Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці склалі пратакол


Ганна Шкадун (другая зьлева) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці.
Ганна Шкадун (другая зьлева) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці.
На непаўналетнюю ўдзельніцу магілёўскай акцыі салідарнасьці Ганну Шкадун склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Ёй інкрымінуецца ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, якое адбылося 16 студзеня на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Як паведаміла маці дзяўчыны Натальля Шкадун, пратакол зь Ленінскага аддзелу міліцыі даслалі поштай. Датаваны ён другім сакавіка.

Натальля Шкадун: «У гэты дзень супрацоўнік райаддзелу Ўладзімер Радзевіч праводзіў апытаньне Ганны ў маёй прысутнасьці, аднак пра складаньне пратаколу нічога канкрэтнага ён не казаў. І вось я чытаю пратакол зь яго подпісам і бачу: „З правамі й абавязкамі асобы, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс, азнаёмлена — ад подпісу адмовілася“, „З пратаколам азнаёмлена — ад подпісу адмовілася“, „Копію пратаколу атрымала — ад подпісу адмовілася“. Як жа адмовілася ад усяго гэтага, калі мы пратакол толькі атрымалі? Я цяпер пішу скаргу ў абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў з тым, каб пакаралі міліцыянта за фальшаваньне пратаколу. Майму гневу няма межаў».

Паводле Натальлі Шкадун, сьведкамі абвінавачваньня ў пратаколе названыя міліцыянты Церашонак і Харытонаў. Што чакае Ганну пасьля складаньня пратаколу, маці пэўнасьці ня мае.

16 студзеня Ганна Шкадун разам з маці далучылася да акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Яна трымала партрэты зьняволеных кандыдатаў на прэзыдэнцтва Мікалая Статкевіча й Анатоля Лябедзькі, а таксама Рыгора Кастусёва, які цяпер пад сьледзтвам. Сябе вінаватай не прызнае й заяўляе, што выказвала сваю думку пра падзеі, якія адбыліся 19 сьнежня. На тое ёй дае права Канстытуцыя.

У акцыі салідарнасьці 16 студзеня ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Двое зь іх, фронтаўцы Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў, пабывалі пад адміністрацыйным арыштам. Беспартыйнага студэнта ўнівэрсытэту імя Куляшова Максіма Анцыповіча пакаралі штрафам у 525 тысяч рублёў. Натальлі Шкадун вынесьлі папярэджаньне. У бабруйскай турме знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік акцыі — Яўген Васьковіч. Яму інкрымінуецца злоснае хуліганства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG