Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Міхалевіч даслаў у рэдакцыю інтэрнэт-газэты Naviny.by допіс, які, паводле папярэдняй, месячнай даўніны, дамоўленасьці, ён меўся пісаць у рубрыку «Мнение». Ліст ад яго быў атрыманы 14 сакавіка ў 00:46 паводле менскага часу. З гэтага рэдакцыя робіць выснову, што Міхалевіч накіраваў яго з-за мяжы.

Аднак характар ліста сьведчыць, што ён быў напісаны да зьяўленьня ў блогу Міхалевіча паведамленьня пра тое, што ён знаходзіцца па-за зонай дасягальнасьці КДБ.

Тое, што Міхалевіч за мяжой, сьцьвярджаюць ягоная жонка і сябры. Аднак дагэтуль няма пацьверджаньня, што нехта чуў голас палітыка пасьля ягонага зьнікненьня. Таксам невядома, ці сам ён зрабіў запіс у Жывым Журнале, пры якіх умовах. Рэдакцыя Радыё Свабода працягвае пошук інфармацыі, якая магла б высьветліць сытуацыю.


Ліст Алеся Міхалевіча:

Я не прэтэндаваў на тое, каб быць героем. Я не зьбіраўся піярыцца на сядзеньні ў турме, ды і ўвогуле сядзець не зьбіраўся. Хацеў пасьля выбараў працаваць над прыцягненьнем інвэстыцый.

У КДБ мне адразу запрапанавалі публічна асудзіць іншых. Чакалі паказаньняў супраць Статкевіча, Някляева ды Саньнікава. Я адмовіўся.

Я хацеў застацца чалавекам і нікому ня шкодзіць, займацца сям’ёй і зарабляць грошы, захаваўшы сумленьне.

Супраць мяне пачаліся апісаныя мной раней катаваньні. Большасьць кандыдатаў, якія, у адрозьненьні ад мяне, заклікалі на Плошчу па тэлебачаньні, ужо былі дома. Каб выйсьці з турмы, я напісаў ліст Лукашэнку, дзе наступіў на ўласныя амбіцыі. Сказаў, што вылучаўся, каб паказаць яму праблемы краіны з гледзішча простага чалавека.

Я нікога не асуджаў, і Лукашэнку гэтага хапіла, а вось Камітэту дзяржаўнай бясьпекі падалося мала. Мяне пачалі дэманстратыўна падазраваць у шпіянажы. Мне на практыцы паказалі, што «хлопцы ў масках» не спыняцца ні перад чым. Я пабачыў, што ламаюць ня толькі мяне. Ламаюць краіну.

Каб выйсьці з турмы і распавесьці пра катаваньні, я пагадзіўся прайсьці праверку на паліграфе (дэтэктары ілжы) па прапанаваных мне пытаньнях: ці маю я замежнае грамадзянства і ці не зьяўляюся агентам спэцслужбаў. Я пайшоў і на гэта. Пасьля праверкі на паліграфе, якая запісвалася на відэа, пытаньні па шпіянажы да мяне зьняліся.

Але і гэтага было мала, каб мяне выпусьціць.

Шмат разоў мне задавалі пытаньне: ці вярнуся ў палітыку. Казаў, што пасьля сыходу Лукашэнкі, магчыма, што так. Як пасьля аказалася, кіраўніцтва Камітэту гэтага баіцца. Думаю, яны ўжо самі плянуюць, што будзе пасьля сыходу Лукашэнкі, дзеляць шкуру незабітага мядзьведзя. Вось толькі канкурэнты, асабліва якія маюць веды ды імя, ім не патрэбныя. Кіраўніцтва камітэту хацела зьнішчыць мяне палітычна, а, пажадана, яшчэ і маральна. Так узьнікла прапанова падпісаць паперу аб супрацоўніцтве. Гэта павінна было быць гарантыяй маёй падкантрольнасьці ў будучыні. Другой часовай гарантыяй была падпіска пра нявыезд. Таму, ня маючы ніякіх доказаў маёй вінаватасьці, я застаюся абвінавачаным. А за час сьледзтва плянавалася дачакацца маіх даносаў, і добра падсадзіць мяне на кручок.

Толькі гэта ніяк не супадала з маімі плянамі застацца чалавекам.

А героем я не хачу быць сам.


Алесь Міхалевіч застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 сьнежня 2010 году. КДБ абвергла абвінавачваньні Міхалевіча ў катаваньнях і заявіла, што інфармацыя аб іх зьяўляецца паклёпам. Прадстаўнікі КДБ таксама пацьвердзілі агенцтву БелаПАН, што сьледчыя забралі ў Міхалевіча пашпарт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG