Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ляўрэаты Прэміі свабоды Атлянтычнай рады


Шэраг грамадзкіх арганізацый Беларусі намінаваныя на Прэмію свабоды Атлянтычнай рады. Сярод іх — праваабарончы цэнтар «Вясна» і калектыў «Свабоднага тэатру», а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У лісьце кіраўніка Атлянтычнай Рады Фрэдэрыка Кэмпа на імя старшыні БАЖ Жанны Літвіной, у прыватнасьці, гаворыцца:

«Атлянтычная рада, яе праўленьне і Міжнародны дарадчы камітэт адзначаюць вашу арганізацыю за яе мужную барацьбу за правы чалавека і свабоду слова ў Беларусі. Прызнаньне Беларусі ў гэты важны і складаны час узмацняе нашу веру ў тое, што Атлянтычная супольнасьць павінна абараняць свабоду, дзе б і калі б яна ні апынулася пад пагрозай. Наш голас павінен быць супольным, калі такія грубыя парушэньні правоў чалавека адбываюцца ў межах Эўропы».

Беларускія арганізацыі-ляўрэаты Прэміі свабоды Атлянтычнай рады будуць уганараваныя падчас Сусьветнага форуму, які пройдзе 9-11 чэрвеня ў польскім Вроцлаве. Форум зьбярэ некалькі соцень вядучых эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў і аналітыкаў.

Атлянтычная Рада запачаткаваная паўстагодзьдзя таму ў ЗША і аб’ядноўвае шэраг грамадзянскіх ініцыятыў, якія падтрымлівалі Атлянтычны альянс. Яна займаецца пытаньнямі міжнароднай палітыкі і бясьпекі, эўрапейскай інтэграцыі.

Прэмія свабоды Атлянтычнай рады ўручаецца з 2009 году. Першымі гэтую ўзнагароду атрымалі дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан, міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, былыя кіраўнікі Польшчы і Чэхіі Лех Валенса і Вацлаў Гавал. Летась прэмію ўручылі экс-прэзыдэнту Польшчы Аляксандру Квасьнеўскаму, кіраўніку Эўрапарлямэнту Ежы Бузэку, былому высокаму прадстаўніку Эўразьвязу Хаўеру Саляну і кубінскай арганізацыі «Жанчыны ў белым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG