Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы суд над удзельнікам Плошчы — 22 сакавіка


Мікіта Ліхавід
Аляксандар Класкоўскі.
Зьміцер Бандарэнка
Аляксандар Фядута
Сяргей Вазьняк
Прызначаны дзень, калі за ўдзел у Плошчы будуць судзіць Мікіту Ліхавіда. Адбылася вочная стаўка паміж сябрамі штабу Някляева Фядутам і Вазьняком. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі напісаў бацьку ліст.

Удзельніка падзей 19 сьнежня Мікіту Ліхавіда будуць судзіць 22 сакавіка. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла маці абвінавачанага Алена Ліхавід:

«Партызанскі суд. Чамусьці аддалі справу ў Партызанскі суд, ня ведаю, чаму. 22 сакавіка, 10 гадзіна раніцы. Судзьдзя Пыкіна. Я гэтак разгубілася, калі паведамілі, што ўжо будзе суд, расплакалася, што нават не спытала пра ініцыялы судзьдзі».

У апошнім лісьце дамоў Мікіта Ліхавід віншуе матулю і бабулю з 8 Сакавіка і шкадуе, што ня можа сам перадаць гэтыя віншаваньні. Пра будучы працэс малады чалавек нічога ня піша.

У фільме «Жалезам па шкле», які паказвала БТ, Мікіта Ліхавід фігуруе сярод тых, хто апынуўся перад дзьвярыма Дома ўраду. Невядома, ці прызнае сябе юнак непасрэдным удзельнікам спробы ўварваньня ў Дом ураду.

Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, які таксама фігуруе ў фільме БТ у эпізодзе, зьнятым каля ўваходу ў Дом ураду, даслаў першы ліст свайму бацьку, вядомаму журналісту Аляксандру Класкоўскаму. Гэта Класкоўскі-старэйшы зьвязвае са сваім зваротам да генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча. Зварот быў зьмешчаны ў друку на мінулым тыдні.

«Нарэшце я атрымаў першы ліст ад яго. Першы за амаль тры месяцы ягонага арышту. З гэтага я раблю выснову, што ў нейкім сэнсе прарваная інфармацыйная блякада. Бо ён піша, што і ад мяне атрымаў першы ліст, хаця я накіраваў яму шмат лістоў. Дарэчы, ягоны ліст датаваны 11 сакавіка. Гэта якраз калі я надрукаваў у „Народнай волі“ адкрыты ліст, у якім пісаў, што мой сын і іншыя вязьні абмежаваныя ў праве на ліставаньне са сваякамі і пазбаўленыя права на канфідэнцыйныя сустрэчы з адвакатамі».

Паводле Аляксандра Класкоўскага-старэйшага, сын паведаміў яму, што цягам некалькіх дзён, магчыма, вырашыцца і пытаньне аб сустрэчы сам-насам з адвакатам. Свой ліст бацьку былы міліцыянт Класкоўскі напісаў па-беларуску.

Каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітру Бандарэнку не перадаюць у камэру Біблію па-беларуску. «Біблію і малітоўнік перадаць ня ўдасца. Прыйдзецца купляць на расейскай мове. Па-беларуску дашлеш пазьней у калёнію. Хаця вось падказваюць, што і туды па-беларуску нельга. Гэта не крытычна, хаця і дзіўна — вернікі-беларусы, зэкі, ня могуць атрымаць Бібліі і малітоўнікі па-беларуску», — напісаў Зьміцер Бандарэнка ў лісьце жонцы Вользе.

14 сакавіка ў КДБ адбылася вочная стаўка паміж сябрамі штабу Някляева палітолягам Аляксандрам Фядутам і журналістам Сяргеем Вазьняком, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня. Сяргей Вазьняк папярэдзіў, што ня можа распавесьці падрабязнасьці сьледчага дзеяньня. Сяргей Вазьняк згадаў, што Фядута атрымаў дазвол ад сьледчага на кароткую размову зь ім адносна пахаваньня палітоляга Сьвятланы Навумавай. Пасьля размовы Сяргей Вазьняк зрабіў наступныя высновы пра стан здароўя і настрой Аляксандра Фядуты:

«Ён сказаў адно слова, што яму цяжка. Гэтае слова зь яго вырвалася. Але зьнешне ён трымаецца добра. Такі, як заўсёды. Цалаваў ручкі адвакатам, бо і ў яго, і ў мяне адвакаты — жанчыны, жартаваў. Бачна, што не зламаны чалавек, хаця зразумела, што яму вельмі цяжка. Ён жа там празь некалькі дзён ужо тры месяцы, а я адбыў там паўтара месяца. Ведаю, што ён там прымае лекі, якія прымаў і да СІЗА».

Журналіст Сяргей Вазьняк знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд. Спадар Вазьняк сказаў «Свабодзе» што кантроль за ім ня стаў больш жорсткі пасьля таго, як з краіны зьехаў экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, які таксама быў пад падпіскай пра нявыезд. «Увогуле падчас сьледчага дзеяньня з маім удзелам пра гэта гаворкі не было», — адзначыў Сяргей Вазьняк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG