Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыбаўскайце: "Стаўленьне да Лукашэнкі не зьмянілася. Яно неадназначнае"


Днямі прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце дала інтэрвію парталу DELFI. Падчас гутаркі, апроч іншага, была закранутая тэма стасункаў з Беларусьсю. У прыватнасьці, было зададзенае пытаньне, ці не памяняла спадарыня прэзыдэнт свой погляд на Аляксандра Лукашэнку пасьля выбараў, якія прайшлі ў Беларусі, і падзеяў, якія адбыліся пасьля выбараў, і ці ня лічыць яна памылковымі ініцыятывы кантактаў зь ім.

Д. Грыбаўскайце прызнала, што "апошняя частка выбараў" у Беларусі расчаравала яе. Але, на думку прэзыдэнта, неабходна падтрымліваць кантакты з тымі, каго не закранаюць санкцыі, а час пакажа, як у далейшым будуць складвацца адносіны.

"Адносіны і пазыцыя ў дачыненьні да Беларусі, а таксама яе кіраўніка былі сфармаваныя ў адпаведнасьці з пазыцыяй ЭЗ – я не была знаёмая зь ім асабіста. Збліжэньне і жаданьне, каб выбары ў Беларусі былі як мага больш адкрытымі, было выяўлена і Эўразьвязам, таму я спрабавала выканаць гэтую функцыю.

Рада, што вялікую частку абавязацельстваў мы выканалі. Толькі, зразумела, апошняя частка выбараў расчаравала – і АБСЭ, а мяне таксама. Мае адносіны і меркаваньне пра Аляксандра Лукашэнку такія, якімі і былі – неадназначныя. Зараз ёсьць пэўныя санкцыі ЭЗ па спыненьні кантактаў з гэтым палітыкам. Але зь іншымі кантактаваць неабходна. Службовыя асобы будуць падтрымліваць кантакты з асобамі, з якімі дазволена мець зносіны.

Наколькі мне вядома, бізнэс рыхтуе двухбаковы сэмінар у Літве. А як у далейшым складуцца адносіны, пакажа час. Спадзяюся, што адносіны адновяцца, а ўрад Беларусі ўсьвядоміць свае памылкі і паспрабуе адкрывацца насустрач і Эўропе, і правам чалавека – так, як гэта было перад выбарамі", – сказала прэзыдэнт Грыбаўскайце.

"Мы адразу асудзілі неадэкватнае ўжываньне сілы. Ніхто не ўхваляе дзеяньні супраць правоў чалавека", – адзначыла яна, камэнтуючы падзеі, якія адбыліся адразу пасьля выбараў у Менску.

Параўноўваючы стасункі зь беларускім і расейскім лідэрамі, Грыбаўскайце сказала, што ёй аднолькава нялёгка як з Лукашэнкам, гэтак і з Пуціным: "З абодвума няпроста. Яны розныя людзі. Нашы кантакты пакуль не на тым узроўні, каб гэтыя зносіны былі лёгкім. На самай справе ёсьць адчувальныя моманты як у Літве, так і ў Расіі, таму зносіны крыху напружаныя. Аднак мець зносіны неабходна, мы павінны спрабаваць пераступіць балючыя моманты і думаць аб тым, што ўяўляе карысьць для абедзьвюх дзяржаў у будучым", – перакананая Д. Грыбаўскайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG