тут палітыка. Раней я купляла — валюта пастаянна была. Нават у мінулым месяцы і даляры былі, і эўра былі. Не было праблемаў. Магчыма, людзі сталі багацейшымі пасьля таго, як выбралі прэзыдэнта».

Абменны пункт № 30 «Беларусбанку» наагул адгарадзіўся ад мінакоў шматком паперы, на якім было напісана асадкай: «$ няма».

У панядзелак даляры гомельскія абменьнікі куплялі пераважна па 3080, эўра — па 4260 беларускіх рублёў.

БЕРАСЬЦЕ


На валюту — ажыятаж

У большасьці абменных пунктаў «Беларусбанку» ў Берасьці — дэфіцыт валюты. Курсы замежнай валюты ў дзяржаўным банку максымальныя. Ахвотным набыць ня толькі амэрыканскія даляры, але і эўра касіры толькі разводзяць рукамі: няма гатоўкі.

У прыватных банках курсы ніжэйшыя, чым у «Беларусбанку», у асноўным на 10 рублёў. Замежную валюту тут набыць магчыма. Гараджане каля касаў абменьнікаў выказваюць меркаваньне, што курс даляра ў хуткім часе значна павялічыцца — амаль да 4000 рублёў за адзін даляр ЗША:

«Людзі казалі, што нават зь сёньняшняга дня курс даляра будзе складаць 4000 рублёў. А чаму даляраў няма ў касах — дык быў жа час, калі раптам неймаверна падрос курс. Гэта было перад Новым годам. Тады неяк перажылі, а зараз таксама чакаем горшага».

Берасьцейцы шукаюць даляры ў касах прыватных банкаў, але нават і там не заўсёды ёсьць замежныя грошы:

«Няма даляраў ЗША… Я спрабавала разьменяць стодаляравую купюру, але толькі ў адным з банкаў мне прапанавалі ўсяго 20 даляраў, бо нічога болей не было. Мяркую, што проста павялічыцца моцна курс».

Даляраў і эўра няма таксама і ў берасьцейскіх банкаматах. Пры спробах зьняць з карткі грошы тэрмінал піша пра тэхнічную памылку, кажа жыхар Берасьця:

«Я спрабаваў зьняць даляры з банкамата, але не дае. Мне падаецца, што гэта зьвязана з тым, што заўтра павялічваецца працэнтная стаўка. Я наагул не магу зразумець, што адбываецца, чаму ніхто нічога не тлумачыць? Я некалькі банкаматаў абышоў, спрабую зьняць грошы, а мне піша, што адбылася тэхнічная памылка. Зайшоў у касу, там зьняў грошы, але даляраў і там няма. Тычыцца гэта і эўра. Проста не разумею, што адбываецца».



МАГІЛЁЎ


У абменьніках няма даляраў

У Магілёве ля абменьнікаў чэргі. Няма даляраў. Людзі таксама скупляюць эўра й расейскія рублі.

У аўторак на адзінаццатую гадзіну раніцы ля абменнага пункту Галоўнага ўпраўленьня нацыянальнага банку чарга з двух дзясяткаў чалавек. Некаторыя па валюту прыйшлі зь дзецьмі ў вазках. Цягам чвэрткі гадзіны ад абменьніка адышлі чалавек пятнаццаць.

Адна зь іх — спадарыня сталага веку. Усьцешаная, яна кажа, што набыла сто даляраў.

Карэспандэнт: «Шмат часу стаялі ў чарзе?»

Спадарыня: «Не, якія паўгадзіны».

Карэспандэнт: «Абмежаваную колькасьць прадаюць?»

Спадарыня: «Не, колькі хочаш бяры. Толькі іх больш няма ў продажы».

Пасьля абвесткі, што ў абменьніку больш няма даляраў, чарга істотна скарацілася. Больш трывалыя ўсё ж засталіся ля акенца. Некаторыя зь іх за сёньня пасьпелі ўжо пабываць ля некалькіх абменьнікаў. Вось адно з выказваньняў:

Спадар: «Я ўжо абышоў пяць ці шэсьць банкаў. Даляраў няма. У горадзе няма».

Карэспандэнт: «Чым-небудзь тлумачаць такую сытуацыю?»

Спадар: «Нічым не тлумачаць. Няма і ўсё. Таблічкі, тэхнічныя праблемы, а даляраў няма ў наяўнасьці».

У прадаўца валюты пытаюся, ці ёсьць у продажы даляры.

«Ёсьць! Зараз толькі во падмацаваньне падвязуць. Эўра ёсьць у продажы свабодна. Расейскія рублі таксама».

Карэспандэнт: «А перабоі толькі з далярамі?»
Ніякіх перабояў няма. Проста скончыліся..

Прадавец: «Ніякіх перабояў няма. Проста скончыліся. Я вось патэлефанавала — падмацаваньне падвязуць».

Карэспандэнт: «А скончыліся даляры таму, што попыт на іх вялікі?»

Прадавец: «Людзі набываюць, бяруць. Так».

Падобную фразу — «Даляры ёсьць, аднак скончыліся, хутка прывязуць» — давялося чуць не з аднаго акенца абменьнікаў. Чэргі ад гэтага не рабіліся меншымі. У пяці зь дзесяці абменных пунктаў, якія я наведаў, не было і эўра. Раскупілі. Людзі раззлаваныя. Разважаць пра нястачу валюты бяруцца нямногія. Тыя, хто наважваецца, выказваюцца сьцісла. Як гэты спадар:

«Я так думаю, што пяцьсот даляраў ужо адрыгнуліся нашаму народу».

Карэспандэнт: «Вы маеце на ўвазе заробак?»

Спадар: «Так».

Чарга па валюту ля абменьніка Нацыянальнага банку на вуліцы Ленінскай у Магілёве.


Леанід Заіка: «Беларусі патрабуецца 2–3 мільярды даляраў, каб ураўнаважыць фінансавую сытуацыю»


Леанід Заіка
Над прычынамі чарговай праблемнай фінансавай сытуацыі ў Беларусі разважае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«У начальніка інфармацыйнага ўпраўленьня Нацбанку Леаніда Драздова задача — супакоіць хваляваньні насельніцтва, бо людзі яшчэ набываюць валюту. Але пакуль будуць такія спакойныя і зьнешне міралюбныя тлумачэньні, то справа пойдзе яшчэ горш. Чаму? Пакуль у насельніцтва захоўваецца ў банках на дэпазытах яшчэ некалькі мільярдаў даляраў. І калі людзі пойдуць забіраць свае грошы з банкаў, то грашовай сыстэме будзе хана. Як мне падаецца, ва ўрадзе перасталі думаць пра наступствы некаторых дзеяньняў. Беларусам да галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня зрабілі падарунак — 500 даляраў сярэдняга заробку. Гэта быў падарунак, каб на выбарах перамаглі цяперашнія кіраўнікі. Яны і нарабілі розных абяцанак. Але ж гэты «падарунак» трэба будзе аддаваць. Мне ўяўляецца, што цяпер патрабуецца 2–3 мільярды даляраў, каб ураўнаважыць фінансавую сытуацыю ў Беларусі..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG