Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпер падтрымаць палітвязьняў можна проста ў інтэрнэце. Сайт www.pashtouka.org прапануе падпісаць паштоўку для беларускіх вязьняў сумленьня, не адыходзячы ад кампутара.





Распавядае адзін са стваральнікаў праекту Андрэй Кім:

Андрэй Кім
"Ужо на працягу многіх гадоў мы рэгулярна праводзім кампаніі па адпраўцы паштовак палітвязьням. За гэтыя гады тысячы пасланьняў прыйшлі тым, хто арыштаваны ў Беларусі за свае перакананьні. Я сам быў у зьняволеньні і ведаю, наколькі важныя словы падтрымкі. За час адседкі я атрымаў некалькі сотняў такіх паштовак, і кожная зь іх была як глыток сьвежага паветра.

Аднак такія кампаніі былі абмежаваныя геаграфічна, не заўсёды атрымлівалася перадаць паштоўку для подпісу людзям зь іншых гарадоў, а тым больш краін. Акрамя таго, нават з суседняй Расеі лісты і паштоўкі ідуць у беларускую турму больш за месяц.

Таму ў гэтым годзе мы прыдумалі сайт www.pashtouka.org.

Любы чалавек, дзе б ён ні знаходзіўся, можа з дапамогай гэтага сайту напісаць палітвязьню. Дастаткова выбраць адрасата, паштоўку і ўвесьці тэкст пасланьня. А тут у Менску мы раздрукуем гэты тэкст на адваротным баку абранай паштоўкі і дашлем па пошце.

Гэта проста і эфэктыўна. Дзе б вы ні былі — у Маскве, Празе, Сіэтле альбо Нью-Ёрку — вы зможаце адпраўляць словы падтрымкі ў беларускія турмы, не ўстаючы з-за кампутара. Больш за тое, зараз мы працуем над мабільнай вэрсіяй сайту, каб адправіць паштоўку можна было нават па дарозе на працу.

Вы можаце выбраць альбо сатырычныя паштоўкі ад Андрэя Більжо, які намаляваў іх спэцыяльна для гэтага праекту, альбо іншыя паштоўкі, прысьвечаныя правам чалавека.

Колькасьць палітвязьняў цяпер прыкладна роўная колькасьці паштовак на нашым сайце. Спадзяюся, што колькасьць першых будзе зьмяншацца, а другіх — павялічвацца.

Я мару пра тое, каб тысячы людзей далучыліся да гэтай кампаніі і адправілі як мага больш паштовак. Бо тое, што сапраўды трэба беларускім палітвязьням — цёплыя словы падтрымкі і разуменьня — можа цяпер даць кожны з нас. Гэта і ёсьць салідарнасьць".

Калі ў вас ёсьць жаданьне дапамагчы праекту, або вы можаце прапанаваць эскізы новых паштовак, або хочаце падпісаць пасланьне сваёй рукой, то зьвязацца з арганізатарамі кампаніі можна па адрасе repression.by@gmail.com.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG