Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не разумею, як можа дэпутат, заяўляючы пра каштоўнасьць сувэрэнітэту, адначасна называць першую Канстытуцыю дзяржавы “бомбай” пад гэтую дзяржаву!”.

Гэтыя словы Віктара Ганчара былі адказам на мой выступ перад галасаваньнем 15 сакавіка 1994 году. Я сапраўды назваў праект Канстытуцыі “бомбай пад дзяржаву”; мае калегі па Апазыцыі БНФ выкарыстоўвалі такія ж экспрэсіўныя фармулёўкі, спрабуючы заблякаваць увядзеньне пасады прэзыдэнта, якую прадугледжвала Канстытуцыя.

Сёньня некаторыя аглядальнікі, гаворачы пра лукашэнкаўскія дапаўненьні 1996 і 2004 году, падаюць Канстытуцыю 1994 года ледзь не як эталён.

Дарэмна.

Гэтая Канстытуцыя (у варыянце 1994 г., не кажу ўжо пра “дапаўненьні”) калі і можа быць прыкладам – дык таго, як непрадуманасьць, пасьпешлівасьць, ігнараваньня законаў грамадзкага разьвіцьця , ды й проста ігнараваньня здаровага сэнсу могуць прывесьці грамадзтва ў стан глыбокага, шматгадовага палітычнага крызысу.

Нагадаю храналёгію.

З моманту аднаўленьня Незалежнасьці ў жніўні 1991 года дэпутаты БНФ патрабавалі новых парлямэнцкіх выбараў (“новая дзяржава – новы парлямэнт”). Мы лічылі, што толькі новы, дэмакратычны парлямэнт павінен прымаць новую Канстытуцыю. Мадэль старшыні ВС Станіслава Шушкевіча была іншай: спачатку Канстытуцыя, і толькі потым – выбары (асабліва выразна гэтае прынцыповае разыходжаньне паміж намі выявілася ў 1992 годзе, калі Шушкевіч выступіў супраць ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбарах). Але пры гэтым Шушкевіч, як і мы, быў прыхільнікам парлямэнцкай формы праўленьня.

Мы былі перакананыя, што Беларусь не гатовая для ўвядзеньня прэзыдэнцкай пасады, што патрэбен час для ўсталяваньня шматпартыйнасьці, фармаваньня грамадзянскай супольнасьці – а ў “сэрвільным” (вызначэньне Пазьняка) грамадзтве прэзыдэнт непазьбежна перарасьце ў дыктатара.

Наадварот, старшыня саўміну Кебіч імкнуўся замацаваць свае пазыцыі, і дарадцы пераканалі яго, што прэзыдэнцтва – найлепшы дзеля гэтага шлях.

Вясной 1993 года пад уплывам “пракабічаўскай большасьці” Шушкевіч зьмяніў пазыцыю – і ў праект Канстытуцыі былі ўнесеныя “прэзыдэнцкія” разьдзелы.

Адначасна, Вярхоўны Савет вырашыў пашырыць склад Канстытуцыйнай Камісіі. Апазыцыі БНФ удалося правесьці туды некалькі сваіх дэпутатаў, у тым ліку і аўтара гэтых радкоў. Аднак прыхільнікаў прэзыдэнцтва ў складзе камісіі ўсё роўна заставалася больш; і пры галасаваньні нязьменна перамагаў непажаданы для нас варыянт.

Аднак пэўны час на сэсіях ВС нам удавалася блякаваць прыняцьце прэзыдэнцтва – да таго моманту, пакуль свае інтарэсы ва ўвядзеньні такога варыянту ня ўбачылі Карпенка і Ганчар.

Ня буду цяпер даваць палітычную ацэнку Генадзю Карпенку – скажу толькі, што, па маім перакананьні, ягоныя дзеяньні да 1995 году часам былі на карысьць дэмакратызацыі і ўмацаваньню беларускай незалежнасьці. Што да Ганчара, дык пра плян “маладых ваўкоў” мне ўжо даводзілася пісаць. Лукашэнка выкарыстоўваецца ў якасьці “тарану” для адхіленьня Кебіча, Ганчар прызначаецца прэм’ерам, Булахаў – старшынём Канстытуцыйнага Суду. Пры аўтарытарным мэнталітэце Лукашэнкі, доўга чакаць парушэньняў Канстытуцыі не давялося б. Канстытуцыйны Суд прыняў бы адпаведнае рашэньне, ну а пры адмоўным стаўленьні да Лукашэнкі і БНФ, і намэнклятуры імпічмэнт быў бы справай хуткай. Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта рабіўся б прэм’ер-міністар, які б меў самыя лепшыя шанцы перамагчы на нечарговых прэзыдэнцкіх выбарах.

Але і дзейны прэм’ер Вячаслаў Кебіч лічыў, што ягонае прэзыдэнцтва – справа часу, трэба толькі як найхутчэй зьмяніць Канстытуцыю.

26 студзеня 1994 года Шушкевіч быў адхілены ад пасады старшыні ВС, на яго месца быў прызначаны генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб, які меў прыкметныя заслугі перад Масквой – у якасьці старшыні камісіі ВС па нацыянальнай бясьпецы Грыб дамогся ад Шушкевіча далучэньня Беларусі да вайсковай сыстэмы калектыўнай бясьпекі СНД (АДКБ), якой фактычна кіраваў расейскі Генштаб. Дэмакратычная супольнасьць імгненна адчула прыход міліцэйскага генэрала на вышэйшую пасаду – ужо праз некалькі дзён пачаліся затрыманьні апазыцыйных актывістаў.

У лютым 1994 Вярхоўны Савет прыступіў да галасаваньня па апошніх разьдзелах Канстытуцыі. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарговы раз заявілі, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва прывядзе да дыктатуры і адмовіліся браць удзел у галасаваньні. Некалькі дзён нам удавалася блякаваць прыняцьце рашэньня – увесь час не хапала то дваццаці, то трыццаці галасоў.

І тады Булахаў і Ганчар прапанавалі пайсьці на парушэньне Рэглямэнту ВС і праводзіць галасаваньне не праз электронную сыстэму, а пайменнымі бюлетэнямі, прычым – цягам трох дзён, каб сабраць паболей галасоў.

Мы заявілі, што гэта – грубае парушэньне парадку галасаваньня, што прынятае такім чынам рашэньне ня будзе легітымным, але ВС пагадзіўся з прапановай Ганчара і Булахава.

Цягам трох дзён у Дом ураду прывозілі дэпутатаў – некаторых (вэтэранаў) на карэтах “хуткай дапамогі”, іншых мы, здаецца, увогуле бачылі ўпершыню за чатыры гады кадэнцыі парлямэнту.

15 сакавіка 1994 году Канстытуцыя была прынятая – з парушэньнем Рэглямэнту ВС. Праз менш як чатыры месяцы у Авальную залю ўвайшоў новаабраны прэзыдэнт, а яшчэ праз дзевяць месяцаў – спэцназ і група КДБ “Альфа”.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG