Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ даў зразумець сястры Міхалевіча, што мусіць падаць у вышук


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Сёньня да сястры Алеся Міхалевіча Алены прыйшоў супрацоўнік КДБ, які пасьля размовы пра Алеся запрасіў жанчыну на размову ў КДБ ўвечары 15 сакавіка. Алена спачатку пагадзілася пайсьці, але потым перадумала і запатрабавала афіцыйную позву.

Алена Міхалевіч: «У мяне склалася ўражаньне, што спрабавалі высьветліць, дзе Алесь, прапаноўвалі варыянты супрацоўніцтва, што ніхто яго „закрываць“ не зьбіраўся. Далі зразумець, што для іх было нечаканасьцю, што ён зьехаў, і яны мусяць падаць у вышук, а пакуль яшчэ ёсьць час, магчымы адкат назад. Але ж мы ня ведаем, дзе ён. Спачатку я пагадзілася да іх прыйсьці на гутарку, але нешта бліжэй да вечара мне стала боязна».

Пазьней ў тэлефоннай размове Алене Міхалевіч сказалі, што прышлюць ёй позву на 9:30 раніцы. «Тон размовы быў ужо іншы», — адзначае сястра палітыка.
Пакуль што ніхто ня чуў голасу Алеся Міхалевіча. Уначы 14 сакавіка ад ягонага імя быў дасланы электронны ліст у інфармацыйную кампанію БелаПАН, дзе Міхалевіч распавёў, што каб выйсьці з турмы і распавесьці пра катаваньні, ён згадзіўся прайсьці праверку на дэтэктары хлусьні па прапанаваных яму пытаньнях.

Сярод зададзеных пытаньняў былі: ці ня мае Міхалевіч замежнага грамадзянства, ці не зьяўляецца агентам спэцслужбаў. «Пасьля праверкі на паліграфе пытаньні па шпіянажы да мяне былі зьнятыя», — напісаў палітык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG