Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сакавіка ў Менск для ўдзелу ў пасяджэньнях ЭўрАзЭС і саюзнага саўміну прыяжджае прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін. Ці едзе ён прымаць фактычную эканамічную капітуляцыю Беларусі? Якія козыры ў гандлі з Масквой мае афіцыйны Менск?

Гэтыя тэмы ў “Экспэртызе Свабоды” абмяркоўваюць палітолягі: з Менску – Андрэй Фёдараў, з Масквы – Кірыл Коктыш.

Дракахруст: Заўтра ў Менск прыяжджае прэм'ер Расеі Ўладзімер
Пуцін. Ён возьме ўдзел у пасяджэньні кіраўнікоў урадаў краін ЭўрАзЭС і ў пасяджэньні саюзнага саўміну. Гэта першы візыт аднаго з кіраўнікоў Расеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а дакладней – пасьля замірэньня 9 сьнежня. Ня менш важным зьяўляецца і эканамічны кантэкст гэтага візыту. Апошнім часам Беларусь пайшла насустрач Расеі па даволі важных пытаньнях -- гэта і продаж акцый МАЗа КамАЗу, і ўвядзеньне расейскага мыта на імпартныя аўтамабілі з 1 ліпеня. Варта прыгадаць таксама і ахавае становішча на валютным рынку.

Кірыл, як вы мяркуеце, што ў Маскве кажуць – ці выглядае гэта так, што Пуцін едзе ў Менск прымаць капітуляцыю ў Лукашэнкі?

Коктыш
: Здаецца, што недалёка ад гэтага. На вачах двухбаковая залежнасьць Беларусі ад Расеі і Расеі ад Беларусі ператвараецца ў аднабаковую – Беларусі ад Расеі. Расея завяршае будаўніцтва БТС-2, праз ь які ў абыход Беларусі пойдзе частка нафтавага транзыту, і "Паўночнага патоку", празь які ў абыход Беларусі пойдзе частка газавага транзыту. У наступным годзе Беларусь рызыкуе страціць да траціны свайго бюджэту. І гэта будуць стасункі не паміж роўнымі
У ролі слабага ўпершыню за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі павінна будзе апынуцца Беларусь.
гульцамі, як гэта было раней, а паміж моцным і слабым. І ў ролі слабага ўпершыню за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі павінна будзе апынуцца Беларусь.

Дракахруст: Кірыл, але завяршэньне будаўніцтва гэтых прадуктаправодаў адбудзецца толькі напрыканцы гэтага году. А ў цяперашняй сытуацыі – ці такія ўжо кепскія пазыцыі беларускага боку?

Коктыш: Сёньня пазыцыі яшчэ някепскія. Кепскімі яны стануць праз пэўны час. Расея магла б і зараз падштурхнуць цяжкасьці і выклікаць валютную паніку, але наўрад ці яна будзе гэта рабіць.

У Беларусі, а дакладней, асабіста ў Лукашэнкі ёсьць яшчэ адзін козыр – ён можа гандляваць сваім уплывам у Расеі, прадаваць свой уплыў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2012 году. Гэта, здаецца, тое пытаньне, па якім Аляксандар Рыгоравіч паспрабуе дамовіцца з Масквой, маўляў, я ня буду перашкаджаць вам праводзіць чарговую выбарчую кампанію, але што ўзамен вы пакладзяце на стол? Такі гандаль можа мець месца і тут пазыцыі прыкладна роўныя. Але абодва бакі ведаюць, што заўтра становішча стане горшым для Беларусі.

Дракахруст: Андрэй, развагі пра тое, што Лукашэнку капец, што яго прыціснулі да сьценкі, часта гучалі і раней. Але ён неяк з гэтых сытуацый выкручваўся. Ці такая ўжо кепская сытуацыя зараз? Ці можна будзе адкупіцца "малой крывёй", аддаўшы, скажам, МАЗ?

Фёдараў
: Можна пагадзіцца з тым, што сытуацыя пакуль не крытычная. Але яна робіцца ўсё цяжэй і цяжэй. І мы бачым, што Масква пакуль не ідзе на саступкі. Нават у тых дамовах па Адзінай эканамічнай прасторы, якія беларускі бок разглядаў, як выйгрышныя для сябе, знайшліся схаваныя неспрыяльныя пункты. Я маю на ўвазе прэмію ў 46 даляраў за тону нафты. Летась у нас адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда было амаль 10 млрд. даляраў, і пераважна гэта расейскія энэрганосьбіты. Па газу сёлета цана газу засталася такая, якой яна была вызначаная, нягледзячы на тое, што напрыканцы студзеня Мясьніковіч сустракаўся з Пуціным у Маскве і вельмі прасіў кошт зьнізіць, але атрымаў адмоўны адказ.

Ціск Масквы ўзмацняецца і па іншых накірунках, пераважна эканамічных. Колькі гаварылася, што мы не аддадзім МАЗ, а зараз гэта, здаецца, амаль вырашанае пытаньне. Ёсьць і палітычны ціск: прэзыдэнт Мядзьведзеў ці сам ці праз МЗС нагадвае, што ў Беларусі з правамі чалавека ня ўсё добра. Я ня думаю, што падчас менавіта гэтага візыту будзе падпісаная капітуляцыя, але гэта будзе працяг ціску, будуць размовы пра перадачу Расеі іншых смачных кавалкаў беларускай эканомікі. Я ня думаю, што беларускаму боку будзе зручна выходзіць з гэтай сытуацыі, бо ня вельмі вялікі давер ён мае з боку Масквы.

Дракахруст: Андрэй, Кірыл ужо пачаў гаварыць пра пэўны козыр, які ёсьць у беларускага кіраўніка – гэта ўдзел (ці няўдзел) у расейскай выбарчай кампаніі. Пэўны час таму Лукашэнка выразна гуляў на баку Мядзьведзева, а пра Пуціна казаў рэзкія і непрыемныя рэчы. А зараз дэкарацыі памяняліся і ў інтэрвію Washington Post Лукашэнка не шкадаваў хваласьпеваў на адрас Пуціна.

Ці шмат можа тут найграць Лукашэнка?

Фёдараў: Я ня думаю, што ў беларускага кіраўніцтва ёсьць нейкі значны ўплыў на тое, што адбываецца і будзе адбывацца ў Расеі. Паміж дуумвірамі ёсьць пэўныя рознагалосьсі, але не па беларускім пытаньні.

У гэтым сэнсе яны паводзяць сябе аднолькава і будуць працягваць гэтую ўзгодненую палітыку.
Лукашэнка можа згуляць на супярэчнасьцях паміж Захадам і Расеяй у ваеннай сфэры.


Можна, праўда, назваць яшчэ адзін аспэкт, які можа згуляць. Дзён 10 таму дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан абвясьціла аб намеры Вашынгтона перавесьці ў Польшчу дзьве эскадрыльлі зьнішчальнікаў F-16. Масква ставіцца да гэтай ідэі вельмі адмоўна, прадстаўнік Расеі пра НАТО Дзьмітры Рагозін ужо выказаў незадавальненьне. Я не выключаю, што беларускі бок будзе спрабаваць згуляць на гэтым, як ён гэта пасьпяхова рабіў у папярэднія часы. Ці шмат на гэтым Беларусь выйграе зараз – цяжка сказаць, але можна не сумнявацца, што гэтае пытаньне хутка будзе ўзьнятае.

Дракахруст: Кірыл, а якая ваша ацэнка -- ці атрымаецца ў Лукашэнкі нагуляць нешта на расейскіх выбарах і на супрацьстаяньні паміж Расеяй і Захадам?

Коктыш: Што тычыцца шанцаў нагуляць на расейскай выбарчай кампаніі, то яны невялікія, я б іх ацэньваў у 20-30%. Але па астатніх накірунках шанцы яшчэ менш. Так што я прадбачу, што Аляксандар Рыгоравіч паспрабуе згуляць на выбарах 2012 году ў Расеі, прычым гэта будзе гульня не з Пуціным супраць Мядзьведзева і не з Мядзьведзевым супраць Пуціна, а гульня за самога сябе, па прасоўваньні сябе як альтэрнатывы.
Аляксандар Рыгоравіч паспрабуе згуляць на выбарах 2012 году ў Расеі.


І расклад для гэтай гульні можа быць спрыяльным, бо сёньня папулярнасьць і Мядзьведзева, і Пуціна даволі невысокая.

Дракахруст: Кірыл, я не зусім вас разумею. Лукашэнка – грамадзянін Беларусі, Расея – замежная краіна. Як ён там можа згуляць за сябе?

Коктыш: Ён можа прасоўваць сябе як саюзную альтэрнатыву. Сёньня ў Расеі зьніжэньне ўзроўню жыцьця, стома ад існага кіраўніцтва, стома ад рэчаіснасьці, якая ёсьць. Дэстабілізаваць сытуацыю ў Расеі цяжка, але ўжо магчыма. Яшчэ нядаўна было немагчыма, а зараз у прынцыпе магчыма. Масква будзе крыху перасьцерагацца такой гульні Лукашэнкі і яна будзе ці гандлявацца, каб Лукашэнка ня ўмешваўся ў расейскія
Дэстабілізаваць сытуацыю ў Расеі цяжка, але ўжо магчыма.
выбары, ці яна будзе ціснуць, каб вырашыць гэтую праблему да таго, калі беларускі прэзыдэнт аб такой магчымасьці задумаецца.

Мне здаецца, што больш верагодны другі варыянт – гульня апярэджаньне.
Што тычыцца магчымасьці згуляць на ваенных супярэчнасьцях Захаду і Расеі, то тут шанцаў мала. Сёньня, калі заключаецца альянс паміж British Petroleum і "Роснафтай", гэта азначае, што цяперашняе расейскае кіраўніцтва вырашыла ўсе свае праблемы з Захадам. Гэта тая зьдзелка, якая будзе задаваць канфігурацыю новага парадку рэчаў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG