Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзьверы, замкнёныя на ключы”, адмыкаюцца 15 сакавіка


Віталь Рыжкоў

Віталь Рыжкоў

15 сакавіка ў Менску ў кнігарні “логвінаЎ”, што месьціцца ў галерэі “Ў”, адбудзецца аўтограф-сэсія Віталя Рыжкова. Малады паэт сустрэнецца з чытачамі сваёй першай кнігі “Дзьверы, замкнёныя на ключы”.

Гэтая кніга мела выйсьці яшчэ залетась. Адтэрміноўку на год аўтар патлумачыў тэхнічнымі прычынамі. Леташняя затрымка здарылася ўжо з прычынаў фінансавых. Знайшліся прыхільнікі творчасьці Віталя Рыжкова, і ягоная першая кніга нарэшце пабачыла сьвет у прыватным выдавецтве І.П.Логвінава. Сёньня ўсім ахвотным “Дзьверы, замкнёныя на ключы”, адчыняць свае таямніцы.

Кнігу Віталя Рыжкова склалі два разьдзелы ўласных вершаў аўтара і адзін ягоных перакладаў з ангельскай, польскай, украінскай і амэрыканскай паэзіі. Да папяровага варыянту дадаецца дыск, зь якога гучыць непаўторная аўтарская манера чытаньня сваіх твораў і пераствораных па-беларуску вершаў Уістана Г’ю Одэна, Рышарда Капусьцінскага, Майкла Сэлінджэра ды іншых.

Малады, але ўжо досыць вядомы паэт Віталь Рыжкоў нічога адмысловага для сёньняшняй імпрэзы ня ладзіць – папросту гатовы ад 18-й да 21-й сустрэцца са сваімі чытачамі. А на пытаньне, чаму варта не прапусьціць гэткае мажлівасьці, сьціпла гаворыць:

“Па-першае, з маіх меркаваньняў – гэта цудоўная магчымасьць пабачыць аўтара, які ў дадзены момант заняты тым, што прысьвячае ўвесь свой час свайму патэнцыйнаму чытачу. Чытач можа зазірнуць у вочы аўтару, паціснуць яму руку, адразу штосьці спытаць і папрасіць падпісаць кнігу, калі гэты чытач мае давер да аўтара”.

“Дзьверы, замкнёныя на ключы” патрапілі ў шорт-ліст паэтычных выданьняў, намінаваных на прэмію “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, заснаваную сёлета Беларускім ПЭН-цэнтрам. Імя першага яе ляўрэата стане вядомае 21 сакавіка ў Міжнародны дзень паэзіі. На рашэньне журы, несумненна, паўплывае і актыўнасьць чытачоў.

Віталь Рыжкоў нарадзіўся ў Магілёве 28 красавіка 1986 году. Інжынэр-аўтамэханік паводле адукацыі, аматар вэб-дызайну, працаваў дарожным рабочым, вартаўніком, сыстэмным адміністратарам. Цяпер жыве ў Менску.

Ляўрэат прэміі часопісу “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2008), фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН-цэнтру да стагодзьдзя газэты “Наша ніва” (2006), конкурсу імя Карласа Шэрмана (2009), пераможца слэму фэстывалю “Березневі коти-4” (г. Ужгарад, Украіна). Вершы друкаваліся ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, тыднёвіках “Наша ніва”, “Новы час” ды іншых. Удзельнік літаратурных фэстываляў “Парадак словаў” (Менск, 2006 – 2010), “Кіеўскія лаўры” (Кіеў, 2008) і іншых літаратурных імпрэзаў у Беларусі, Украіне, Расеі. Перакладае з ангельскай, польскай і ўкраінскай моваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG