Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сакавіка ў Менску чакаюць кіраўнікоў урадаў Расеі і Казахстану. Уладзімер Пуцін і Карым Масімаў разам зь Міхаілам Мясьніковічам будуць удзельнічаць у паседжаньні найвышэйшага органу Мытнага зьвязу Беларусі, Расеі і Казахстану. Акрамя таго, адбудзецца паседжаньне Саўміну так званай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Прэм'ераў Казахстану і Расеі прыме Аляксандар Лукашэнка.

Правілы Мытнага саюзу "тройкі" прадугледжваюць – ніводная з трох краінаў ня можа ў аднабаковым парадку прымаць рашэньняў, якія абмяжоўваюць інтарэсы яе партнэраў. Аднак беларускі бок, не параіўшыся з партнэрамі, пра што публічна заявіў дарадца амбасады Расеі ў Менску Сяргей Кузьняцоў, пайшоў на такі крок.

Урад і Нацыянальны банк увялі абмежаваньні на куплю валюты пры імпарце інвэстыцыйных тавараў на суму 50 тысяч эўра. Праз гэта расейскім і казахстанскім таварам стане цяжэй трапляць на беларускі рынак.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў лічыць: у такіх спрэчных пытаньнях апошняе слова павінна быць за судом. І ён не выключае судовай адказнасьці ў міжнародным пляне:

"Яна можа зьявіцца ад пачатку функцыянаваньня суду. Пакуль што яго няма. Ён неабходны для абслугоўваньня інтарэсаў бізнэсу, для дзяржаўных і міждзяржаўных спрэчак. Гэты суд у ідэале павінен быў бы ўжо функцыянаваць".

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня Станіслаў Шушкевіч сказаў "Свабодзе", што фінансавыя праблемы "тройкі" яго цікавяць менш за пытаньні так званай саюзнай дзяржавы. Сваю занепакоенасьць ён тлумачыць прызначэньнем на пасаду прэм'ера Міхаіла Мясьніковіча, які раней дэкляраваў сваю адданасьць ідэі адзінай валюты з Расеяй:

"Кантакт Пуцін – Мясьніковіч тут галоўным павінен быць. Пуцін сказаў аб прыхільнасьці Лукашэнкі да агульнай валюты. І хоць я думаю, што гэта чарговая крывадушнасьць Лукашэнкі, сустрэча абяцае быць вельмі цікавай.

Мясьніковіч – вельмі дасьведчаны чалавек, які працуе зь любымі ўладарамі – ад камуністычных да капіталістычных. І шукаюцца захады, каб уладкаваць стасункі Беларусі і з Захадам, і з Усходам. Мясьніковіч будзе намагацца гэта зрабіць. Ніякіх прыстойных прынцыпаў у яго не было. І я думаю, і ня будзе".

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі прагназуе: расейскі прэм'ер сёньня ўздыме пытаньне пра адзіную зь Беларусьсю валюту:

"Сэнс пытаньня ў наступным. Такой адзінай валютай, паводле Пуціна, павінен быць выключна расейскі рубель. А эмісійным цэнтрам – выключна расейскі Цэнтрабанк. А інтэрпрэтацыя беларускага боку наступная – так, мы ня супраць агульнай валюты. Але гэта ня будзе ні расейскі, ні беларускі рубель. А эмісійны цэнтар павінен быць і не ў Маскве, і не ў Менску. То бо патрэбны трэці фінансавы цэнтар. Але ж Расея на гэта ніколі ня пойдзе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG