Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WP: Трэба паўстрымаць Кадафі


У сёньняшнім выданьні Washington Post сталы аўтар гэтай газэты, Рычард Коэн, заклікае адміністрацыю прэзыдэнта ЗША Барака Абамы да ўмяшаньня ў грамадзянскую вайну ў Лібіі і ўсталяваньня ў гэтай краіне зоны, вольнай ад палётаў авіяцыі Муамара Кадафі.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў гэтага артыкулу:

21 сьнежня 1988 году Муамар Кадафі забіў Тэадору Коэн [дачка аўтара артыкулу – РС]. Яна была сярод 259 чалавек на борце самалёта, які выконваў рэйс Pan Am Flight 103. Агенты Кадафі таксама падарвалі начны клюб "La Belle" у колішнім Заходнім Бэрліне, дзе зьбіраліся амэрыканскія вайскоўцы. Кадафі падтрымліваў іншыя тэрарыстычныя акты. Ён ухваліў забойства ізраільскіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях 1972 у Мюнхэне ды замах на Анвара Садата. Ён забіваў дысыдэнтаў у Лібіі ды таксама высылаў сваіх агентаў забіваць дысыдэнтаў за мяжою. Калі ён пераможа ў цяперашняй грамадзянскай вайне, ён будзе забіваць сваіх ворагаў. Рыхтуецца крывавая лазьня.

Адкуль я ведаю? Я ня ведаю. Я толькі магу азірнуцца на мінулае – каб паглядзець, што тварыў Кадафі – і зрабіць выснову, што ён будзе так рабіць і ў будучыні. Але яго магчыма паўстрымаць. Калі прэзыдэнт Рональд Рэйган адпомсьціў за ўзарваньне "La Belle" бамбаваньнем Лібіі, Кадафі зразумеў сыгнал і супакоіўся. Калі Кадафі ўбачыў, што Амэрыка ўзялася за пошук (меркаванай) зброі масавага зьнішчэньня ў краіне Садама Хусэйна, ён пазбыўся сваёй. Ён нават заплаціў кампэнсацыю за ўзарваньне самалёту Pan Am 103. Муамар Кадафі – вар’ят, але ён – ня дурань.

Заклікаючы да ўсталяваньня ў Лібіі зоны, вольнай ад палётаў, шматлікія амэрыканскія палітыкі і іншыя прыводзілі розныя гістарычныя паралелі, каб падмацаваць свой пункт гледжаньня. (...) Лібія – гэта не Руанда. Лібія – гэта не Балканы. Але яна можа стаць адным або другім.

Каб выключыць такую магчымасьць, было б карысна, каб адміністрацыя Абамы нарэшце сказала на гэты конт нешта ўцямнае. (...) Як ні дзіўна, Белы дом хоча пачакаць, пакуль у гэтай справе ня зробяць нечага амаль усе іншыя – ААН, НАТО, "шматбаковыя арганізацыі і двухбаковыя адносіны", як сказаў нам у інтэрвію Бэн Роўдс з Рады нацыянальнай бясьпекі. Гэта напышлівы спосаб сказаць, што спачатку трэба арганізаваць сустрэчу, потым стварыць камітэты, а потым паінфармаваць аб выніках абмеркаваньня, празь нейкі час... калі добры Бог дазволіць.

Усё гэты вельмі міла – і так непадобна на Джорджа Буша-малодшага. Але абачлівасьць Абамы мяжуе з прамаруджваньнем. Міжнародная супольнасьць амаль ніколі на нічым не сыходзіцца. Яна заўсёды глядзіць, у які бок ідуць Злучаныя Штаты. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ўсталяваў дыпляматычныя адносіны з лібійскімі паўстанцамі, але сьвет гэтага амаль не заўважыў. Бо значэньне мае толькі тое, што робяць Злучаныя Штаты. Мы маем грошы. Мы маем веды і досьвед. Мы маем войска. Мы вядзем, яны ідуць за намі. (...)

Яшчэ ня позна, каб ААН увяла зону, вольную ад палётаў. (Нават Арабская ліга заклікала да гэтага.) Гэткі захад не абавязкова накіраваў бы нас на коўзкую дарогу. Ніякія амэрыканскія вайскоўцы не паехалі ў Босьнію раней, чым там усталявалася перамір’е. Трэба неадкладна даць зразумець Кадафі, што Злучаныя Штаты не дазволяць яму ўчыніць разьні ягоных апанэнтаў, як Садам Хусэйн учыніў з шыітамі і курдамі – на вечную ганьбу Джорджа Буша-старэйшага. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG