Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голасу былога кандыдата на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча, які паведаміў у сваім блогу, што знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ, пакуль ня чулі ні ягоная жонка Мілана, ні сябры.

Сябра Міхалевіча Юрась Губарэвіч перапісваўся з Алесем праз скайп 13 сакавіка, калі той ужо быў за межамі Беларусі. Прычым гэты кантакт адбыўся яшчэ да таго, як Міхалевіч напісаў сваё паведамленьне ў блогу. Спадар Губарэвіч кажа, што голасу Міхалевіча ён ня чуў, але ўпэўнены, што Міхалевіч знаходзіцца ў бясьпечным месцы:

«Так, я перакананы, бо калі меў гэту размову, яна не была голасам, яна была тэкставая, але ён распавёў пра некалькі рэчаў, якія мы абмяркоўвалі яшчэ ў Менску, калі мелі зь ім сустрэчы, якія не зьвязаныя зь яго цяперашнім месцазнаходжаньнем, але пра якія мы размаўлялі ў Менску. То бок гэта мне было пацьвярджэньнем, што я ўсё ж размаўляю з Алесем Міхалевічам. Пасьля таго як я даведаўся, што ён зьехаў, пасьля таго, як ён мне пра гэта паведаміў праз скайп, я сам рэкамэндаваў яму даць абвестку для шырокай публікі, каб пазьбегнуць магчымага ажыятажу і нейкіх асацыяцый з гвалтоўным зьнікненьнем».

Як жа Алесю Міхалевічу ўдалося ўцячы? Юрась Губарэвіч кажа, што гэта цяжка ацаніць, бо ён ня ведае канкрэтных фактаў, як гэта ўсё адбывалася.

«Наколькі я ведаю, ён ня першы палітык альбо чалавек, які трапляў пад перасьлед міліцыі ці КДБ і які здолеў выехаць за мяжу. Напэўна ж ёсьць нейкія каналы. Тут трэба ўлічваць, што ёсьць фактычна адкрытая ўсходняя мяжа, можа, нейкія іншыя варыянты. Хутчэй за ўсё, мы зможам пра гэта даведацца ўжо непасрэдна ад Алеся Міхалевіча, калі ён здолее пра гэта распавесьці. Хутчэй за ўсё, такія ягоныя паводзіны зьвязаныя з тым, што ён мае яшчэ нейкія справы, якія трэба дарабіць перад тым, каб канчаткова абвясьціць, дзе ён знаходзіцца і як ён туды трапіў».

Жонка Алеся Міхалевіча Мілана таксама ня чула голасу свайго мужа пасьля ўцёкаў. Яна кажа, што ў яе няма падставаў не давяраць сябрам, якія ёй паведамілі, што з Алесем усё добра.

«Ёсьць інфармацыя, што зь ім усё добра, што ён у бясьпецы і што ў сяброў ёсьць зь ім сувязь».
Мае знаёмыя, якія ўчора заходзілі, сказалі, што зноў стаіць каля хаты ў нас машына з хлопчыкамі, як мы іх называем.

На пытаньне, ці шукаюць Алеся Міхалевіча з КДБ, ці зь міліцыі, спадарыня Мілана сказала:

«Ніхто да мяне не тэлефанаваў, ніхто да мяне не зьвяртаўся. Мае знаёмыя, якія ўчора заходзілі, сказалі, што зноў стаіць каля хаты ў нас машына з хлопчыкамі, як мы іх называем».

Тым часам, паводле Міланы, Генпракуратура перадала заяву Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў СІЗА КДБ у Беларускую вайсковую пракуратуру:

«Упершыню за больш чым два з паловай месяцы нейкая са скаргаў на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, якую падавалі мы, якія падавалі іншыя сваякі, не была накіравана назад у КДБ, а перасланая ў іншыя ўстановы. З вайсковай пракуратуры я пакуль не атрымлівала адказу».

У сілавых структурах пакуль не падаюць ніякай інфармацыі адносна ўцёкаў Алеся Міхалевіча, абвінавачанага па справе аб падзеях 19 сьнежня. Пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, а потым быў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

Мілана Міхалевіч: "Калі Алесь прыняў такое рашэньне, значыць, у яго былі вельмі грунтоўныя падставы для гэтага". Відэа БелаПАН



Дзе Міхалевіч?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG