Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтымі днямі па Беларусі коціцца хваля забароны канцэртаў выканаўцаў, якія адкрыта не выступаюць у падтрымку дзейнага кіраўніка краіны. Учора забаранілі канцэрт у Гомелі гурту “Ляпіс Трубецкой”, у Менску ў клюбе “Рэактар” адменены выступ гурту “Нэйра Дзюбэль”.

Госьць нашага эфіру – сьпявак і музыкант Зьміцер Вайцюшкевіч. Яго канцэрт меўся адбыцца 18 сакавіка ў Берасьці, у мясцовым Тэатры лялек.

Абламейка: Як вам патлумачылі прычыны адмовы?

Вайцюшкевіч: Ніякай афіцыйнай прычыны не назвалі.

Абламейка: На вашу думку, “чорны сьпіс”, пра які цяпер так шмат гавораць і існаваньне якога адмаўляе міністэрства інфармацыі, сапраўды існуе?

Вайцюшкевіч: Напеўна нейкая паперчына ўсё ж існуе. Ходзяць чуткі, што ад Міністэрства культуры таксама пайшоў у маленечкія ўстановы культуры сьпіс непажаданых артыстаў.

Абламейка: Наколькі сур’ёзнай для вас і для іншых музыкантаў можа аказацца забарона на публічныя выступы? Гэта ж, сярод іншага, крыніца вашых даходаў.

Вайцюшкевіч: Гэта ўжо ня першая забарона. У гэтым сэнсе – я старажыл, і я ўжо прызвычаіўся. Іншае пытаньне, што для маладых гуртоў, якія нешта пачынаюць рабіць па-беларуску – гэта знак "ня суйся!". Вядома, лепш грошы зарабляць у Беларусі, але прыйдзецца рабіць нейкія праекты з замежнымі артыстамі. Статус забароненых як раз хутчэй выклікае цікавасьць за мяжой. Мы як працавалі, так і будзем працаваць. Маральна кепска. Дзяржаве жывыя героі непатрэбныя – Някляеў, Вольскі, Вацюшкевіч. Яны робяць з помпай юбілей Максіма Багдановіча і пры гэтым плююць у душу жывым.

Абламейка: Як людзі успрымаюць творчасьць беларускамоўных музыкаў?

Вайцюшкевіч: Усё нармалёва. Раней было горш.

Абламейка: Як вы зьбіраецеся працаваць і жыць ва ўмовах, калі такая забарона, той “чорны сьпіс” будуць дзейнічаць далей?

Вайцюшкевіч: Мы з 2004 году жылі неяк і будзем жыць далей. Будзем працаваць, будзем пісаць музыку пад іншымі прозьвішчамі, атрымліваць нейкія ганарары, "нэграмі", як гэта кажуць, будзем. Музыка, калі хоча, не прападзе. Магу сказаць пра сябе – у іх не атрымалася зламіць дух.

Слухаць гутарку цалкам:


Зьміцер Вайцюшкевіч: Дзяржаве жывыя героі непатрэбныя

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG