Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Небясьпечная ідэя: збудаваць АЭС у сэйсмаактыўнай зоне


Падчас заплянаванага на 15 сакавіка паседжаньня так званага саюзнага Саўміну Беларусь і Расея маюць падпісаць пагадненьне аб будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі, а таксама дамову аб паралельнай рабоце энэргасыстэмаў. Бакі спадзяюцца, што земляныя работы на Астравецкай пляцоўцы могуць пачацца ўжо сёлета.

У гэтай сувязі актывісты антыядзернага руху перакананыя: шэраг аварыяў, выкліканых прыроднымі катаклізмамі ў Японіі, а таксама спадчына, якую пакінуў беларусам выбух на Чарнобыльскай АЭС, даюць падставу казаць пра будаўніцтва АЭС у Беларусі як неапраўданую і злачынную авантуру.

Напярэдадні Беларуская антыядзерная кампанія заклікала ўлады Беларусі вынесьці ўрок з трагедыі, што разгортваецца ў Японіі, і адмовіцца ад плянаў будаўніцтва атамнай станцыі. Нават самыя сучасныя тэхналёгіі не даюць гарантыі кантролю над "мірным атамам". І ў сувязі з гэтым даводзіцца прызнаць: бясьпечных АЭС не існуе. Аварыі на японскіх АЭС, што адбыліся пасьля моцнага землятрусу і цунамі, сьведчаць пра гэта.

Аўтары закліку асабліва акцэнтуюць увагу на тым факце, што пад АЭС выбрана Астравецкая пляцоўка на Гарадзеншчыне, дзе крыху больш за сто гадоў таму, у 1909-м, адбыўся наймацнейшы ў Беларусі землятрус сілаю 7 балаў. Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч лічыць, што такая акалічнасьць увогуле цягне на злачынства:
Не магу зразумець, чаму маўчыць Акадэмія навук. Яны ж ведаюць, які там рэальны стан рэчаў!


"Рэч у тым, што будаўнічыя нормы дазваляюць разглядаць варыянты будаўніцтва падобных аб'ектаў да 7 балаў уключна. Усясьветны досьвед паказвае, што варта ўлічваць і куды большыя паказьнікі – ад 7 да 9 балаў. У нашых нормах гэта ўвогуле ніяк ня ўлічваецца, а дарэмна. У раёне Астраўца, як сьведчаць дакумэнтальныя паказчыкі, падчас таго землятрусу ўтварыўся вельмі доўгі яр, кар'ер – болей за мілю. Дзе гарантыя таго, што гісторыя не паўторыцца? І сёньня я проста не магу зразумець, чаму маўчыць Акадэмія навук. Яны ж ведаюць, які там рэальны стан рэчаў! Чаму ўрэшце прынятае такое рашэньне? Тут, як мне падаецца, увогуле на злачынства цягне. Перакананы, што ў цывілізаваных краінах такое проста немагчыма".

Беларускія чыноўнікі запэўніваюць, што будучая беларуская АЭС без праблемаў вытрымае прыродныя катаклізмы, якія зваліліся на Японію, а таму турбавацца за яе бясьпеку ня варта.

Аднак незалежныя экспэрты нагадваюць: доўгі час японскія ўлады гэтаксама запэўнівалі жыхароў краіны, што АЭС цалкам бясьпечныя, а выхад радыяцыі немагчымы нават у выпадку самага моцнага землятрусу. Беларускія атамныя лабісты, як гаворыцца ў заяве Беларускай антыядзернай кампаніі, таксама заяўляюць: АЭС вытрымае землятрус, падзеньне самалёта ды іншыя вонкавыя ўзьдзеяньні. Між тым насьцярожвае, што на праектна-пошукавыя работы даецца ўсяго паўгоду і, па аптымістычных прагнозах, капаць катлаван пад АЭС пачнуць ужо ў верасьні. Хоць звычайна такія працы займаюць ад двух да чатырох гадоў. І ўсё гэта, як кажа актывіст руху "Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь", прафэсар Георгі Лепін, без уліку фінансавага аспэкту справы:
Калі былі праведзеныя нармальныя ацэнкі гадоў 12 таму, калі такая магчымасьць яшчэ была, дык тады згоду на будаўніцтва далі літаральна працэнтаў 7 – 8 беларусаў...


"Калі ўзяць такую звычайную, недаразьвітую ў гэтым сэнсе краіну, як Беларусь, то яна можа будаваць рэактар гадоў 10 – 15. Вось можаце сабе ўявіць, якія выдаткі пойдуць. Найменей 10 гадоў Беларусь будзе ў палоне фінансавых праблемаў. А што да насельніцтва, то яны толькі гавораць – маўляў, большая палова грамадзянаў "за" АЭС. Усё гэта хлусьня! Калі былі праведзеныя нармальныя ацэнкі гадоў 12 таму, калі такая магчымасьць яшчэ была, дык тады згоду на будаўніцтва далі літаральна працэнтаў 7 – 8 беларусаў. Таму і ў гэтым пляне нічога не праходзіць. Дарэчы, калі ня так даўно ў Расеі праводзілі адпаведнае апытаньне, там прыблізна такі вынік і атрымалі: ня больш чым 10% "за", астатнія – або "супраць", або абыякавыя да гэтага".

І хоць беларускія ўлады гатовыя пачаць будаўніцтва АЭС ужо найбліжэйшай восеньню, няма ніякай пэўнасьці адносна фінансаваньня гэтага звышфінансаваёмістага праекту. Афіцыйны Менск падрыхтаваў запыт да Расеі на мэтавы крэдыт на 9 мільярдаў даляраў. Тэрмін крэдытаваньня – ня меней за 25 гадоў з адтэрміноўкай выплат да моманту пачатку працы станцыі.

Экспэрты кажуць, што ніякай выгады пры такім раскладзе Масква не атрымае. Чаму тады Расея пагаджаецца на загадзя нявыгадныя ўмовы? Пагатоў ужо ідзе праца на будаўніцтве Балтыйскай АЭС у Калінінградзкай вобласьці і тэарэтычна беларуская АЭС будзе ёй толькі канкурэнтам.

Кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў не выключае, што падтэкст трэба шукаць у сумесным расейска-беларускім прадпрыемстве, якое мяркуецца стварыць дзеля далейшай рэалізацыі электраэнэргіі. Выгада Расеі – у манапалізацыі сфэры і "замыканьні" беларускай АЭС з Калінінградзкай:
Яны могуць нават пачаць гэтае будаўніцтва, але што будзе далей – пытаньне без адказу...


"На гэты момант вельмі шмат незразумелага, але гэта адзінае, што можа растлумачыць такое памкненьне расейскага боку накласьці лапу на беларускую атамную станцыю. З другога боку, чалавек, які ў нас называе сябе прэзыдэнтам, наўпрост сказаў, што ня будзе нікому аддаваць за проста так нашы, так бы мовіць, "залатыя фішкі", у тым ліку і будучую атамную станцыю. То бо тут ізноў жа ёсьць відавочныя няўвязкі і вельмі вялікія незразумеласьці. Для мяне прынамсі. Таму яны могуць нават пачаць гэтае будаўніцтва, але што будзе далей – пытаньне без адказу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG