Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Беленькая: «Нашая дачка пацярпела ад гэтага рэжыму, яшчэ калі была ў маім жываце»


20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме «Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці» кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Зь сям’ёй Юрыя Беленькага я пазнаёмілася ў 2006 годзе, калі нашыя дзеці рыхтаваліся паступаць у першую клясу. Дачка Юрыя Яня і мой сын Якуб вучацца ў адным клясе беларускамоўнай гімназіі ў Менску. Цяпер ім па 10 гадоў.

Якуб Дынько і Яня Беленькая. 1 верасьня 2007 году.

Юры Беленькі, ягоная жонка Кацярына і дачка Яня — героі нашай сёньняшняй праграмы.

Юры Беленькі — адзін зь лідэраў Беларускай кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — прыклад чалавека, якому гістарычны пералом адкрываў неверагодныя кар’ерныя магчымасьці. Маючы выдатную эканамічную адукацыю, ён ужо ў сярэдзіне 80-х у 26-гадовым узросьце стаў кіраўніком фінансавага аддзелу менскага заводу «Ўдарнік». Перад ім быў просты і гладкі шлях — асьпірантура, кар’ера, прадказальнае і імклівае падвышэньне пасадаў і заробкаў. Той час сапраўды выштурхоўваў на паверхню маладых і актыўных.

Але Юры Беленькі ўзначаліў на «Ўдарніку», дзе тады працавала 2000 чалавек, суполку БНФ, у якую ўвайшло 10 чалавек, і захацеў пайсьці ў дэпутаты.

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

Юры Беленькі: «На заводзе трэціраваньне было, гэта ж усё ішло разам з КДБ. Яны выходзілі на кіраўніцтва, выходзілі наўпрост на мяне, пагражалі. Памятаю, выклікае мяне дырэктар і кажа: „Дык ты ж будзеш толькі вуліцу падмятаць“. І я вось, памятаю, дні два хадзіў, думаў — падмятаць мне вуліцу ці здацца. І калі я для сябе вырашыў, што я лепш буду вуліцу падмятаць, мне настолькі стала лёгка. І самае цікавае, што пасьля гэтага ўсе ад мяне адчапіліся».

У 1990 годзе 29-гадовы Юры Беленькі быў абраны дэпутатам у Вярхоўны і ў Менскі гарадзкі саветы. Уваходзіў у апазыцыю БНФ, дзе адказваў за пытаньні банкаўскай і фінансавай сфэры, удзельнічаў у падрыхтоўцы ўсіх эканамічных праграмаў. У яе ценевым кабінэце ўзначальваў міністэрства фінансаў.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ на вясельлі Лявонція Зданевіча. Зьлева направа: Сяргей Антончык, Ірына Голубева, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі, маладажоны Зданевічы, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі, Лявон Баршчэўскі. 1992. З архіву С.Навумчыка.

Юры Беленькі выступае на сустрэчы ў Магілёве. 1990.
Радыё Свабода: «Як вашыя бацькі паставіліся да таго, што вы такі шлях абралі?»

Юры: «Яны з разуменьнем паставіліся. Іншая справа, што быў такі эпізод. У той час выйшла інструкцыя КПБ, як узьдзейнічаць на нефармалаў. І там быў адзін з мэханізмаў узьдзеяньня — праз бацькоў. Быў такі эпізод: выклікае мяне дырэктар, так нешта мнецца, пасьля кажа: „Тваю асабовую справу паглядзеў, у цябе вось бацькі такія харошыя. Хачу з тваім бацькам паразмаўляць“. Я ўсьмешку схаваў, кажу: „Ён на дачы“. Тады ён: „Ну, як прыедзе, няхай зойдзе“.

Я прыходжу дадому, кажу: „Бацька, цябе тут „у школу“ выклікаюць. Калі будуць званіць, скажы, што цябе дома няма“. Бацька з разуменьнем паставіўся да гэтага.

Праходзіць два дні , ізноў дырэктар выклікае: „Дзе твой бацька?“ Я кажу: „На дачы“. Тады кажа дырэктар: „Я даю сваю машыну, яжджайце, прывозьце бацьку“.

Я бачу такую сытуацыю, іду ў свой аддзел, а ў мяне адны жанчыны працавалі. Кажу — так і так, „бацькоў у школу выклікаюць“. Толькі сказаў, гляджу — адна за дзьверы, другая, трэцяя. Праз пару гадзін увесь завод ужо ведаў пра сытуацыю. Пасьля гэтага пытаньне было вырашана, больш да гэтага дырэктар не вяртаўся».

Пакет дакумэнтаў, падрыхтаваных Апазыцыяй БНФ для аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. 23 жніўня 1991 г.Подпіс Ю.Беленькага — № 20. З архіву С. Навумчыка.
Радыё Свабода: «А на працы ў бацькоў былі нейкія размовы?»

Юры: «Не. Мой бацька быў кавалём, і ён ужо ў 50 гадоў зарабіў сабе пэнсію. У яго вельмі цяжкая праца было. Я быў у яго на працы: уявіце сабе — печ у 1000 градусаў, там стаяць немагчыма было, а яшчэ ж і працаваць трэба. Ён быў вельмі добрым майстрам. І сам па сабе па характары такі чалавек, што наўрад ці на яго маглі аказаць нейкі ціск».

Радыё Свабода: «А як выхоўвалася беларускасьць у сям’і?»

Юры: «Я ўжо, напэўна, сфармаваўся як беларус гадоў у 12. Я потым задумаўся, стаў аналізаваць. Беларускія кніжкі. Адчуваньне сваіх каранёў, калі я прыяжджаў на радзіму да маці, у Старобін. У вёску бацькі — у Гомельскую вобласьць. Стаў узгадваць, то для таго ўзросту, што мяне цікавілі, гэта Янкі Маўра кніжкі былі і Быкаў. Побач бібліятэка Пушкіна і школа. І калі не было трэніровак — я футболам займаўся — я адразу са школы ішоў у бібліятэку і чытаў кніжкі, ня толькі дзіцячыя, але і дарослыя».

Радыё Свабода: «Яня, а ты якія кніжкі чытаеш?»

Юрась Беленькі. 1967
Яня Беленькая: «Зараз я чытаю пра вундэркінда ці «Как я соскучился по дождику».

Радыё Свабода: «А зь беларускай літаратуры нешта чытаеш?»

Яня: «Я чытаю па-руску, каб лепш навучыцца пісаць».

Юры: «Праблемы з рускай мовай — сямёрка. А зь беларускай няма праблемаў».

Яня: «А па матэматыцы дзявятка».

Кацярына Беленькая: «Проста ўсе кніжкі добрыя — „Мах і Шэбестава“, „Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі“ і іншыя мы перачыталі, як яна, напэўна, яшчэ чытаць ня ўмела».

Яня Беленькая ў канцэртным строі.
Радыё Свабода: «Яня, а чым ты яшчэ займаесься?»

Яня: «Я хаджу на танцы. Я люблю танчыць. Яшчэ я дома люблю памаляваць. Я люблю маляваць розныя прыкметныя рэчы — Эйфэлеву вежу, піраміды…»

Радыё Свабода: «Юры, а як вашая кар’ера разьвівалася пасьля таго, як скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12 скліканьня? Як яна ўплывала на сямейнае жыцьцё?»

Юры: «Ну, а потым мяне паклікаў мой шэф і сказаў, што прыходзілі людзі зь пісталетамі, чакалі там. Правакацыі былі на тым месцы. Нават у газэтах пісалі, што быццам бы званілі з тэлефона, што замініраваны вакзал. Гэта з нашага тэлефона званілі, толькі мы былі ў гэтым офісе, а потым пераехалі ў іншы. Можа, тыдзень які разьбежка, яны ўварваліся ў той офіс, а там ужо нікога не было.

Ну, мае гавораць — гэта з-за цябе. Я кажу — не, не з-за мяне.

Ну, а потым, калі ўжо адкрыта сказалі — ці ён, ці ўвогуле структура. Я ў „Амкадор-траст“ працаваў замдырэктара. Прыйшлося сысьці цалкам і прадаць усю сваю маёмасьць, якую можна было прадаць, каб жыць. Кватэру, акцыі, будматэрыялы, усё, што за час кар’еры „бліскучай“ было нажытае…

Юры Беленькі на трыбуне Вярхоўнага Савету.

Апошняе месца, дзе я працаваў, — гэта нам. галоўнага ўрача па эканамічных пытаньнях УП „Цэнтар па дэзынфэкцыі“ з 2008 па 2010 год. А цяпер вось ізноў праблема, як знайсьці працу, бо ня так усё проста. Сытуацыя такая зараз нялёгкая. Гаворка не ідзе пра кар’еру, гаворка ідзе пра любую працу, якая б прыносіла даход. Цяпер так пытаньне стаіць. Ужо даўно для мяне такое паняцьце, як кар’ера, ня мае значэньня. Я ўжо спакойна стаўлюся, жонка, канечне, нэрвуецца».

Калёна КХП БНФ на Дзяды. 2009.

Радыё Свабода: «А чаму?»

Юры: «Як Райкін казаў — каб ты жыў на адну зарплату. Дык вось цяпер, калі мы жывем на адну зарплату, прычым зарплату жонкі, гэта вельмі цяжка».

Кацярына Беленькая: «Я лічу, што нашая Янка пацярпела ад гэтага рэжыму яшчэ ў жываце седзячы, калі я была цяжарная. Гэта быў 2000 год, калі Юру зьбілі, у яго была моцная чэрапна-мазгавая траўма. Гэта было на мітынгу 25 сакавіка. Яго забралі тады ў суботу, і ён сядзеў 3 дні без усякай мэдычнай дапамогі. У панядзелак, калі мы яго ўбачылі, у яго такія кругі чорныя пад вачыма, крывавыя.

Прывезьлі яго ў бальніцу, і там яны сталі запаўняць картку, пры якіх абставінах быў зьбіты, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Мы сталі тлумачыць, што так і так, на мітынгу, быў міліцыяй зьбіты.

І лекар тады кажа: „Мне трэба параіцца з галоўным“. Хаця быў панядзелак, гэта ўжо было пасьля суду — непрацоўны яўна час».

Ён пайшоў раіцца, прыйшоў і кажа: «Вы ведаеце, мы адпусьцім вас дамоў». Хаця да таго ён сказаў — «вы што, што вы гаворыце такое, ён можа памерці, пакуль вы яго будзеце везьці». Ён, праўда, адвёў мяне ўбок і сказаў: «Вы не глядзіце, што ён ходзіць вось у вас так на нагах, бо ЧМТ — гэта справа такая, што ён тут ходзіць, а праз тры дні можа памерці… Так што ўначы ён пакладзецца спаць, а вы кожныя пару гадзін прачынайцеся, глядзіце, ці ён жывы».

І зараз, калі Някляева зьбілі, мы вельмі перажывалі, бо ведалі сапраўды, што такое гэтая чэрапна-мазгавая траўма.

А наступны раз, напэўна, было Янцы месяцаў восем, таксама яго пасадзілі на 15 сутак, і я памятаю, што Янка тая яшчэ стаяць добра ня ўмела, мы зь ёю езьдзілі ў РУУС на Арлоўскай. Тады пазванілі, сказалі, што яму можна нешта прывезьці. І мы зь Янкай стругалі цыбулю нейкую і сала і завозілі яму.

Юры Беленькі ў камэры на Акрэсьціна. Сакавік 2000

А потым быў выпадак сьмешны, калі яго пасадзілі ў 2006 годзе. Янцы было 6 год. Мы, праўда, ёй нічога не сказалі. Сказалі, што тата зьехаў у Польшчу. А калі прыехалі сустракаць яго, напэўна, 15 сутак ён адседзеў, яна яго не пазнала«.

Юры: «А я з барадой выйшаў, барада такая адрасла за гэты час».

Вызваленьне з Акрэсьціна. Юры (другі справа) і Яня Беленькія. 2006

Радыё Свабода: «Каця, ты калі выходзіла замуж, разумела, за каго замуж ідзеш?».

Кацярына: «Разумела ж, напэўна. Але асабліва ў 19 год мазгоў, думаю, яшчэ няма».

Радыё Свабода: «Гэта ж быў 97 год, яшчэ гадоў за 5 да таго сп. Юры быў, напэўна, такі бліскучы кавалер зь неверагоднай кар’ерай, пэрспэктывамі і г.д., а вось у 97 годзе ўжо ўсё было па-іншаму».

Юры Беленькі ў сэкцыі бальных танцаў Палаца прафсаюзаў. 1988.

Юры: «Не, яна калі выходзіла, я яшчэ працаваў намесьнікам дырэктара фірмы».

Кацярына: «Ага, а адразу, як жаніўся, празь месяц ён звольніўся. А пра жаніцьбу, таксама… Мы ажаніліся, яшчэ мядовы месяц не прайшоў — і яго на 10 сутак пасадзілі з аўтаматамі таксама».

Юры: «Цікавая гісторыя была».

Кацярына: «Мы паехалі ў банк. Я засталася ў машыне, нешта прыдрамала, а ён пайшоў«.

Юры: «У свой банк, дзе завод абслугоўваўся, дзе мяне ўсе ведаюць, пачынаючы ад ахоўнікаў і сканчаючы ўпраўляючым».

Кацярына: «А справа была па 27 ліпеня, сыходзіла два месяцы па адміністрацыйнай адказнасьці».

Юры: «Яны разаслалі партрэты асабліва небясьпечных злачынцаў. І калі яны мяне бралі, яны думалі, што я — асабліва небясьпечны злачынец. Мне — наручнікі, з аўтаматамі выводзяць да маёй машыны. Я думаю — во, ёлкі-палкі, толькі пажаніліся, два тыдні прайшло, а мужыка ўжо з аўтаматамі ў наручніках выводзяць».

Радыё Свабода: «Як увогуле атрымалася, што вы пажаніліся?».

Юры: «Памочніца мая ў дэпутацкай кампаніі была».

Радыё Свабода: «А як атрымалася, што стала памочніцай?».

Кацярына: «Мы ж бегалі малыя ўва Фронт. Я тут у тэхнікуме на Чырвонай вучылася, дык мы бегалі кожную вольную хвіліну, вечарамі праседжвалі. На мітынгі хадзілі, улёткі расклейвалі. Ой, колькі мы інтэрнатаў абышлі, калі ў яго была перадвыбарчая кампанія!(рэд. — выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ў 1995 годзе). Я помню, нейкі быў чэмпіянат сьвету ці Эўропы па фігурным коўзаньні. і мне так хацелася паглядзець гэтае фігурнае коўзаньне, а замест гэтага прыходзілася зь ім па інтэрнатах цягацца, агітацыю праводзіць».

Кацярына Беленькая з дачкой Яняй, сястрой Веранікай Дзядок і яе дачушкай — Евай Харэўскай. Дзяды. 2010

Юры: «Але ж тады я выйграў, я 52% узяў. Яны што зрабілі, каб не пусьціць — штучна завысілі кворум. І афіцыйна ў газэтах пісалі, што 52%, але 60 чалавек не хапіла да кворуму. А як рабілі? Рабілі двайныя сьпісы. Прыходзіць чалавек, яму кажуць: „Вас няма ў сьпісах. Давайце дадатковы“. Мэханізмы ўжо тады адпрацоўваліся».

Радыё Свабода: «Яня пайшла ў беларускамоўную гімназію?».

Юры: «Але ж ясна, што дзіця мусіла вучыцца ў беларускай школе, тут пытаньняў не было. Цікавае было пытаньне з садком. Там нейкая рэзэрвацыя была створаная, нейкая групка недзе, і вазіць праз увесь горад было неяк… І мы вадзілі тут у бліжэйшы рускамоўны.

Кацярына: «Ну якая рэзэрвацыя, ніякая не рэзэрвацыя…»

Юры: «А як гэта назваць, калі на двухмільённы горад ствараецца адзін садок зь беларускай мовай і туды трэба вазіць? І быў выпадак. Мы з раніцы адпраўляем дзіця , я кажу: «Янечка, прыйдзеш у садок, не забудзь сказаць „добрай раніцы“ і нешта такое. А тут дзіця — і маўчыць нешта, а потым кажа: „А я ня буду“. Выхавацельніца, ня памятаю, як яе звалі, аказваецца, сказала: „Дома разговаривай на своем белорусском языке“.

Я ў гэты садок да загадчыцы. Сказаў: „Ведаеце, я былы дэпутат. Я за зьнявагу, за падрыў псыхічнага здароўя майго дзіцяці падам у суд. Вы будзеце несьці крымінальную адказнасьць!“

У яе там калаціліся рукі і ногі. Назаўтра яна сказала, што ня спала ноч з-за гэтай размовы. А выхавацельніца прапанавала мне быць беларускім Дзедам Марозам на ранішніку, а Янечцы — сьнягуркай. Далі сцэнар па-расейску, натуральна, я яго перапісаў, не паленаваўся».

Дзед Мароз і Сьнягурка — Юры і Яня Беленькія. 2005.

Радыё Свабода: «А як увогуле гадаваць цяпер дзіця ў беларускай сям’і?»

Кацярына: «Я вельмі падтрымліваю сем’і, дзе на хатняй адукацыі дзеці. Але гэта, канечне, трэба аптымальна, каб было трое-чацьвёра дзяцей, каб бацька зарабляў добрыя грошы, а ў школе гэтай рабіць няма чаго.

Юры: «Можа, прыйшла пара сапраўды структурызавацца беларускаму грамадзтву, каб навучаньне дзетак весьці — можа, па 5–10 чалавек у кватэрах, бо цяпер антыбеларуская адукацыя. Памятаю эпізод у Вярхоўным савеце: Крыжаноўскі Мікалай — наш сябра апазыцыі — прынёс падручнік, кшталту як цяпер „Мая радзіма Беларусь“. Там было такое заданьне: „Пакажы і раскажы па малюнках, як камуністычная партыя клапоціцца аб тваім жыцьці“. Ён зачытаў, там усе рагаталі. А калі ён выступаў, кажа: „Хіба ж дзіцяці трэба пра гэта распавядаць? Дзіцяці трэба пра коціка, пра сабачку…“ Дзіцяці трэба палітыку даводзіць у той ступені, у якой гэтыя веды адпавядаюць узросту. Але самы галоўны ўпор у нас у выхаваньні на тое, што ты беларуска, ты мусіш на сваёй мове гаварыць, а не на мове ворагаў, ты мусіш беларускія кніжкі чытаць, ты мусіш атрымліваць добрую адукацыю, разьвівацца».

Юры і Яня Беленькія ў Курапатах. Красавік 2006.

Радыё Свабода: «А калі вы адчулі, што вам патрэбная вера? Наколькі Яніна выхаваньне рэлігійнае?»

Юры: «Быў такі эпізод цікавы. Калі я служыў у войску, з паралельнага клясу хлопчык быў кадравы афіцэр. Ён папрасіў, каб я быў хросным бацькам. Я тады належаў намінальна да праваслаўнай царквы. Як ён зразумеў, што гэта мушу быць менавіта я?

У войску Юры Беленькі быў начальнікам фінансавай службы. Калодзішчы. 1986
У Яні выхаваньне добра ідзе. Яна ходзіць у нядзельную школу».

Кацярына: «Мы калі хрысьціліся, таксама я цяжарная была. А эвангельскія хрысьціяне хрысьцяцца поўным пагружэньнем у ваду, таму мы зь Янкай як бы разам хрысьціліся».

Радыё Свабода: «Яня, ты часта ў царкву ходзіш?».

Яня: «Кожную нядзелю».

Радыё Свабода: «А што вы там робіце?».

Яня: «Праходзім розныя тэмы зь Бібліі, розныя падзелкі робім».

Радыё Свабода: «Цікава там?».

Яня: «Вельмі».

Радыё Свабода: «А многа там дзетак?».

Яня: «Маленькіх дзетак шмат — такім, каму па 2–3 годзікі. А такіх, як я, мала».

Юры: Мы ж ходзім у беларускую эвангельскую царкву. Казаньні па-беларуску, нядзельная школка па-беларуску. У Янькі ёсьць дзіцячая Біблія, там ёсьць праграма, якую яна выконвае. Як урокі яна робіць, так яна сядае, прачытвае пэўны разьдзел, адзначае«.

Кацярына: «Я, па шчырасьці, ня ведаю, як у сучасным сьвеце бязь веры можна выхоўваць дзіця. Для мяне што вера, што мова — аднолькава. Адно без аднаго ня можа існаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG